За что получили награду спасатели из Докшицкого РОЧС?
Выратавальнікі – людзі, якія павінны быць гатовымі да сур’ёзных, у першую чаргу, фізічных нагрузак. Менавіта ад іх фізічнай падрыхтоўкі і трываласці ў многіх выпадках залежыць прафесійнае выкананне працоўных абавязкаў, у тым ліку і выратаванне людзей. Таму заняткам спорту ў службе МНС адводзіцца важная роля. Пра гэта сведчаць узнагароды РАНС на спаборніцтвах не толькі мясцовага маштабу, але і на абласных чэмпіянатах па пажарна-выратавальным спорце.
Днямі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сталі мацнейшымі сярод каманд-удзельніц раённай спартакіяды па гіравым спорце і дартсе.
– Пажарна-выратавальны спорт для нас мае не толькі спаборніцкі бок, але і практычны, – расказвае намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце маёр унутранай службы Алег Камінскі, які сам з’яўляецца актыўным спартсменам. – Чым хутчэй баец выконвае практыкаванні пажарнага спорту, тым больш паспяхова і ўпэўнена ён дзейнічае падчас любой надзвычайнай сітуацыі. Для трэніровак у нас ёсць неабходная база: вучэбная трохпавярховая вежа, цепла-дымакамера, псіхалагічная паласа. Штодзень асабісты састаў РАНС абавязкова праходзіць прафесійную падрыхтоўку, а гэта бег па штурмавой лесвіцы, пад’ём па трохкаленнай, баявое разгортванне аддзялення. Пасля практыкі – тэарэтычныя заняткі.
Дарэчы, на базе РАНС культывуюцца амаль усе віды спорту, заняткі якімі вельмі дапамагаюць падчас здачы абавязковых нарматываў. Кандыдат у выратавальнікі павінен здаць бег на кіламетр, падцягванне і бег на 100 метраў. Нямногім удаецца дасягнуць патрэбнай планкі, але той, хто хоча трапіць у нашы рады, павінен разумець, што выратавальніку трэба мець добрую фізічную форму.
У распарадку дня ёсць і спецыяльна адведзеная гадзіна для спорту. У гэты час службоўцы трэніруюцца па агульнай праграме, практыкаванні якой выпрацоўваюць галоўныя якасці выратавальніка – сілу, хуткасць, спрыт і трываласць.
Для заняткаў спортам у аддзеле створаны ўсе неабходныя ўмовы: ёсць спартыўныя залы з патрэбным інвентаром і трэнажорамі, а таксама тэнісны стол, валейбольная пляцоўка. З задавальненнем наведваюць супрацоўнікі райаддзела спартыўныя секцыі ў горадзе, выстаўляюць каманды на раённыя і абласныя спаборніцтвы па плаванні, міні-футболе, настольным тэнісе, гіравым спорце, дартсе, валейболе.
– Нашы байцы прымаюць удзел ва ўсіх спартакіядах, – гаворыць Алег Камінскі. – Пачынаем з лыжных гонак у студзені і завяршаем конкурсам прафесійнага майстэрства ў лістападзе, да якога якраз зараз ідзе падрыхтоўка. Сярод спартсменаў РАНС, якія звычайна прадстаўляюць нашу каманду на спаборніцтвах, значацца Сяргей Баслак, Сяргей Дземідовіч, Аляксандр Каралёнак, Ігар Гапанёнак, Андрэй Дземідовіч. Універсалам можна назваць неаднаразовага пераможцу абласнога конкурсу “Лепшы начальнік змены” Ігара Аўтуха. Вялікія надзеі ўскладаем на Аляксандра Чарняўскага – пераможцу абласных спаборніцтваў па гіравым спорце.
НА ЗДЫМКУ: каманда РАНС у складзе (злева направа) Алега Камінскага, Вольгі Камінскай, Ігара Гапанёнка і Аляксандра Чарняўскага заваявала першае месца ў першынсве раёна па гіравым спорце і дартсе.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.
Малайцы!