Построилась ещё одна пятиэтажка в Докшицах

img_8589У райцэнтры завяршаецца ўзвядзенне 40-кватэрнага жылога дома (здымак 1), генпадрадчыкам будоўлі з’яўляецца ПМК-52. Задзейнічаны таксама філіял № 1“Докшыцы-камунальнік”, ПТУП “ЯВГ-сэрвіс”, філіял “Докшыцыводаканал”, “ЛВЛ-буд”. Працягваецца капітальны рамонт будынка гарадской паліклінікі. 

– Саракакватэрны жылы дом плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў верасні, – тлумачыць намеснік старшыні райвыканкама Віктар Ганус. – Дзве кватэры ў ім будуць перададзены на баланс камунгаса для выкарыстання ў далейшым у якасці арэнднага жылля. Астатнія 38 прадставяць сем’ям, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў – гэта шматдзетныя сем’і, дзеці-сіроты. Каштаваць 1 кв. м з унутранай аддзелкай будзе 1036,51 рубля. Праўда, некаторыя ўладальнікі з мэтай эканоміі адмовіліся ад аддзелкі і рабіць яе будуць самі. У новым доме агульнай плошчай 1996,4 кв. м кампактна размесцяцца 20 аднапакаёвых і столькі ж дзвюх­пакаёвых кватэр. Адначасова вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі каля пяціпавярховіка. У хуткім часе тут з’явяцца паркоўка, дзіцячая пляцоўка, малыя архітэктурныя формы. Грашовыя сродкі на гэтыя патрэбы будуць выдаткаваны з бюджэту, частку работ аплацяць самі жыльцы.
На ўліку тых, хто жадае палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, значацца 750 чалавек. Таму будаўніцтва будзе працягвацца і надалей. Праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Ленінскай, 32 знаходзіцца ўжо на экспертызе. Па­чаць будаўніцтва плануецца ў кастрычніку.
Працягваецца капітальны рамонт у гарадской паліклініцы. З 800 тысяч рублёў, якія былі выдаткаваны з раённага бюджэту на яго правядзенне, асвоена палова. Завяршаюцца работы па рамонце даху і аднаўленні ўнутраных сетак – ацяплення і каналізацыі. Поўнасцю адрамантаваны трэці паверх (здымак 2). Зараз актыўна вядуцца работы на другім.
– Зразумела, што выдзеленых бюджэтных сродкаў недастаткова для поўнага завяршэння рамонту паліклінікі, – гаворыць Віктар Ганус. – Таму ён працягнецца і ў наступным годзе.
img_8582Днямі распачнецца капітальны рамонт яшчэ аднаго сацыяльнага аб’екту – дзіцячага садка
№ 1 па вуліцы Школьнай. Пакуль жа праводзіцца тэндар па выбары падраднай арганізацыі. Ужо выдаткавана 900 тысяч рублёў пры поўным каштарысе праекта – 1 мільён 600 тысяч рублёў. У першую чаргу будзе заменены дах установы і камунікацыі.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *