Непреодолимый барьер ставит вирусам на Докшицком хлебозаводе инженер-радиолог-микробиолог Ирина Малашонок
Докшыцкія хлебапёкі здавён славіліся сваім асартыментам і майстэрствам. У канцы 60-ых, калі прадпрыемства далучылі да ПА “Віцебскхлебпрам”, у яго асартыменце быў толькі фармавы хлеб і некаторыя хлебабулачныя вырабы. Зараз завод выпускае больш за 40 найменняў прадукцыі, якая вызначаецца выдатнымі смакавымі якасцямі і карыстаецца папулярнасцю нават у сталіцы. Завод аснашчаны сучасным абсталяваннем, працуе па заяўках, якія дае гандаль, таму на паліцах у магазінах нашага раёна заўжды свежы і духмяны хлеб, кандытарскія вырабы. Работнікі прадпрыемства цешаць землякоў навінкамі: асартымент выпускаемай прадукцыі пастаянна абнаўляецца.
Поспех у любой справе, як вядома, залежыць найперш ад чалавечага фактару. У гэтым упэўнены і дырэктар хлебазавода Аляксей Байкоў, які адзначае, што ў калектыве няма выпадковых людзей: кожны работнік добрасумленна, адказна, а дзе патрэбна, і творча адносіцца да справы. Сярод такіх – інжынер-радыёлаг-мікрабіёлаг Ірына Малашонак (на здымку). Назва прафесіі гучыць значна, самавіта і таямніча. Каб даведацца, што за ёй хаваецца і якія абавязкі выконвае той, хто яе набыў, і сустрэліся з Ірынай Генадзеўнай.
– У свой час я закончыла Магілёўскі тэхналагічны інстытут і адпрацоўваць набытыя веды прыехала ў Бягомль. Праз год, у 1995-ым, прыйшла на хлебазавод у Докшыцы і з тае пары новых запісаў у працоўнай кніжцы не маю, – распавядае суразмоўца. – Хутка ўжо чвэрць стагоддзя будзе маёй дзейнасці на прадпрыемстве, якое ўсёй душой люблю.
Кабінетаў у інжынера, што “па сумяшчальніцтве” яшчэ і прыгожая, абаяльная і прыязная жанчына, некалькі. Адзін з іх – пост радыяцыйнага кантролю: Ірына Генадзеўна штодзённа займаецца праверкай сыравіны і ўсёй прадукцыі, на радыяцыю, у асноўным, на ўтрыманне цэзію. Працоўны ж дзень яна пачынае як мікрабіёлаг, у цэхах, з узяцця проб кандытарскай прадукцыі для праверкі на кішачную палачку і стафілакок, а таксама хлеба і хлебабулачных вырабаў – на бульбяную хваробу. Ірына Генадзеўна адзначае, што за ўсе гады з апошняй не давялося сутыкнуцца ні разу, а выпадкі знаходжання той жа кішачнай палачкі настолькі рэдкія, што іх можна пералічыць па пальцах. У гэтым, вядома, заслуга работнікаў цэха, якія строга захоўваюць санітарныя нормы і выконваюць усе тэхналагічныя патрабаванні.
Ірына Малашонак за шматгадовую добрасумленную працу мае шэраг грамат і падзяк прафкама прадпрыемства. Але, як заўважае старшыня прафсаюзнага камітэта Наталля Онухава, яна вызначаецца не толькі сваёй кампетэнтнасцю, адказнасцю, дысцыплінаванасцю, але яшчэ і актыўным удзелам у грамадскім жыцці хлебазавода. На раённых спаборніцтвах санітарных звенняў яна неаднаразова атрымлівала дыпломы як лепшая сандружынніца. У конкурсе “Таленты Докшыччыны” выступае як у ролі вядучай, так і чытальніцы. Патрэбна паехаць на турыстычны злёт у складзе каманды – з задавальненнем. Вельмі запатрабаваны на прадпрыемстве яе здольнасці да малявання, лепкі з салёнага цеста. А яшчэ яна з’яўляецца там добраахвотным майстрам па азеляненні – калегі і жартам, і ўсур’ёз сцвярджаюць, што жанчына “загубіла” ў сабе выдатнага агранома. Увогуле, яна з той катэгорыі людзей, кола інтарэсаў якіх вельмі шырокае, а ўменне арганізаваць свой дзень, каб усюды паспяваць, выключнае. Ірына Генадзеўна як сапраўдная вяскоўка – нарадзілася і вырасла ў Таргунах – не можа без падсобнай гаспадаркі, без усялякай жыўнасці на двары, без кветак і саду. І пры такім насычаным тэмпе жыцця знаходзіць хвілінку для добрай кнігі і яшчэ аднаго захаплення – вязання.
– Не памылілася з выбарам: у мяне цудоўнае месца работы, – гаворыць інжынер-радыёлаг-мікрабіёлаг Ірына Малашонак. – Нездарма і сын Ігар таксама прыйшоў працаваць на хлебазавод. Так што ўжо можна гаварыць пра зараджэнне працоўнай дынастыі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.
Побольше бы таких работников на всех предприятиях.
Здоровья вам, благополучия, успехов на вашем тяжёлом, но благородном поприще!