Почему областной семинар по благоустройству провели в Докшицком районе?

img_4516Абласны семінар кіруючых кадраў “Аб практыцы работы Докшыцкага райвыканкама па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі ад 23 лютага 2012 года № 100 і правядзенні работ па добраўпарадкаванні” прымаў на бягучым тыдні наш раён. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта Беларусі – інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін, старшыні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў і Саветаў дэпутатаў Прыдзвіння, главы адміністрацый раёнаў г.Віцебска, кіраўнікі абласных службаў, у кампетэнцыі якіх знаходзяцца пытанні добраўпарадкавання.
Работу семінара распачало пленарнае пасяджэнне, падчас якога пра меры, якія прымаюцца па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна паведаміў старшыня райвыканкама Алег Пінчук.

– Як сведчыць шматгадовая практыка, адной з самых дзейсных форм работы з’яўляецца правядзенне Дня сельсавета, калі даецца аб’ектыўная ацэнка дзейнасці ўлады на месцах, – сказаў Алег Леанідавіч. – Да яго правядзення падыхо­дзім комплексна. Рыхтуецца відэафільм, які адлюстроўвае станоўчыя і адмоўныя прыклады добраўпарадкавання населеных пунктаў, уключэння ў севазварот зямельных участкаў. Кіраўнікі службаў раёна ў кожным населеным пункце сельсавета праводзяць прыёмы грамадзян, на якіх прысутнічаюць старэйшыны. Адбываецца аб’езд тэрыторыі сельсавета па пэўным маршруце. Аб стане спраў паведамляюць старшыня сельвыканкама, кіраўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, санітарнай і землеўпарадкавальнай службаў, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзела ўнутраных спраў і аддзела па надзвычайных сітуацыях. Па выніках мерапрыемства распрацоўваецца план кантролю паступіўшых зваротаў грамадзян. У мінулым годзе было праведзена 11 Дзён сельсаветаў, падчас якіх паступіла і тэрмінова выканана 87 зваротаў грамадзян. Сёлета ўжо прайшло чатыры Дні сельсавета, да ўлады быў адрасаваны 41 зварот.
На думку кіраўніка раёна такая форма работы дазваляе валодаць сітуацыяй спраў у рэгіёне і своечасова прымаць меры па вырашэнні канкрэтных пытанняў жыццезабеспячэння грамадзян.
Сённяшнія рэаліі такія, што коль­касць насельніцтва ў сельскай мясцовасці з кожным годам памяншаецца, аддаленыя вёскі пустуюць ці налічваюць па некалькі жыхароў і ўсё больш пабудоў застаюцца без гаспадароў. У сувязі з гэтым у раёне праводзіцца значная работа па рэалізацыі Указа №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і трухлявых пабудоў у сельскай мясцовасці”. Як адзначыў Алег Леанідавіч, з моманту дзеяння Указа ў сельскіх населеных пунктах Докшыцкага раёна было выяўлена 1710 пустыя і 543 трухлявыя хаты. Зараз, па стане на 1 чэрвеня іх налічваецца 287 і 54 адпаведна.
Указам №100 дакладна вызначаны алгарытм дзеянняў па выяўленні і ўліку пустога і трухлявага жылля. Пры райвыканкаме створана камісія, якая вядзе рэгістр уліку пустых дамоў. Асноўны цяжар работы ўскладзены на сельвыканкамы, спецыялісты якіх займаюцца пошукам гаспадароў, накіроўваюць ім прадпісанні, сочаць за іх выкананнем. За пяць месяцаў бягучага года ад ўладальнікаў
49 пустых дамоў атрыманы адказы аб намеры выкарыстоўваць іх для пражывання. Аднак, часам уласнікі не прымаюць ніякіх мер па навядзенні элементарнага парадку ні ў доме, ні на тэрыторыі вакол яго. У такім выпадку да іх прымаюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Да прыкладу аддзеламі ўнутраных спраў па вобласці па арт. 21.14 КаАП (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў) у мінулым годзе да адказнасці было прыцягнута 302 грамадзяніна, у тым ліку 158 ці 52 працэнты ў Докшыцкім раёне. Аднак гэта крайняя мера. У большасці сітуацый пасля тлумачальнай работы насельніцтва наводзіць і падтрымлівае парадак на сваёй тэрыторыі добраахвотна.
Праблемныя пытанні
У сваім дакладзе кіраўнік раёна Алег Пінчук агучыў і шэраг праблемных пытанняў, вырашэнне якіх выходзіць за межы кампетэнцыі мясцовай улады. Напрыклад, часам уласнікі “праблемных” дамоў знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, на доўгатэрміновым лячэнні ва ўстановах аховы здароўя ці сацыяльных ложках. Чаму б як выйсце з сітуацыі, лічыць кіраўнік раёна, не забіраць хаця б зямельны ўчастак, які быў колісь выдзелены для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі з наступным увядзеннем яго ў севазварот.
Яшчэ адна сітуацыя – адсутнасць уласніка ці спадчынніка. Рашыць лёс пабудовы, якая засталася без гаспадара (незалежна ад яе стану) – задача не з лёгкіх і цягне за сабой безліч юрыдычных дзеянняў.
За перыяд дзеяння Указа № 100 у рэгістр уліку пустых і трухлявых пабудоў унесена 25 дамоў. У адносінах 21 домаўладання пададзены іскавыя заявы ў суд аб прызнанні іх безгаспадарнымі. Толькі пакет падрыхтаваных дакументаў па розных бюракратычных прычынах раз за разам можа вяртацца на дапрацоўку. А таму, на думку выступоўцы, было б мэтазгодна сумесна з прадстаўнікамі судовай сістэмы хаця б час ад часу праводзіць семінар-вучобу для прадстаўнікоў сельвыканкамаў.
З мэтай навядзення парадку на зямлі за кожным населеным пунктам раёна замацаваны дэпутаты райсавета, а таксама арганізацыі і ўстановы. Працоўныя калектывы выязджаюць у вёскі, каб аказаць дапамогу па абкошванні тэрыторый, зносе пабудоў, разборцы фундаментаў, высечцы кустоўя. Найбольшы аб’ём работ па добраўпарадкаванні выкананы такімі арганізацыямі як РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, ААТ “Докшыцкі рай­аграсэрвіс”, УП “Віцебскторф”, Докшыцкае ПМС, ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”.
Выступоўца зазначыў, што высечка кустоўя – гэта дадатковая магчымасць для нарыхтоўкі мясцовага паліва арганізацыямі, для ўласных патрэб. Такім спосабам сёлета нарыхтавана ўжо каля 1000 кубаметраў дроў. Але ж і тут ёсць недахоп: адсутнасць дазваляльнай заканадаўчай базы на дадзеныя віды работ. Згодна з артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце” выдаленне аб’ектаў расліннага свету можа ажыццяўляцца на падставе праектнай дакументацыі, дазволу мясцовага аргана ўлады, заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным і г.д. Такая мера, на думку старшыні райвыканкама, найбольш актуальна для буйных населеных пунктаў і лесапаркавых насаджэнняў, а не аддаленых вёсак, дзе зямельныя ўчасткі зарастаюць кустоўем і не могуць выкарыстоўвацца па прызначэнні. Аналагічная праблема ўзнікае і пры выдаленні драўняна-хмызняковай расліннасці абапал дарог. Часам дахо­дзіць да абсурднага: адным ёсць прычына нічога не рабіць, а другім – караць за гэта.
Уздымалася і пытанне абслугоўвання шахтавых калодзежаў. Так, на балансе камунальнікаў раёна іх знаходзіцца 44. Утрыманне калодзежаў у належным стане патрабуе вялікіх грашовых сродкаў. Разам з тым, з пачатку 2018 года водазабеспячэнне не з’яўляецца накірункам дзейнасці РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. У сувязі з гэтым мэтазгодна перадаць калодзежы прадпрыемству “Віцебскводаканал”.
А як на практыцы?
Як пытанні добраўпарадкавання вырашаюцца на практыцы ўдзельнікі семінара ўбачылі падчас наведвання розных аб’ектаў і населеных пунктаў раёна. Першым на маршруце стаў парк адпачынку “Заазёрны”, дзе найбольшую ўвагу прысутных прыцягнуў “Вяровачны гарадок”. Дзетвара, не зважаючы ўвагі на прадстаўнічую дэлегацыю, асвойвала паветраныя трасы, а прысутныя з захапленнем назіралі і, здавалася, пераймалі азарт малечы. Як было адзначана, падобны аб’ект – гэта ўдалы прыклад таго, як сродкі, заробленыя на суботніку можна ўкласці ў добрую справу.
Наступныя пункты прыпынку былі выбраны далёка не па прынцыпе прадэманстраваць толькі ўсё лепшае. Арганізатары паказалі, як пытанне добраўпарадкавання вырашаецца ў невялікіх, аддаленых ад цэнтральных трас населеных пунктах.
І першым з іх стала вёска Пасекі Докшыцкага сельсавета, старшыня якога Анатоль Сценнік паведаміў, што ў гэтым населеным пункце некалі налічвалася шэсцьдзесят дамоў, зараз – дзесяць. Астатнія – знесены. Тэрыторыі знесеных домаўладанняў уключаны ў севазварот. Вёска, зразумела, не преспектыўная, але дзякуючы своечасовай рабоце па навя­дзенні парадку на зямлі, – не выглядае зонай адсялення. Падобныя прыклады прыводзіла і старшыня Параф’янаўскага сельсавета Галіна Азарэвіч падчас аб’езду вёсак Целяшы, Струкі, Вознаўшчына, Бартламеяўцы, Юркаўшчына, Грынеўшчына і іншых.
Па ўсім маршруце, абапал вясковых дарог, рабочымі арганізацый раёна вялася высечка кустоўя, якое адразу на месцы адпраўлялася на перапрацоўку шчэпкадрабнілкай. І гэта яшчэ адзін спосаб добраўпарадкавання з карысцю: не толькі праводзіць ачыстку тэрыторыі, але і нарыхтоўваць мясцовае паліва.
Дарэчы, як адзначыла Галіна Іванаўна, на тэрыторыі сельсавета наладжана цесная работа з мясцовай гаспадаркай і арганізацыямі сацыяльнай сферы. Дзякуючы гэтаму былі выкарчаваны здзічэлыя недагледжаныя сады, кустоўе, а зямля, якая вызвалілася – перададзена сельгаспрадпрыемству ААТ “Докшыцкі рай­аграсэрвіс”, узорную мехмайстэрню якога наведалі ўдзельнікі семінара.
Завяршальным пунктам маршрута стаў мемарыял “Праклён фашызму. Як зазначыла старшыня райсавета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, гэта месца памяці і смутку, прыклад таго, што пытанні добраўпарадкавання не мяжуюцца толькі тэрыторыямі населеных пунктаў. Увагі патрабуюць грамадскія могілкі, брацкія магілы ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, помнікі, мемарыяльныя комплексы. І прыклад належных адносінаў да памяці – зямля спаленай разам з жыхарамі і не адноўленай пасля вайны Шунеўкі. Затым удзельнікі семінара сталі сведкамі тэатралізацыі падзей трагічнага і апошняга для вёскі дня мая 1943 года, назіраць за якімі абыякава – немагчыма. Ужо потым, калі госці вярталіся да аўтобусаў, у натоўпе чуліся разважанні пра тое, што здаецца і чыталі пра вайну і чулі, аднак такога моцнага ўражання, як пасля візуалізацыі падзей, не было. Гэты заключны акорд мерапрыемства замацаваў выснову, што навядзенне парадку на зямлі – гэта прыярытэт мясцовай улады дзеля дастойнай будучыні нашчадкаў пад мірным небам Беларусі.
Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *