Фестиваль двух рек прошел в Докшицах (+ ФОТО)

img_8162Фестываль дзвюх рэк – такую афіцыйную назву атрымаў рэспубліканскі фестываль, які праходзіць у Докшыцах у чацвёрты раз. Па традыцыі мерапрыемства пачалося з урачыстага тэатралізаванага шэсця, удзельнікі якога прайшлі па цэнтральнай вуліцы Докшыц і спыніліся на беразе гарадскога возера. 

У нашых мясцінах самыя чыстыя крыніцы, таму кожную вясну да вытоку ракі Беразіна прылятаюць белыя лебедзі. Яны нясуць на крылах сапраўднае чыстае каханне. Сёлета ім адарылі маладажонаў – Вераніку і Андрэя, якія напярэдадні злучылі свае сэрцы. Да сімвалічнага месца, дзе размешчана арка ў выглядзе белых лебедзяў, запрасілі сямейную пару Івана і Валянціну Камінскіх, што пражылі разам пяцьдзясят гадоў. Залатыя юбіляры павіншавалі маладых і падзяліліся з імі сакрэтам доўгага сямейнага жыцця.
Святочная праграма “Віват, фестываль!” распачалася на сцэне летняга амфітэатра. На свята завіталі ганаровыя госці – старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў і начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі.
– Вельмі прыемна, што на фестываль у Докшыцы прыязджаюць творчыя калектывы з розных куткоў Беларусі і бліжняга замежжа, – гаварыў Ула­дзімір Цярэнцьеў. – Менавіта з добрых узаемаадносін і творчасці пачынаецца сяброўства. Гэту ісціну можа пацвердзіць ваш зямляк Уладзімір Цацоха, які трыццаць гадоў таму стаяў ля вытокаў стварэння “Славянскага базару”, дэвізам якога сталі словы “Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення”. Жадаю фестывалю далейшага працвітання, а ўсім удзельнікам – атрымаць задавальненне ад выступленняў.
Жыхароў і гасцей горада прывітала белая Лебедзь, якая велічна плыла па воднай гладзі. Фестываль шырока раскінуў свае сяброўскія абдымкі і сустракаў гасцей – народны ансамбль “Лявоніха” з Мінскай вобласці, дэлегацыю з горада-пабраціма Дзмітрыева Курскай вобласці, танцавальны калектыў “Піесіціенс” з Балві, народныя ансамблі “Весялінка” з Вілейскага раёна, “Пліса” – са Смалявіцкага, ансамбль эстраднай песні “Павер’е” з Барысаўскага раёна, жаночы хор “Беразіначка” з Лепельскага раёна. Гледачы з задавальненнем сустракалі апладысментамі ансамбль песні “Ферцінка” і народны ансамбль песні “Мельница” з Полацкага раёна, а таксама народны вакальны ансамбль “Беразіначка” з Маладзечанскага раёна і народную студыю “Чараўніцы” Магілёўскага Цэнтра культуры і вольнага часу. Калектывы прадэманстравалі сваё выканаўчае майстэрства, падарылі шмат станоўчых эмоцый прысутным.
Гімн, аўтарамі якога з’яўляюцца нашы землякі Мар’ян Зелянкевіч і Ірына Сясіцкая, у выкананні арт-групы “Карат” завяршыў урачыстае адкрыццё рэспубліканскага фестывалю дзвюх рэк.
Увечары дакшычан і гасцей горада чакала святочная дыскатэка і канцэрт групы “Дразды” з яе фронтменам Віталем Карпанавым.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсаў – яшчэ адна інтрыга фестывалю. Пра тое, хто атрымаў узнагароды, а таксама як праходзілі агляд-конкурс “Сямейныя забавы”, конкурс вакалістаў “Бярэзінскія напевы” і міжнародны пленэр мастакоў, чытайце ў наступных нумарах раённай газеты.
Таццяна Майская.
Фота аўтара, В. Чарвінскага, Я. Малевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *