Главный праздник — 73-ю годовщину Великой Победы отпраздновали в Докшицах
Урачыста, светла, сонечна наша краіна адзначыла галоўнае свята – 73-ю гадавіну Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Урачыстыя мерапрыемствы з гэтай нагоды ў нашым раёне пачаліся з ускладання кветак і вянкоў на мемарыяльным комплексе “Праклён фашызму” ў Шунеўцы. У Докшыцах яны былі ўскладзены да брацкай магілы ваеннапалонных, да помнікаў “Ахвярам фашызму”, воінам 277-й стралковай дывізіі, воінам-інтэрнацыяналістам, воінам, што загінулі ў мірны час.
На плошчы Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога, дзе сабраліся па-святочнаму прыбраныя гараджане, адбыўся ўрачысты мітынг. Па-сапраўднаму майскае цёплае надвор’е, што выдалася ў гэты дзень, надавала яшчэ большую веліч святу.
– Вялікая Перамога вельмі дорага каштавала савецкаму народу, – сказаў падчас мітынгу старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Тысячы землякоў загінулі на вайне, спалена каля сотні вёсак. Мы нізка кланяемся ўсім ветэранам – удзельнікам баявых дзеянняў і працаўнікам тылу – за мужнасць і гераізм, за вялікі подзвіг. Менавіта гэтыя якасці трэба выхоўваць у нашых дзяцей, якім будаваць сёння моцную і незалежную Беларусь, каб памяць пра подзвіг народа перадавалася з пакалення ў пакаленне.
Кіраўнік раёна павіншаваў усіх са святам, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба.
Дакшычане аддалі даніну памяці тым, хто заваяваў Перамогу. Загінулым воінам была ўскладзена гірлянда Славы, кветкі. Ганаровая варта замерла ля памятных пліт, устаноўленых на пахаванні салдат і партызан.
Па вуліцы Ленінскай да плочшы Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога ў рамках акцыі “Бессмяротны полк” з партрэтамі сваіх родных, што загінулі ў гады вайны, прайшлі школьнікі. Гэта акцыя даўно набыла сусветны маштаб і да яе далучаюцца ўсё новыя і новыя краіны. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, каму не наканавана было сустрэць квітнеючую вясну 45-га.
Успаміны пра той час у гэты дзень прагучалі ад ветэрана Валянціна Якушэўскага. Валянцін Іванавіч прыгадаў старонкі з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: разбураныя гарады, баявы дух народа і, канечне, Вялікую Перамогу. Ад імя ўсёй моладзі раёна словы ўдзячнасці пераможцам выказала настаўніца СШ № 2 Вікторыя Ждановіч, якая паабяцала свята захоўваць і шанаваць гераічныя традыцыі продкаў.
Пасля завяршэння мітынгу свята прадоўжылася ў ККЗ “Іскра”, дзе адбыўся тэатралізаваны канцэрт, падрыхтаваны работнікамі культуры. У гэты час ля гарадскога Цэнтра культуры ладзілася святочная праграма, у якой прадэманстравалі свае таленты шматлікія дзіцячыя калектывы. Тут таксама працавалі гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі. Работнікі дзіцячай бібліятэкі запрашалі хлопчыкаў і дзяўчынак да ўдзелу ў цікавых забавах, а Цэнтра дзяцей і моладзі, акрамя гульняў, прапаноўвалі пачаставацца салодкімі прысмакамі.
Увечары адбыўся вялікі святочны канцэрт, а ў 22 гадзіны неба над Докшыцамі, як і над усёй Беларуссю, расквецілі рознакаляровыя агеньчыкі святочнага салюту.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.