ФК «Кёльн» отправил козла-талисмана на пенсию в Докшицы
Падставай для нараджэння гэтага фельетона стаў ананімны званок на “гарачую лінію” рэдакцыі. Мужчына, які не захацеў назваць свайго прозвішча, абураўся тым, што на гарадскім стадыёне пасуцца козы. Па законе падобны зварот можна было б пакінуць без увагі, але мы палічылі патрэбным праверыць, ці сапраўды названая жывёла мірна ўжываецца на стадыёне разам са спартсменамі. Усё аказалася так, як і казаў невядомы гараджанін, а козачка, дарэчы, аказалася вельмі мілай і нават згадзілася “папазіраваць”. Пакуль вярталіся ў рэдакцыю, і нарадзіўся фельетон пра казлоў і стадыён.
Шмат давялося ў жыцці пабачыць розных цудаў. І мядзведзя, які па крузе ездзіць на ровары, і мыш, што катае шпульку, і вавёрку ў коле. Гэтыя звяры навучаны падобным фокусам на пацеху людзям. Давялося пабачыць цуд і ў Докшыцах.
На гарадскім стадыёне, наразаючы кругі, забаўляўся казёл. Не, нікога гэтым словам не хачу пакрыўдзіць — на самой справе ў спартсмены запісаўся сапраўдны казёл. З барадой і рагамі. Улічваючы, што на дварэ лістапад, а слупок тэрмометра ўжо быў ніжэй за нуль, то жывёліна за доўгі час трэніровак і загартоўкі знаходзілася ў добрай фізічнай форме.
Што гэта быў за казёл! Статны, што той Атлант, які спусціўся з Алімпа, з магутнымі рагамі і пухнатай барадой. Быў у яго і свой занятак. Паскубе траўку і зноў пойдзе на кароткі забег па ланцугу. Вось дык жыццё! Ці не той гэта казёл, пра якога ў свой час спяваў Уладзімір Высоцкі, бо і наш, як і той, мае прывілею? Не кожнаму дазваляецца пасвіцца на галоўным гарадскім стадыёне, ды сярод белага дня. Колькі ўвагі да яго! А яшчэ казёл аказаўся схільны да пахвальбы. У адрозненні ад “зорных” спартсменаў, ахвотна стаў у “стойку” для пазіравання.
Можа б яно і нічога, каб існавала ў нашым горадзе, напрыклад, спартыўная школа казлоў, і заняткі на стадыёне ўваходзілі ў іх навучальную праграму. Але ж пакуль стадыён прызначаны для людзей, а для выпасу, няхай сабе і казлоў, ёсць іншыя месцы. Праўда, у Германіі ёсць адзін рагаты і з барадой, які мае падобную прывілею. Перад кожнай дамашняй гульнёй тамтэйшага футбольнага клуба “Кёльн” на поле выводзяць казла – прадстаўніка цэлай дынастыі казлоў-талісманаў, якую зараз ужо прадстаўляе Хэнес Дзявяты. Адным словам, кожны дурнее па-свойму…
Можа, і ў нас на стадыёне пасецца казёл-талісман, а мы не ведаем? Было б вельмі добра пазнаёміцца і выведаць сакрэты наконт гэтай справы ў яго гаспадара. А ён у казла несумненна ёсць. Ну не можа гэткая добрая жывёліна жыць сама па сабе! Але, як бы там ні было, здаецца, што да Хэнеса Дзявятага таму, што пасецца на стадыёне ў райцэнтры, далёка, а таму кожны казёл павінен ведаць сваё месца.
Пётр РОМЫСЛАЎ.
Фота В. Чарвінскага.