Главный налоговик Докшицкого района считает, что она живёт, когда работает

img_9899Марыя Васілевіч – асоба, вядомая многім. Для большасці яна і падатковая інспекцыя – гэта непаздзельныя паняцці. Той, хто так думае, абсалютна мае рацыю, бо Марыя Аркадзьеўна працуе ў дадзенай службе з самага першага дня яе стварэння ў нашым раёне. Яна першая з калектыву ў 1998 годзе атрымала ганаровае званне “Выдатнік падатковай службы”. І беспрэцэдэнтны выпадак: у 2006-м гэтае званне ёй было прысвоена яшчэ раз. Па выніках дзейнасці за мінулы год, прозвішча начальніка ўпраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Докшыцкім раёне Марыі Васілевіч занесена на раённую Дошку гонару.
Сёння Марыя Аркадзьеўна – госць нашай рубрыкі пра цікавых людзей і адказвае на “Тузін пытанняў ад “РВ”.
1. – Ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш лёс?
– У мяне гэта здарылася так, як кажуць рускія: «не было бы счастья, да несчастье помогло». Працавала ў Глыбокім у райсельгастэхніцы пасля таго, як не паступіла вучыцца. Па-іншаму быць не магло, бо рыхтавалася на філолага, а паехала чамусьці з сяброўкай у Вялікія Лукі ў сельгасінстытут, дзе трэба было здаваць фізіку. Вярнулася, папрацавала некалькі месяцаў у бібліятэцы, але ж усе аднагодкі выехалі з вёскі, і тады я падалася хоць у Глыбокае. І вось там праз некаторы час захварэла. Вырашыла, што лепш пераехаць бліжэй да мамы, да роднай Несцераўшчыны. Там, канечне, работы не было. Стала шукаць у Докшыцах. На той час ужо вучылася на бухгалтара на завочным аддзяленні Горацкай акадэміі. Удалося ўладкавацца ў райфінаддзел. У 1991 годзе, пры стварэнні падатковай інспекцыі, прапанавалі пайсці туды намеснікам начальніка. Так на гэтай пасадзе і адпрацавала ўсе гады. Летась, пры рэарганізацыі службы, прапанавалі ўзначаліць упраўленне.
2. – Работа для Вас – кар’ера ці справа?
– Канечне, справа, асабліва, калі яна любімая. Мне ў радасць казаць, што наш маленькі калектыў з пяці чалавек не пакладаючы рук працуе над фарміраваннем даходнай часткі бюджэту. Абслугоўваем 340 індывідуальных прадпрымальнікаў, 330 юрыдычных асоб і 12800 фізічных, пільна кантралюем, каб падаткі ад іх дзейнасці своечасова паступалі ў бюджэт. Па выніках першага паўгоддзя атрымалі даходаў на суму 9,4 мільёна рублёў, або 129 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Зараз пераходзім на дыстанцыйнае абслугоўванне, падключаем падаткаплацельшчыкаў да электронных сэрвесаў. Дэкларацыі ў электронным выглядзе нам ужо перадаюць 142 юрыдычныя асобы і 215 ІП. Вось гэта ўсё для мяне цікава, гэта – маё жыццё. А што датычыцца кар’еры, то ўжо як Бог дасць.
3. – У якой яшчэ прафесіі хацелі б сябе рэаліза­ваць?
– Я па сваёй сутнасці сялянка. Люблю вясковы лад жыцця. І, каб мой дзядуля ў 1937-м не аддаў усё, што меў, бо інакш загінуў бы на Салаўках, я, як, пэўна, і ўсе з нашай сям’і, была б, кажучы па-сучаснаму, фермерам і займалася раслінаводствам, кветкаводствам, садаводствам у вялікіх маштабах, адным словам, працавала б на зямлі.
4. – Прадоўжыце выказванне: мая сям’я – гэта…
– Мой сынок Кірыл. Сястра Валянціна з мужам Уладзімірам і любімыя пляменнікі. Мы жывём вельмі дружна: яшчэ мама навучыла цаніць радню, радавацца таму, што ты не адзін, што ў цябе ёсць родныя.
5.– Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– Мама старалася, каб мы з сястрой умелі ўсё рабіць. А ўжо ў старасці неяк заўважыла: мо і дарма так рабіла, вашы ж вочкі зараз бачаць усё недаробленае, а паправіць не заўсёды можаце, не ваша сіла. Мудрая была жанчына, таленавітая, шчырая верніца. Бог заўсёды жыў у нашай хаце, у царкву хадзілі, нават тады, калі гэта і не віталася. Цудоўна шыла і была сапраўдным майстрам вышыванкі. Нядаўна і я ўзялася за іголку. Праўда, час на гэту справу бывае вольны толькі ноччу. Ад таты перадалася любоў да лесу. Для яго лес быў храмам, ён злаваў нават, што на Тройцу ў бяроз галінкі секлі. І для мяне лес – мая трапяткая любоў.
6.– Які сэнс укладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?
– Самы вялікі. Няма для мяне больш дарагога куточка на зямлі, чым мая родная Несцераўшчына. Колькі сябе памятаю, кожныя выхадныя ездзіла дадому. А калі раптам не атрымлівалася, то, здавалася, я штосьці важнае страчвала. Зараз разумею, што ездзіла ў вёску не для таго, каб маме дапамагчы, а каб самой падсілкавацца энергіяй роднай хаты. Зараз яна стаіць пустая, але па-ранейшаму мы там бываем вельмі часта. Самае вялікае маё жаданне, каб адрадзілася тая вёска, якую памятаю, з яе размераным, спакойным жыццём, патрыярхальным укладам, які існаваў стагоддзямі.
7. – Які ён, свет Вашых захапленняў?
– На захапленні надта няма часу, яго амаль увесь займае праца. Але знаходжу фортку, каб пабыць у кветніку. У Докшыцах жыву ў кватэры, а вось у Несцераўшчыне наша хата і зараз патанае ў кветках. І поркацца ў гародзе люблю. Адным словам, як я ўжо сказала, я сялянка, і мне да душы ўсё, што звязана з зямлёй. З дзяцінства сябрую з кнігай. Зараз шмат чытаю духоўнай літаратуры.
8. – Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
– Усе, хто працуе на зямлі ў час офісаў і кандыцыянераў, – яны і ёсць.
9. Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяб­роў нібы печ без дроў?
– Так. Цаню сяброўства, і сама, лічу, што ўмею сябраваць. Праўда, сяброў у мяне няшмат, але ўсе яны правераныя часам. Самая даўняя і верная – Ларыса Мельнікава.
10. – Якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны мужчына. Што ў ім не прымаеце?
– Быць моцным, мужным, павінен умець адказваць за свае ўчынкі і забяспечваць сям’ю. Не прызнаю слабасці і здрады.
11. – Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Канешне, не. Каханне – гэта сэнс быцця. І няважна, якое яно: шчаслівае ці не. Галоўнае, што яно ёсць.
12. Любімы колер, музыка, літаратурны твор, страва, від спорту, пара года?
– чырвоны;
– італьянская эстрада;
– Іван Стаднюк, Людміла Разумоўская;
– любая страва з бульбы;
– да спорту абыякавая;
– вясна.

Гутарыла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *