Духовенство, коммунальная и природоохранная службы Докшицкого района рассуждают о вреде искусственных цветов

cvetyПраблема штучных кветак нарастала паступова і зараз, пэўна, дасягнула свайго апагея. Людзі бяздумна трацяць грошы на атруту, якая прываблівае сваім эстэтычным выглядам і адносна танным коштам. Аднак такая эканомія абсалютна неапраўданая, бо гэтыя вырабы хутка выцвітаюць на сонцы, губляючы сваю яркасць, і адпраўляюцца на сметнік. Супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі сістэматычна вывозяць з прымогілкавых тэрыторый вялікую колькасць смецця, сярод якога крыжы, рэшткі старых помнікаў і, безумоўна, штучныя вянкі і кветкі. Па словах камунальнікаў, ні адна фірма, з якімі супрацоўнічае прадпрыемства, не зацікаўлена ў перапрацоўцы гэтых шкодных вырабаў, бо гэта вельмі дорага і нявыгадна. Зараз пластыкавыя кветкі, вянкі і іншае смецце, якое не паддаецца перапрацоўцы, вывозяць за межы горада і закопваюць на палігоне, бо іншага выйсця няма, а падобных штучных вырабаў год ад году менш не становіцца. Раскладанне штучных кветак адбываецца на працягу 100 – 500 гадоў, пры гэтым атручваецца паветра, глеба і нават грунтовыя воды. Іх спальванне вядзе да выдзялення ў атмасферу шкодных рэчываў, што дрэнна ўдзейнічае на здароўе чалавека.
– Згодна з прыродаахоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, спальваць можна толькі тое, што з’яўляецца палівам. Усё астатняе падлягае перапрацоўцы. Аднак са штучнымі кветкамі не ўсё так проста, – паведаміў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вячаслаў Палянін. – Яны складаюцца з розных матэрыялаў: пенапласту, полівінілхларыду, поліэстру, латэксу, арганзы і маюцца нават металічныя часткі – усё гэта ўскладняе працэс раздзялення і перапрацоўкі.
“Традыцыя” ўпрыгожваць могілкі штучнымі кветкамі ўкаранілася адносна нядаўна, і навязалі яе менавіта прадпрымальнікі, якія некалькі дзесяцігоддзяў таму пачалі гандляваць гэтай “прыгожай атрутай”.
– Галоўны атрыбут магілы – гэта крыж, які азначае выратаванне і ўваскрэсенне, – гаворыць настаяцель Свята-Пакроўскай царквы протаіерэй Георгій Мялешка. – Няма нічога страшнага і ў кветках – гэта натуральная праява любові і павагі да сваіх родных. Букеты прыносяць нават у храм, размяшчаюць перад абразамі, але гэта жывыя кветкі, а не штучныя. Ніхто ж не дорыць пластыкавыя букеты сваім любімым людзям пры жыцці, навошта ж несці іх на могілкі, дзе пахаваны таксама нашы блізкія, якіх мы любім і захоўваем памяць пра іх у сэрцах нашых. Згодна з хрысціянскім веравучэннем, людзі паміраюць толькі целам, а душа мае жыццё вечнае, таму мёртвыя кветкі ім прыносіць не трэба, а лепш памаліцца за спачын душы.
Для тых, хто лічыць, што натуральныя кветкі на могілках вельмі хутка завянуць, ёсць альтэрнатыва: можна высадзіць шматгадовыя расліны, якім для нармальнага росту не трэба шмат вады: лепш за ўсё падыходзяць тыя, якія плятуцца па паверхні грунту, напрыклад, барвенак. Прыдатнымі для могілак з’яўляюцца і тыя кветкі, якія растуць пучкамі, да прыкладу, нарцысы, цюльпаны, незабудкі ды касачы. Апошнія, дарэчы, заўсёды лічыліся жалобнымі кветкамі.
Як бачым, варыянты існуюць розныя, і зусім неабавязкова выбіраць самы лёгкі для сябе, але шкодны для асяроддзя.

Штогод на могілках Беларусі апынаецца каля аднаго мільёна штучных кветак – гэта складае прыблізна 10 тон пластыку.
Беларусы штогод аддаюць прыкладна 1 мільён беларускіх рублёў за штучную прыга­жосць на Радаўніцу.

Таццяна ШУСТОЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: чарговая партыя “прыгожай атруты” зноў апанавала гандлёвыя кропкі райцэнтра.
Фота Я. Кадацкага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *