Телятницы Нина Потас и Нина Дранкович из МТФ «Глинное» «болеют» за своё дело

a-239Прафесія жывёлавода раней была папулярнай, запатрабаванай і разам з тым вельмі працаёмкай і клопатнай. Не кожны мог вытрымаць такі распарадак рабочага дня, калі на ферме патрэбна сустракаць і світанкі, і заходы сонца. Але час дыктуе свае ўмовы. Зменшылася колькасць малочнатаварных фермаў і комплексаў, практычна не засталося ў вёсках моладзі, ды і тая не асабліва імкнецца працаваць у жывёлагадоўлі. Таму зараз асноўны касцяк калектываў складаюць вопытныя, загартаваныя, правераныя кадры. Такія, як дзве Ніны – Потас і Дранковіч, цялятніцы з малочнатаварнага комплекса “Гліннае” ААТ “Таргуны” (на здымку злева направа), якіх мы сфатаграфавалі, калі яны, ужо падрабіўшыся, накіроўваліся з фермы дадому. Загадчыца МТК Людміла Вараб’ёва ў адрас сваіх работніц выказвае толькі добрыя словы:

– Самыя надзейныя, самыя руплівыя, самыя адказныя. Ніякага кантролю за імі не патрэбна, бо працуюць сумленна і душой за справу хварэюць.

“Фронт работы” жанчын можна назваць перадавой: пад іх апекай знаходзяцца цяляты ад малочнага ўзросту (як толькі пераводзяцца з асобных боксаў) да 4-х месяцаў. Па 160 галоў у кожнай! Вопытныя цялятніцы – гэта як клапатлівыя нянечкі ў дзіцячым садку. Малышы ў жывёлы, як і ў людзей, і хварэюць, і капрызяць, і сваволяць. А яшчэ – хочуць увагі і ласкі. Ад тых, хто іх даглядае, многае залежыць. І ад таго, які догляд атрымае цялятка ў пачатку жыцця, залежыць прадукцыйнасць жывёліны ў далейшым. Колькі лабатых бычкоў і вірлавокіх цялушак выгадавалі жанчыны, палічыць не так і проста. Калі б сабраць тых цялят, якія прайшлі праз іх рукі, атрымаўся б, мабыць, велізарны статак. Ніна Потас на комплексе без малога тры дзесяцігоддзі, з 1989 года, неаднаразовая пераможца раённых спаборніцтваў сярод аператараў па дарошчванні маладняку БРЖ. Ніна Дранковіч раней працавала санітаркай у ФАПе, цялятак глядзіць восем гадоў, па працавітасці і адказнасці не адстае ад сяброўкі і калегі, за што занесена на Дошку гонару гаспадаркі.

За доўгія гады жанчыны прызвычаіліся і да распарадку, і да ўмоў працы, якія, вядома, лёгкімі не назавеш. Практычна ўсё даводзіцца выконваць уручную. Цялятам, якія знаходзяцца ў клетках-секцыях па 12-13 галоў адпаведна з узростам, неабходна двойчы ў дзень раздаць муку, камбікорм і сена, сачыць за наяўнасцю солі і мелу, наліваць ваду шлангам. Выпайванне – асобная тэма: малако або зацірку дзве Ніны возяць тачкай. Кожнай, каб адзін раз напаіць сваю групу жывёлы, патрэбна больш за 400 літраў малочнай сумесі. Але працаўніцы сцвярджаюць, што нічога асабліва цяжкага і непасільнага ў іх рабоце няма, бо вопыт і навыкі дазваляюць аптымальна арганізаваць пра­цэс, без мітусні і лішніх рухаў. Ды і маральнае задавальненне заўсёднае: цяляты, як дзеці, горнуцца да сваіх клапатлівых “мам”, радуюцца іх прыходу. А ў жанчынах самой прыродай закладзена: любіць, шкадаваць, ахвяраваць, клапаціцца.

Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *