Беларусь и Китай создадут совместное производство торфопродукции в Докшицком районе
Сумеснае прадпрыемства з удзелам кітайскага капіталу па вытворчасці торфапрадукцыі плануецца стварыць у Віцебскай вобласці. Пра гэта паведаміла журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна на брыфінгу, прысвечаным удзелу дэлегацыі вобласці ў Форуме рэгіёнаў-пабрацімаў кітайскай правінцыі Шаньдун.
Плануецца, што ўдзельнікамі гэтага праекта стануць кітайская кампанія сельскагаспадарчай накіраванасці, зацікаўленая ў пастаўках торфапрадукцыі ў буйных аб’ёмах, і УП «Віцебскаблгаз», у склад якога ўваходзіць філіял па здабычы і перапрацоўцы торфу ў Докшыцкім раёне. «Узаемная зацікаўленасць у гэтым праекце ёсць. У бліжэйшы час мы маем намер дэталёва прапрацаваць пытанні лагістыкі паставак прадукцыі, яе аб’ёмы, кошт і іншыя ключавыя моманты», — канстатавала Анжаліка Нікіціна.
Старшыня камітэта эканомікі таксама адзначыла, што сур’ёзная цікавасць падчас форуму была праяўлена да мяса-малочнай прадукцыі, што выпускаецца ў Віцебскай вобласці. «У складзе дэлегацыі быў кіраўнік Глыбоцкага мясакамбіната. І зараз прапрацоўваецца пытанне аб сертыфікацыі дадзенага прадпрыемства з мэтай рэалізацыі прадукцыі на кітайскі рынак. Лічу, што тут у нас ёсць таксама добрыя перспектывы далейшага развіцця», — дадала Анжаліка Нікіціна.
Форум рэгіёнаў-пабрацімаў кітайскай правінцыі Шаньдун праходзіў 15-17 кастрычніка ў горадзе Цзінань. Дэлегацыю Віцебскай вобласці на чале са старшынёй аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым прадстаўлялі кіраўнікі камітэта эканомікі аблвыканкама, гарадоў вобласці, адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск», канцэрна «Мяса-малочныя прадукты», перапрацоўчых і прамысловых прадпрыемстваў, дрэваапрацоўчых вытворчасцей. На палях форуму кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама і Народнага ўрада правінцыі Шаньдун было падпісана пагадненне аб дружбе і ўсебаковым супрацоўніцтве, прынята рашэнне аб падрыхтоўцы і рэалізацыі дарожнай карты супрацоўніцтва, а таксама вызначаны найбольш перспектыўныя для гэтага сферы.
Дзелавыя кантакты з правінцыяй Шаньдун, якая ўваходзіць у тройку лідзіруючых рэгіёнаў Кітая, у Віцебскай вобласці развіваюцца з моманту падпісання першага мемарандума аб супрацоўніцтве ў 2006 годзе. Паміж сабой узаемадзейнічаюць Віцебск і Цзінань, Наваполацк і Вэйхай, Орша і Ціндао. За студзень — жнівень тавараабарот Віцебскай вобласці з правінцыямі Кітая склаў 69,6 мільёна даляраў, што ў 2,1 раза перавышае паказчык за аналагічны перыяд 2018 года.
Фота А. Варанковіча.