Набирает обороты социально-экологический проект «Новая жизнь в обмен на крышки» в Докшицком районе

1-strСацыяльна-экалагічны праект “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі” займеў вялікую папулярнасць у нашым раёне. Яго актыўна падтрымалі школы, якія з энтузіязмам далучыліся да гэтай дабрачыннай акцыі. Устаноўленыя спецыяльныя кантэйнеры хутка напаўняюцца пластыкавымі накрыўкамі ад звычайных бутэлек з-пад вады, ёгуртаў, малака, кавы, шампуняў, сланечнікавага алею – таго, што ёсць дома ў кожнага.
– Самым актыўным зборшчыкам накрывак прызнана СШ № 1 г. Докшыцы, – расказала спецыяліст па рабоце з моладдзю аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Ждановіч. – Вучням і настаўнікам гэтай установы ўдалося сабраць 200 кілаграмаў накрывак, за гэта яны атрымалі дыпломы і салодкія падарункі. Стараюцца не адставаць ад іх і іншыя школы: актыўна падтрымалі праект Парплішчанская і Бягомльская сярэднія школы. Дарэчы, каб не сумнявацца, якія накрыўкі падыходзяць, раю глядзець на іх знутры : там павінна быць маркіроўка ў выглядзе лічбаў 2, 4 ці 5.
У пачатку снежня і на гарадской гандлёвай плошчы з’явіўся кантэйнер у выглядзе сэрца. Яго выкавалі майстры Уладзіміра Шуткіна пры фінансавай падтрымцы РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Сёння кантэйнер практычна запоўнены пластыкавымі накрыўкамі, якія сабраў калектыў СШ № 2.
Сабраная пластыкавая сыравіна будзе адсартавана і адпраўлена на перапрацоўчае прадпрыемства, якое выплачвае грошы арганізатару праекта, а далей “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі” пераводзіць іх на лячэнне цяжкахворых дзяцей.
Варта заўважыць, што, акрамя дабрачыннага, гэты праект закранае яшчэ і экалагічны кірунак. Бо звычайна накрыўкі проста выкідваюцца ў сметніцу, а распадаюцца яны, між іншым, каля трох-чатырох соцень гадоў! Часцінкі пластыку трапляюць у глебу, атручваючы навакольнае асяроддзе. Гэтага нельга дапусціць, бо ў ім жыць нашым дзецям і ўнукам.
Праект “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі” працуе ў 44 краінах свету. У Германіі 50 мільёнаў накрывак ператварыліся ў 100 тысяч вакцын ад поліяміеліту для дзяцей з Нігерыі. У Іспаніі – у мільён еўра на медыцынскае абсталяванне для 139 маленькіх пацыентаў. Ва Украіне сабралі 21 тону на пратэзы для ветэранаў вайны. У Нідэрландах накрыўкі дапамагаюць будаваць навуковы цэнтр па даследаванні дзіцячай анкалогіі. У Аўстрыі “за накрыўкі” набываюць цацкі для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *