Многогранностью таланта удивляет мастер из д. Домашковичи Докшицкого района Василий Биратко

Стралец Васіля Біраткі.

Стралец Васіля Біраткі.

Бываючы ў Дамашкавічах, заўжды звярталі ўвагу на скульптуры з сеткі ў некаторых панадворках. Пацікавіліся ў мясцовых жыхароў, хто аўтар такога арыгінальнага хараства. І вось нарэшце лёс падараваў сустрэчу з чалавекам, для якога, не пабаюся гэтых слоў, у жыцці няма нічога немагчымага. Васіль Біратка, загадчык пункта пракату санаторыя “Лясное”, аказаўся не толькі цікавым і таленавітым чалавекам – яго прага адкрываць у сабе новыя і новыя здольнасці і рашучасць, з якой ён бярэцца за кожную справу, проста ўражваюць.

– Лянота – рухавік прагрэсу, – так жартам тлумачыць свае памкненні да рознага роду ўдасканаленняў і вынаходніцтваў Васіль Фёдаравіч. – Не хочаш напружвацца фізічна – трэба працаваць галавой.

Тут ён, канешне, крыху хітруе і прымяншае свае вартасці, бо не толькі галаву, а і залатыя рукі мае, каб укараняць у жыццё “палёты фантазіі”. Пра сябе гаворыць сціпла і коратка: родам з Сенненскага раёна, па прафесіі будаўнік, па жыцці аптыміст і працаўнік. А вось калі размова заходзіць пра творчасць, вочы суразмоўцы загараюцца.

– Спярша мае пачынанні былі, скажам так, штуршкамі збоку, – распавядае. – Працаваў у сталярным цэху, папрасілі мяне змайстраваць сувенірную бочачку для мёду. Штукаваўся некалькі дзён, зрабіў яе з паркету, абручы з ацынкоўкі, унутры – аддзелка лістамі воску. Нядрэнна атрымалася, сам не чакаў. Сталі прасіць яшчэ і яшчэ. Прыйшлося прыдумаць незвычайны такарны станок: крывыя, з арматуры, разцы выдзіралі ўнутранасці бервяна. Даводзіў ужо стамескай, на паверхні касячком рабіў несапраўдныя абручы, а донца і накрыўку – з фанеры. Паставіў справу на паток. Яшчэ аднаму чалавеку не змог адмовіць у вырабе вінтавой лесвіцы. Давялося раскінуць мазгамі і крыху папсаваць матэрыялу, якога, адразу папярэдзіў заказчыка, павінна быць з лішкам. Атрымалася. З тае пары не раздумваючы бяруся за такую работу, сам праектую, раблю чарцяжы. Не паўтараўся ні разу – нецікава.

Больш за два дзясяткі гадоў таму ў Дамашкавічах пачалі будаваць царкву на месцы спаленай. За выраб купала да яе Васіль Фёдаравіч узяўся па ўласнай ініцыятыве. Хваляваўся, як атрымаецца, бо Інтэрнэта яшчэ не існавала, ды і зараз складана ў ім знайсці такія майстар-класы, спецыялісты ў гэтай справе лічаныя. Спадзяваўся толькі на ўласную кемлівасць. Найперш з ацынкоўкі сабраў двухметровы купал, крыж зрабіў са стальных лістоў ад спісанай пасудамыйнай машыны пры дапамозе зубіла і кувалды – людзі не верылі, думалі, завадскі. Захапленне і ­ўдзячнасць прыхаджан натхнілі на выраб яшчэ двух купалаў – за ўзор узяў храм Васілія Блажэннага. Вінтавы купал майстар выканаў нават без каркаса!

– А ўвогуле каркасы я раблю з дрэва: даступна, танна, заўсёды пад рукой. І, не паверыце, даўгавечна. Даводзілася разбіраць старыя, па сто і больш гадоў, купалы, дык дрэва там захавалася выдатна. Галоўнае, каб нідзе не зацякала вада і была невялікая вентыляцыя, – удакладняе наватар. – Люблю купалы каляровыя: яны святочныя, даюць большы прастор для фантазіі. Крыжы ў мяне лёгкія, пустацелыя, карункавыя, а шары вырабляю па форме ўсечанага ікаса­эдра. Такія сустракаць не даводзілася, лічу іх сваёй “візітнай карткай”.

З дрэвам Васіль Фёдаравіч працуе шмат: вазы, шыкоўныя падстаўкі для кветак з якіх-небудзь знойдзеных у лесе карчоў, статуэткі, нават шахматы, карціны са шпону, мазаічная падлога са спілаў – прыгажосць! Але найбольш уражвае яго рацыяналізатарства.

– Усё цяжка прыгадаць. У савецкія часы рабіў квадрацыклы, аэрасані, звышмалыя лятальныя апараты, ­аэрастаты для фотаздымак мясцовасці, самыя розныя станкі, напрыклад, лобзік з халадзільніка. Першы такарны станок у мяне быў цалкам драўляны, акрамя матора і бабкі. Шківы з дубу за пяць гадоў эксплуатацыі практычна не знасіліся. З дзвюхручнай пілы зрабіў насадку на бензапілу “Дружба”, плюс два колы – і касіў траву для цешчынай каровы без вялікіх намаганняў. Трымераў тады яшчэ не было і ў паміне. Або такая “формула”: частка дзвярэй + калёсы лобзікам з дошкі + чатыры балты-самарэзы + электрарухавік на 300 Вт + нож са спружыны дзвярнога даводчыка = газонакасілка. Нават купленыя інструменты дапрацоўваю для выканання задач, не прадугледжаных заводам.

Новае захапленне майстра – скульптуры з тынковачнай ацынкаванай сеткі, якія могуць служыць для ўпрыгажэння садоў, паркаў, двароў, выкарыстоўвацца замест рэкламных шыльдаў на дахах. Васіль Фёдаравіч сцвярджае, што тут палёт для фантазіі бязмежны. Фігуры самі па сабе глядзяцца прыгожа, але пры жаданні іх можна абвіць святлодыёднымі лямпачкамі, зімой напоўніць снегам і абліць вадой, каб атрымаць ледзяныя скульптуры. Можна пакрыць іх святлоадбівальнымі фарбамі, каб свяціліся ў цемры. Можна ўнутр пасадзіць плюшч або тую і, калі разрасцецца, абстрыгаць па контурах – таксама прыгожа і арыгінальна. У санаторыі ўмелец стварыў цэлыя кампазіцыі з сятчатых фігур: планеты, знакі Задыяку, парад сімвалаў гадоў па ўсходнім гараскопе. Адметна, што ніякіх інструментаў пры вырабе скульптур ён не выкарыстоўвае – нарэзаную на патрэбнага памеру кавалкі сетку выгінае ўручную.

– Калі ёсць мэта, то зусім няважна, што для яе дасягнення маеш напачатку, – рэзюмуе майстар. – Упэўнены: думка матэрыяльная. Галоўнае – “убачыць”, з чаго можна зрабіць тую ці іншую рэч, а далей паступова і ўпарта прасоўваць ідэю ў жыццё: няма часу – будзе заўтра, няма матэрыялу – шукай замену… Няўдачы падсцерагаюць толькі там, дзе твае дзеянні дрэнна абдуманы. Таму, калі дакладна бачу мэту, не бачу ніякіх перашкод для яе дасягнення. Вось захацеў асвоіць камп’ютар – асвоіў.

На развітанне Васіль Фёдаравіч здзівіў яшчэ адной гранню таленту: падараваў двухтомнік – раман “Адраджэнне”, напісаны ім у даволі рэдкім для беларускіх аўтараў жанры фантастыкі. Пачала чытаць – захапляе. Як, прынамсі, і ўсё ім створанае.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *