В ККЗ «Искра» открылась выставка докшичанина Анатолия Коляды

img_9292У кінаканцэртнай зале “Іскра” распачала сваю дзейнасць выстава старадаўніх прадметаў “Тайны старога гарышча” з асабістай калекцыі дакшычаніна Анатоля Каляды. 

Сярод экспанатаў – гадзіннікі мінулага стагоддзя, патэфоны, радыёлы, бабінныя магнітафоны і іншыя рэчы, якія атрымалі сваё другое жыццё дзякуючы захапленню Анатоля Міхайлавіча калекцыяніраваннем.
– Яшчэ ў юнацтве меў вялікія альбомы, паўнюткія паштовых марак і этыкетак ад пачак запалак, – успамінае суразмоўца. – Думаю, што любоў да збіральніцтва ў мяне ад дзеда, у якога кожная рэч атрымлівала новае жыццё. Пачаткам менавіта гэтай калекцыі лічу насценны гадзіннік “Леон Парыж” французскай вытворчасці дзесьці 1910 года выпуску, які трапіў у рукі ў 1975 годзе. Пасля з’явіўся нямецкі “Густаў Бекер”. На сённяшні дзень вялікіх гадзіннікаў у мяне больш за дваццаць. Ёсць з боем, з зязюлямі. Самымі дарагімі назаву тыя, якія вырабляў сваімі рукамі ў падарунак блізкім і родным людзям: жонцы, сыну і дачцэ. Яшчэ адзін самаробны гадзіннік упрыгожвае докшыцкі касцёл. Дарэчы, эскізы да гэтых работ маляваў мой добры сябра, вядомы мясцовы мастак Віктар Гарбачоў. Ён жа навучыў разьбе па дрэве, што дапамагло мне зрабіць корпусы для гадзіннікаў.
– Нашаму сумеснаму жыццю вось ужо 36 гадоў, – расказала на адкрыцці выставы жонка Анатоля Каляды Таццяна Уладзіславаўна. – І ўвесь гэты час Анатоль нешта збірае і рэстаўрыруе. Памятаю, як толькі-толькі пачыналі жыццё разам, у хату да маіх бацькоў ён прыйшоў з грамафоннай трубой пад пахай. Шчыра кажучы, мне спачатку не вельмі падабалася хобі мужа. Заўсёды хацелася нешта выкінуць, або перафарбаваць, падправіць. Але Анатоль неяк сказаў, што рэчы – як людзі: адных жыццё “паб’е”, другія яго пражывуць прыгожа. Але ўсе годныя. Вось і з рэчамі таксама. Тым больш, што многія з іх маюць адметную гісторыю, якая будзе цікава і нашым нашчадкам. І калі бацькава захапленне не зацікавіла дзяцей, то шасцігадовы ўнук ужо з задавальненнем дапамагае дзеду вяртаць да жыцця прадметы даўніны.
Вось так па кропельцы і склалася калекцыя, экспанатаў у якой – незлічоная колькасць. Акрамя гадзіннікаў тут ёсць радыёлы розных гадоў выпуску, радыёпрыёмнікі, сеткавыя прыёмнікі. Цікава пабачыць першыя тэлевізары КВМ.

Першыя тэлевізары ў Савецкім Саюзе пачалі выпускацца ў канцы трыццатых – пачатку саракавых гадоў. Стаць масавым прадуктам ім перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Першым па-сапраўднаму “народным” апаратам стаў КВМ-49. 
Таксама ў калекцыі Анатоля Каляды шмат старадаўніх будзільнікаў, прасаў, швейных машын і іншых цікавых рэчаў, па якіх можна адсачыць развіццё тэхнічнай думкі нашага часу.
Выстава чакае наведвальнікаў да 30 чэрвеня, з аўторка па пятніцу – з 12 да 19 гадзін, у суботу і нядзелю – з 12 да 15 гадзін. Панядзелак – выхадны.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *