Прекрасные кузовки делает из тонкой сосновой щепы житель д. Береснёвка Докшицкого района Пётр Кургей

Вось такія цудоўныя карабы пляце Пётр Кургей.

Вось такія цудоўныя карабы пляце Пётр Кургей.

Праязджаючы па Бераснёўцы, папыталіся ў стрэчных жыхароў пра мясцовых майстроў. “А вось пра Пятра Кургея напішыце, – параілі нам. – Ён дужа харошыя кашы пляце”.
Заехаліся па названым адрасе, дзе, да нашай радасці, засталі і самога Пятра Кузьміча, і яго жонку Ніну Іванаўну, былых механізатара і аператара машыннага даення кароў, а зараз ужо пенсіянераў.
На панадворку ў Кургеяў, акуратным, дагле­джаным, столькі будынкаў – вочы разбягаюцца.
– У адным доме мы з мужам жывём, а ў тым, што бліжэй да вуліцы, – дзеці і ўнукі, калі прыязджаюць на выхадныя, на канікулы, у водпуск, – распавяла Ніна Іванаўна. – Дзяцей жа ў нас пяцёра, дзесяць унукаў і праўнучку маем – вось якія багатыя! А гаспадар мой тых кашоў перарабіў, мусіць, не адну сотню.
Чакалі ўбачыць круглыя кошыкі з лазы ці, як цяпер часта робяць, пераплеценыя шпагатам або ўпаковачнай стужкай. А Пётр Кузьміч прынёс рэчы, якія кашамі і не назавеш. У Расіі, здаецца, называюць іх “кузовками”, а ў нас – карабамі. Форма ў іх найчасцей прамавугольная, квадратная, толькі вуглы закругленыя.
– Матэрыял для такіх карабоў – тоненькая сасновая лучына, – дзеліцца сакрэтамі майстэрства Пётр Кузьміч. – Далёка не кожная сасна для работы прыгодная. З маладой, напрыклад, нічога не атрымаецца. Дрэва павінна быць без сукоў, інакш лучыны не нашчапаеш. Таму для яе вырабу найлепш падыходзіць ніжняя частка – камель – роўнай старой сасны. Плесці трэба адразу ж, як нарыхтуеш матэрыял: лучына хутка сохне і тады ўжо не гнецца, а ломіцца. Шырыня такой сасновай стужкі вагаецца ў межах чатырох-сямі сантыметраў, у залежнасці ад памеру рэчы.
А памеры ў такіх вырабаў самыя розныя: ад зусім маленькіх да такіх, што калі насыпаць туды, скажам, бульбы, дык з цяжкасцю і падымеш. Майстар адзначае, што карабы могуць выкарыстоўвацца для самых розных работ – па грыбы-ягады хадзіць, бульбу капаць, яблыкі збіраць, нават сена пераносіць. Раней жанчыны ў іх насілі на рэчку бялізну паласкаць. Ды і шмат чаго іншага: як гаварыў герой вядомага мультфільма – праўда, пра пусты гаршчок – у іх можна захоўваць што-небудзь патрэбнае.
Пётр Кузьміч кажа, што карабы папулярныя ў нашым раёне толькі на Бягомльшчыне, нават у Докшыцах глядзяць на іх, як на дзіва, пытаюцца пра прымяненне. А дарма, зазначае: зручна і прыгожа. Уявілі сабе такі карабок, напоўнены, да прыкладу, малінамі ці грыбамі, – сапраўды, і зручна, і прыгожа.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *