Новогодний бал прошел в Докшицах (+ ФОТО и ВИДО)

img_2310Стары Новы год парадаваў гарадскім балем у ККЗ “Іскра”, які праводзіцца ўжо не першы раз. Загадкавасць і таямнічасць, лёгкая рамантыка, шыкоўныя строі, жывая музыка перанеслі ўдзельнікаў свята ў мінулае.

Гаспадыня балю Марына Чабан і мінулагоднія пераможцы свецкага раўту Вераніка і Яўген Крывічаніны прадставілі гледачам восем пар – удзельніц традыцыйнага танцавальнага конкурсу, якім трэба было паказаць майстэрства выканання такіх старажытных танцаў, як паланэз, падэграс і полька-матылёк.
Тое, што баль стаў папулярным мерапрыемствам у гараджан і гасцей райцэнтра, сведчыла вялікая колькасць гледачоў, якія таксама актыўна бавілі час. У зале відавочна не хапала месца падчас вядомай гульні “ручаёк”. Ды і ў вальсе асабліва не было дзе “развярнуцца” напоўніцу. Пад гукі жывой музыкі, якую выконвалі музыканты Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага, а таксама шматлікія рамансы ад артыстаў ГЦК пары кружылі, як матылькі. Не лішнім было для гледачоў даведацца пра правілы паво­дзінаў на свецкай вечарыне, з якімі пазнаёмілі “навучэнкі інстытута высакародных дзяўчат”. Паваражыць на картах з прадказаннямі прапаноўвала таямнічая варажбітка.
Навінкай балю стала гумарыстычная гульня ў “фанты”. Сярод жаданняў было прывітанне на замежнай мове, узгадванне прадметаў, з якімі асацыіруецца баль і многае іншае. За выкананне “фантаў” пары атрымлівалі ў падарунак жартоўныя “сувеніры”: адным трапіўся пачак кукурузных палачак, другім – качан капусты, трэцім – “маладзільныя” яблычкі.
– Як добра, што ёсць людзі, якія ідуць на мерапрыемствы, разумеючы, што сапраўднае свята для сябе можаш стварыць толькі ты сам, – гаварыла напрыканцы раўту намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна. – І доказ гэтаму – баль, які захапіў, зачараваў і сваёй неверагоднай пазітыўнай атмасферай, безумоўна, падарыў веру ў лепшае.
Званне караля і каралевы гарадскога балю 2019 года атрымалі галоўны інжынер Докшыцкага хлебазавода Андрэй Высокіх і бухгалтар райста Святлана Каросцік (на здымку).
Арганізатары мерапрыемства дзякуюць яго фундатарам: аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённаму аб’яднанню прафсаюзаў, грамадскаму аб’яднанню “Белая Русь”, а таксама РК ГА “БРСМ”.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

[Not a valid template]

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *