Один день журналистка «РВ» с главным агрономом ОАО «Докшицкий райагросервис» Василием Григоровичем
Жартоўную фразу “Хачу быць настаўнікам летам і аграномам зімой” чулі, напэўна, усе. Што датычыцца настаўнікаў, то зайздросцяць, безумоўна, іх больш працягламу водпуску, ды яшчэ ў летні час. А вось аграномы, лічаць многія, адпачываюць усю зіму. Толькі тыя, хто так думае, забываюць, што і зімой у сельгаспрадпрыемствах вядуцца розныя работы, такія, напрыклад, як вывазка арганікі, ачыстка насення збожжавых і шматгадовых траў, а аграному патрэбна распрацаваць безліч планаў і графікаў і па сяўбе яравых культур, і па корманарыхтоўцы, і па ўборачнай кампаніі. Акрамя гэтага, чамусьці забываецца, што ў астатні час рабочы дзень гэтага спецыяліста доўжыцца па 15-16 гадзін, без святаў і выхадных, а падчас адпачынку паляжаць дзе-небудзь на пляжы яму не выпадае, бо ідзе ў водпуск ён найчасцей у лістападзе-снежні.
Біяграфічная даведка.
Васіль Грыгаровіч – ураджэнец вёскі Курдзекі Сітцаўскага сельсавета. У галіне сельскай гаспадаркі працуе з 1996 года пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі па спецыяльнасці “аграномія, менеджмент у аграпрамысловым комплексе”. З 2011 года галоўны аграном ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. За значны асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і шматгадовую добрасумленную працу неаднаразова атрымліваў Падзякі раённага выканаўчага камітэта. У 2015 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага абласнога саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У 2015 і 2016 гадах у раённым спаборніцтве прызнаны лепшым сярод галоўных аграномаў сельгасарганізацый. Лаўрэат прэміі “Чалавек года Віцебшчыны – 2016”.
Пра сябе: “Я з класічнай сялянскай сям’і: тата быў механізатарам, мама – даяркай. Да працы прывучаны з маленства. Вучыцца таксама любіў і атрымаў у Сітцаўскай сярэдняй школе даволі грунтоўныя веды. Любімымі прадметамі былі хімія і біялогія, якія цудоўна выкладалі настаўніцы Ірына Антонаўна Елісеева і Яніна Сцяпанаўна Казлоўская. Запас ведаў, што атрымаў дзякуючы ім, плюс той факт, што заўжды цягнуўся да работы на зямлі, і вызначылі мой выбар. Наколькі ён правільны і дастойны, меркаваць не мне, а ўсім, з кім даводзіцца працаваць. Адно магу сказаць з упэўненасцю: работу сваю люблю і аддаюся ёй поўнасцю”.
Мудрасць агранома:
“Ёсць непарушныя законы земляробства, якія існуюць з даўніх часоў і будуць існаваць, а вось тэхналогіі пастаянна ўдасканальваюцца, і аграном абавязаны добра ведаць і тое, і другое”.
“Думаю, у нашай галіне, як і ў медыцыне, асноўнае правіла – не нашкодзь. Ад нашых памылак, зразумела, не залежыць чалавечае жыццё, а вось чалавечы дабрабыт – у пэўнай ступені”.
“Мой офіс – мая машына. Нататнік заўжды пры мне. Заўважыў недахоп – запісаў, прыйшла ў галаву ідэя – туды ж яе. У такім тэмпе, у якім я жыву, нельга нічога страчваць, забываць, адводзіць на другі план”.
“У першую чаргу ад агранома залежыць правільнае прымяненне тэхналогій вырошчвання і аховы культур. Пры “выпадзенні” пэўных элементаў, напрыклад, недахопе ўдабрэнняў, дасягаць добрых вынікаў – вышэйшы пілатаж”.
“Добры аграном павінен бачыць гаспадарку з закрытымі вачыма”.
7:00. Раніца галоўнага агранома, як і раніца любога сельскага працаўніка, пачынаецца задоўга да афіцыйна назначанага рабочага дня – з планёркі. Больш чым дваццацігадовы стаж работы ў аграноміі – сур’ёзны стаж для таго, каб паводзіць сябе з механізатарамі дастаткова лаканічна і не тлумачыць доўга, што ў кагосьці назіраюцца збожжавыя страты і ці не варта адрэгуляваць рашотку для скідвання травы – можа, яна адкрыта так, што разам са смеццем вылятае і частка зерня. Адчуваецца, што вадзіцелі і механізатары, у сваю чаргу, разумеюць і паважаюць Васіля Раманавіча, прыслухоўваюцца да заўваг і парад. Хутка ідзе выдача пуцявых лістоў, расстаноўка тэхнікі па палях, карэкціроўка работ зыходзячы з пагодных умоў.
8:00. Калі ўсе злабадзённыя пытанні вырашаны, камбайнеры адпраўлены на ўборку, механізатары на сяўбу, ворыва, вывазку арганікі і г.д., “цар палёў” можа прыступіць да папяровай руціны – работы з дакументацыяй. Асобнага кабінета Васіль Раманавіч не мае – толькі ўласны стол. Кажа, ён яму і не патрэбны: аграном – работнік не офісны. Аказалася, да рознага роду справаздач, графікаў, пуцёвак у яго абавязкі ўваходзіць яшчэ і сувязь з работнікамі сталовай. Іх трэба праінфармаваць адвячоркам, колькі абедаў і вячэраў трэба прыгатаваць і на якія палеткі ў якой колькасці адвезці. Раніцай гэтыя лічбы могуць карэктавацца. На такую вялікую гаспадарку памочнік у Грыгаровіча толькі адзін – начальнік участка Дзмітрый Наваеўскі.
9:30. Гэтым часам мы ўжо імчым на палеткі: для заспакаення, што робіцца ўсё так, як запланавана. У гаспадарцы працуюць два звяны камбайнаў: сёння адно – чатыры экіпажы – ва ўрочышчы Дзегцяры, другое – тры – ва ўрочышчы Струкі. Варта адзначыць, што, калі надараецца такая магчымасць, Васіль Раманавіч прыходзіць на выручку інжынернай службе: то масла патрэбна падвезці, то запчастку… Механізатары ў гаспадарцы, у асноўным, людзі вопытныя, з немалым стажам работы, разумеюць агранома з паўслова. Але ёсць і навічкі, якім трэба патлумачыць сваё бачанне пастаўленай задачы, падкарэктаваць іх работу. На нейкі недахоп прыязна, не павышаючы голасу, указвае камбайнеру Максіму Міндукшову, адвёўшы хлопца ўбок. Вяртаецца і паясняе: “Першая ўборачная ў Максіма. Стараецца, вучыцца – гэта галоўнае, астатняе прыйдзе з вопытам”.
11:00. Калясім па палетках, на якіх плануецца праводзіць работы заўтра. Прыкідваюцца аб’ёмы, час, колькасць адзінак тэхнікі. Аграном не мінае ніводнага поля на шляху, спыняецца, каб паглядзець, як пайшлі ў рост падсеяныя травы, у якім стане спеласці кукурузныя пачаткі (радуецца: пайшла ў рост царыца палёў, можна спадзявацца на нядрэнную ўраджайнасць, а то з вясны была сумная карціна), правярае якасць ворыва – з плугамі ва ўрочышчы Бярозаўка працуюць механізатары Аляксандр Кішулька і Мікалай Сачына.
13:30. Вайна вайной, абед па раскладзе. Агульнае меркаванне працаўнікоў сяла. Першае, другое і кампот. Усё смачнае. Кухары стараюцца, таму што для сваіх. Хоць і абед, размовы ўсё роўна пра работу.
– На заўтра, здаецца, дажджы перадавалі…
– Ды ну, не трэба, няма калі перарывацца, заканчваць трэба.
Цікаўлюся ў Васіля Раманавіча, ці заўсёды харчуецца на полі. “У большасці выпадкаў, – адказвае. – Бывае, канешне, што якраз знаходжуся непадалёк ад дому, а мая Алена Сяргееўна штосьці смачнае зварганіць, дык заеду, але такое здараецца рэдка”.
– Навошта дома харчы праядаць, калі ў нас так смачна гатуюць, – смяецца раздатчыца Юлія Каляга.
14:00. Курсіруем паміж палямі, дзе работа кіпіць поўным ходам. Роўным строем камбайны рухаюцца па прасторах хлебных ніў, пакідаючы за сабой палосы саломы, у якіх не прамінае пакапацца аграном: шукае зернястраты.
– Страты ў межах нормы, – тлумачыць, – у кагосьці меншыя, у кагосьці большыя. Каб іх вызначыць, трэба набраць 50 каласкоў і глядзець, дзе і колькі не прамалочана. 2-3 працэнты на гектар будуць заўсёды, якая б тэхніка ні працавала, таму што 5-6 зярнятак на квадратны метр абавязкова выпадуць. Калі камбайн працуе, ён зразае каласы цалкам, і яму трэба аддзяліць зерне ад смецця. Каб асноўная маса лішняй травы вылятала, прыбаўляецца паток паветра ў вентылятарах. Варта адчыніць рашотку крыху шырэй, як з саламянай масай вылятае зерне. Таму камбайнерам прыходзіцца знаходзіць залатую сярэдзіну. Задача агранома – прасачыць, каб падыход быў знойдзены з найменшымі стратамі. А яшчэ – вызначыць, ці будуць выкананы запланаваныя аб’ёмы работ.
Шэсць прэсаў працуюць на ўборцы саломы ў раёне Крыпуль. Работа ідзе дынамічна, паломак, прастояў няма – рушым далей.
Заязджаем і ва ўрочышча Ветахмо, дзе сее азімы рапс Яўген Ярмаковіч.
– Як сёння справы? – цікавіцца аграном.
– Думаю, гектараў сорак пасею, – бадзёра адказвае вопытны механізатар.
– Цяжкая праца таксама і адказная, – каментуе па дарозе ва ўрочышча Грынеўшчына, адкуль на ферму “Альхоўка” звозяць рулоны саломы, Васіль Раманавіч. – І тэрміны сяўбы падціскаюць, і якасць павінна быць на ўзроўні: рапс – культура да сваёй персоны патрабавальная.
16:30. На зернесушыльным комплексе над барханамі збожжа пыл стаіць такі, што прамяні сонца, якія прабіваюцца ў шчыліны, можна пакратаць рукамі. Аграном хуценька аглядае “гаспадарку”, застаецца задаволеным ходам спраў і спяшаецца на вячэрнюю планёрку.
17:00. Асноўная планёрка, на якой прысутнічаюць кіраўнік і ўсе спецыялісты. З любой кропкі сельгаспрадпрыемства на яе трэба паспець. Доўжыцца каля гадзіны. У ходзе яе заўтрашні дзень “раскладаецца па палічках”, вырашаюцца самага рознага роду пытанні, ставяцца задачы, узгадняюцца планы дзеянняў.
18:00. Зноў у дарогу. Трэба аб’ехаць усе палеткі, на якіх вядуцца работы, падпісаць пуцявыя лісты, замерыць аб’ёмы работ, падвесці вынікі.
– Зараз добра: ёсць камп’ютарныя праграмы ў дапамогу аграному па замерах, – дэманструе Васіль Раманавіч. – Я перыядычна іх спампоўваю, бо абнаўляюцца, удасканальваюцца. Безумоўна, яны вельмі эканомяць час.
Тэлефон у галоўнага агранома разрываецца ад званкоў, тэлефануе і ён сам, на хаду вырашаюцца пытанні і аддаюцца загады. У канцы рабочага дня апарат амаль што разраджаны.
22:00. На палеткі апускаецца змрок. Заціхае тэхніка, камбайнеры пакідаюць камбайны на полі, уладкоўваюцца на начную службу вартаўнікі. На мехдвары чутны толькі рэдкія галасы ды гул зернесушылкі. Развітваючыся з Васілём Раманавічам, удакладняю:
– І так заўжды, сапраўды без чырвоных дат у календары?
Усміхаецца:
– Ёсць такія даты, амаль месяц запар. У снежні іду ў адпачынак – гэта цудоўная пара, калі я цалюткі дзень дома, са сваёй сям’ёй, займаюся хатнімі справамі, размаўляю пра ўсё на свеце з малодшым сынам-школьнікам. Старэйшы – ужо студэнт.
Тое, як мякчэе голас, цяплее пагляд Васіля Раманавіча, калі ён распавядае пра сям’ю, пацвярджае правільнасць выслоўя: шчаслівы той, хто зранку з радасцю спяшаецца на работу, а ўвечары – дадому. Нават калі гэта такі позні вечар, як у галоўнага агранома.
Цэлы дзень правяла з Васілём Грыгаровічам і надакучала яму пытаннямі Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.