Встреча односельчан в Гечанцах Докшицкого района (+фото)

img_9326“Мы жывём, пакуль жыве памяць пра нас,” – менавіта такое выказванне стала лейтматывам сустрэчы былых жыхароў вёскі Гечанцы Тумілавіцкага сельсавета. Многія з іх не бачыліся больш за 35 гадоў!
Арганізатарамі сустрэчы былі ўсе, хто вырас у цені гечанскіх векавых ліп і каго раптам нясцерпна пацягнула на малую радзіму. Адзін патэлефанаваў другому, трэці – чацвёртаму, а ў выніку ля хаты, дзе раней жылі сястра і брат Людміла і Віктар Ляпешкі, сабралася 35 чалавек. Пакуль прыезджыя пазнавалі ў пасталеўшых мужчынах і жанчынах суседзяў, тутэйшыя, Іван Сценнік і Іван Дземідовіч, ужо рыхтавалі юшку на вогнішчы — рыбу на свята налавілі ў мясцовай сажалцы. Нечакана вёску абудзілі звонкія гукі акардэона: гэта прыехалі сёстры Тамара і Галіна Сценнік. Муж першай Казімір, музыкант-самавучка, ва ўсю “рэзаў” польку. Таксама з Мінска на сяброўскую сустрэчу прымчалі сёстры Марына і Валянціна з некалі шмат­дзетнай сям’і Карніловічаў. Муж Марыны Сяргей прывёз з сабой вялікі самавар на вуглях і ўвесь час частаваў гасцей свята смачнай, духмянай гарбатай. Ганна і Людміла Шэка ўспаміналі старую лаўку ля іх хаты, якая некалі была галоўным месцам збору ўсёй мясцовай моладзі. Галіна і Ала Арлоўскія прыхапілі з сабой прысмакаў: Ала Казіміраўна расчуліла ўсіх уласнаручна напечанымі аладкамі, якія памачыла ў смятану і пасыпала цукрам. Атрымаліся амаль тыя, што некалі гатавала матуля… Завіталі ў родную вёску адна з сясцёр адзінага цяперашняга жыхара Гечанцаў Сяргея Карніловіча Тамара, а таксама пчаляр Міхаіл Сасноўскі. “Смачным” сюрпрызам здзівіла Лізавета Сасноўская: яе дачка Надзея спякла торт, які ўпрыгожыла выявай старой ліпы з лісточкамі-прозвішчамі былых жыхароў вёскі. Акрамя гэтага, прыемнай нечаканасцю для ўсіх стаў прыезд работнікаў культуры Зінаіды Сценнік з Тумілавіцкай бібліятэкі-клуба і Кацярыны Іваньковіч з Несцераўшчынскай бібліятэкі-клуба, якія хуценька ўпрыгожылі панадворак вышыванымі ручнікамі, расказалі пра гісторыю вёскі, прачыталі цудоўныя вершы. Усе разам спявалі мілагучныя песні сваёй маладосці пад акампанемент уласнага акардэаніста і вядомага музыкі з img_9293Несцераўшчыны Мікалая Казачонка. Вясёлыя прыпеўкі ўспомнілі сёстры Валянціна і Лідзія Ляпешка. Свае вершаваныя творы, прысвечаныя роднай вёсцы, прачыталі Тамара Сценнік і Ганна Шэка. Падчас сустрэчы, дзякуючы сучасным гаджэтам, на сувязь выходзілі ўнукі жыхароў вёскі, якія зараз жывуць у Латвіі і Расіі. Некаторыя тэлефанавалі, як Ала Ляпешка з Полацка, і вельмі шкадавалі, што не атрымалася прыехаць. У памяць аб тых, хто не дажыў да гэтага дня, усе запалілі свечкі і выставілі на акенцах хаты, у якой яшчэ доўга гаманілі, перабіралі старыя фотаздымкі, дзяліліся ўспамінамі.

ГЕЧАНЦЫ: на пачатку ХХ стагоддзя в. Гечанцы Тумілавіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерніі (16 двароў – 90 жыхароў). З 1921 года – у складзе Польшчы ў Тумілавіцкай гміне Дунілавіцкага павета (18 хат – 100 жыхароў). З 1939 года – у складзе БССР. У 1949 годзе быў арганізаваны калгас “Перамога”. Па выніках перапісу 2004 года ў Гечанцах пражывала 15 жыхароў у 9 дварах. На сённяшні дзень тут жыве адзін…

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *