Отмечены первые победители соревнований среди экипажей комбайнеров в Докшицком районе
Сказаць, што ў сельгаспрадпрыемствах зараз наступіла гарачая пара, будзе правільным і ў пераносным, і ў прамым сэнсе. Спякотнае надвор’е, што ўсталявалася апошнім часам, вельмі спрыяе хлебаробам на збожжаўборцы: няма прастояў, не вязнуць на размоклай ад дажджу глебе камбайны, меншая нагрузка на зернесушыльныя комплексы. Вось каб яшчэ не пашкодзіла яравым веснавая засуха і ўраджайнасць іх была вышэйшай… Але гэта ўжо, як гаворыцца, пытанні да нябеснай канцылярыі. А тут, на зямлі, робіцца ўсё магчымае, каб сабраць ураджай у аптымальныя тэрміны і без страт. Адначасова з уборкай вызваляюцца плошчы ад саломы, вядзецца падрыхтоўка глебы пад сяўбу азімых культур.
Першая дзесяцідзёнка раённага спаборніцтва сярод экіпажаў камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа і аператараў зернесушыльных агрэгатаў завяршылася, падведзены яе вынікі. Як вядома, лідарамі на ўборачнай з’яўляюцца ААТ “Таргуны”, ААТ “Барсучанка” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Менавіта працаўнікі гэтых гаспадарак і дасягнулі найлепшых паказчыкаў на жніве. На гэтым тыдні павіншаваць пераможцаў прыехалі старшыня райвыканкама Алег Пінчук, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Наталля Вараб’ёва, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці “Белпрафмаш” Валерый Кузьміч, старшыня РА арганізацый прафсаюзаў Ядвіга Шульгат і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Рамановіч.
Першы прыпынак – палеткі за вёскай Туркі ААТ “Барсучанка”. Тут дыпломы і каштоўныя падарункі атрымалі пераможцы спаборніцтва сярод вадзіцеляў – нястомныя рупліўцы Іван Аляхновіч, чыё імя нязменна бачым у спісе лідараў ужо шмат гадоў запар, і Віктар Качынскі, які заняў ганаровае другое месца. Каштоўны і, як падаецца, вельмі патрэбны для механізатара падарунак – набор ключоў – Валерый Кузьміч уручыў за шматгадовую добрасумленную працу Уладзіміру Андрыеўскаму. Вельмі актыўна вялося з членамі працоўнага калектыву абмеркаванне вартасцей і недахопаў айчыннай сельгастэхнікі, якая выпускаецца на Мінскім трактарным заводзе і Гомсельмашы. Каштоўныя падарункі старшыня “Белпрафмаша” ўручыў таксама камбайнерам Уладзіміру Лаўцэвічу з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і Віктару Судніку з ААТ “Таргуны”.
Увесь жа, вобразна кажучы, п’едэстал пераможцаў сярод камбайнераў занялі экіпажы з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Наперадзе ідзе Уладзімір Лаўцэвіч, на другім і трэцім месцах сямейныя экіпажы ў складзе Яўгена і Сяргея Машко і Вячаслава і Юрыя Кавалёнкаў. Наступае на пяткі барсучанскім вадзіцелям на адвозцы зерня Вячаслаў Несцяронак – па выніках дзесяцідзёнкі ён стаў трэцім. Найбольш зерня дапрацавалі таксама ў райаграсэрвісе: 1592 тоны на рахунку дружнай каманды аператараў зернесушыльнага комплекса ў складзе Вячаслава Селівона, Іосіфа Александровіча, Валерыя Каросціка і Леаніда Конана.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.