Самые выгодные цены в аптеке по улице Школьной в Докшицах
Загадчыца аптэкі № 353, што па вуліцы Школьнай у Докшыцах, Ала Скурат яшчэ 28 гадоў таму адчувала сябе сапраўднай чараўніцай, бо, калі прыйшла працаваць у Бягомльскую аптэку пасля заканчэння Магілёўскага медвучылішча, займалася прыгатаваннем лекавых сродкаў. Улюбёная ў хімію дзяўчына з задавальненнем выконвала сваю работу, ведаючы, як правільна, у якім парадку і ў якіх прапорцыях зрабіць пэўную лекавую форму: напрыклад, кроплі для вачэй, мазь для вонкавага прымянення, парашкі і многае іншае.
Зараз лекавыя сродкі гатуюць, калі неабходна, толькі ў цэнтральнай аптэцы. Аб’ёмы, зразумела, намнога меншыя, бо з выпускам медыкаментаў добра спраўляецца фармацэўтычная прамысловасць.
– У нашай аптэцы можна купіць лекі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Прычым беларускія апошнім часам сталі больш запатрабаваныя, – гаворыць Ала Мікалаеўна. – Вядома, зараз часцей за ўсё набываюць супрацьвірусныя лекавыя сродкі.
Сёння фармацэўты – гэта яшчэ і кансультанты. Калі патрэбных лекаў у наяўнасці няма, то праз Інтэрнэт, з дапамогай медыцынскага партала tabletka.by могуць пашукаць іх у іншых аптэках. Абавязкова прапануюць шырокі выбар вітамінаў і мікраэлементаў, а таксама біялагічна актыўныя дабаўкі.
Аптэка працуе ўжо год. Для тых, хто, па завядзёнцы, часцей атаварваецца ў іншых, паведамляем, што ў аптэцы водна-аздараўленчага цэнтра дзейнічае шмат зніжак. У прыватнасці, 5 працэнтаў – на ўвесь тавар. У аптэках раёна для пенсіянераў, інвалідаў і шматдзетных сем’яў – 10 працэнтаў на прэпараты айчыннай вытворчасці згодна пераліку. Прадугледжана электронная паслуга інтэрнэт-заказ з 5-ці працэнтнай зніжкай, а таксама зніжка для трымальнікаў дысконтнай карты ‘‘Праграма 90 плюс 90’’.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: наведвальніка кансультуе загадчыца аптэкі № 353 Ала Скурат.
Фота аўтара.