Лучший работник Докшицкого участка электросвязи

img_0005Кабельшчык-спайшчык лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Алег Кішэня – адзін з лепшых работнікаў Докшыцкага ўчастка электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Гэта дзякуючы яго прафесіяналізму практычна бесперабойна працуюць у раёне Інтэрнэт і іншыя камунікацыі сувязі. У Белтэлекаме Алег Пятровіч з 1999 года і за гэты час засвоіў усе прамудрасці вельмі патрэбнай у наш час прафесіі.
У школе падабалася фізіка, як многія хлопцы, любіў рамантаваць, наладжваць. Таму нікога не здзівіла, што ён выбраў прафесію электраманцёра. Добрай жыццёвай школай стала служба ў арміі, дзе набытыя ў вучылішчы веды прымяняў на практыцы ў аддзяленні сігналізацыі і сувязі. Дарэчы, быў яго камандзірам. Калі канкрэтыза­ваць абавязкі электраманцёра Алега Кішэні, то зараз ён адказвае за захаванне, абслугоўванне і рамонт кабеляў сувязі.
– Кожны дзень у раз’ездах па населеных пунктах раёна, – расказвае Алег Пятровіч. – Штодня паступаюць заяўкі ад абанентаў на рамонт тэлефоннай сувязі, тэлебачання або Інтэрнэту. Толькі ў лютым іх было каля 200, а калі яны яшчэ з розных куткоў раёна, то пакруціцца прыходзіцца. Асабліва “гарачая” пара бывае летам пасля моцнай навальніцы. Спяшаемся як мага хутчэй ліквідаваць пашкоджанні, а людзі ўсё роўна нервуюцца, кожнаму хочацца, каб да яго прыехалі ў першую чаргу. Прывыклі ўсе да камфорту. Часам здараюцца аварыйныя сітуацыі. Гэта калі кабель неасцярожна пашкоджваецца пры копцы траншэй пад газаправод або каналізацыю. У лютым больш за 50 разоў ліквідавалі менавіта пашкоджанні кабелю. Тут рамонт патрабуецца больш сур’ёзны, але і з ім своечасова спраўляемся.
У калектыве Алега Пятровіча цэняць за адказнасць і прынцыповасць, камунікабельнасць і актыўнасць. Ён добры спартсмен, і ў тым, што на занальнай спартакіядзе каманда докшыцкіх сувязістаў стала бронзавым прызёрам, ёсць уклад і электраманцёра Алега Кішэні.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *