Супербабушки показали класс
Тое, што наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў умеюць праводзіць час цікава, ужо даўно не сакрэт. У чарговы раз пераканаліся ў гэтым і выратавальнікі якія завіталі ў аддзяленні, каб правесці інструктаж на выпадак надзвычайных сітуацый. У выніку атрымаўся сапраўдны фестываль “СуперСТАР”.
Аказваецца, прадстаўнікі залатога ўзросту да сустрэчы падрыхтаваліся загадзя, чым прыемна ўразілі пажарных інспектараў. Прыдумалі назвы камандаў – “Іскры” і “Брандспойты”, а пасля прадэманстравалі свае веды і спрыт у шасці конкурсах. Напрыклад, у “Пажарным боўлінгу” трэба было збіць максімальную колькасць кегляў. Выпрабаванне, якое называлася “Медыцына”, праверыла ўменне ўдзельнікаў аказваць першую медыцынскую дапамогу пацярпелым.
Наколькі супербабулі валодаюць асновамі бяспекі жыццядзейнасці, высветлілася ў час конкурсу “Рынг бяспекі”. Тут жа было аб’яўлена спаборніцтва на самае хуткае пераапрананне ў баявое адзенне выратавальнікаў, з якім жанчыны паспяхова справіліся. Самым вясёлым стаў конкурс “Прыпеўкі бяспекі”. Яго ўдзельнікі пакарылі пажарных не толькі сваім вакальным талентам, але і натхнілі на далейшае правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў у такой вось незвычайнай вясёлай і пазнавальнай форме.
Пераможцаў конкурсаў падчас фестывалю “СуперСТАР” вызначаць не сталі, бо абсалютна ўсіх можна было лічыць імі. Асаблівую падзяку за арганізацыю мерапрыемства выратавальнікі выказалі загадчыцы аддзялення Алене Сарокінай.
Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота прадастаўлена РАНС.