Цивилизованность общества проявляется в отношении к умершим предкам
Вясна і восень яшчэ з язычніцтва лічыліся часам Дзядоў. Гэты паганскі звычай памінання памерлых арганічна супаў з хрысціянскімі памінальнымі днямі: вясной – з Радуніцай, восенню – з Дзмітрыеўскай суботай.
Як бачна, ад пачатку сваёй гісторыі чалавек шанаваў сваіх памерлых супляменнікаў. Задоўга да хрысціянства смерць разумелі як пераход у іншы свет і стараліся “даць” з сабой нябожчыку ўсё неабходнае: зброю, гаршчочак з ежай і іншыя патрэбныя, па тым разуменні, рэчы. Месцы пахавання абкладалі камянямі, насыпалі курганы, ставілі драўляныя зрубы з бярвенняў ці дошак. Шмат да сённяшняга захавалася старадаўніх могільнікаў з каменнымі крыжамі, у тым ліку і ў нашым раёне ў Мількуні, Бабцах, Федарках, Асецішчы.
У 18-19 стагоддзях з’явілася мода на панскія капліцы-пахавальні. Драўляная капліца ёсць у парку былога маёнтка Гняздзілава роду Шышкаў і роду Козел-Паклеўскіх. У добрым стане яна яшчэ доўга захоўвалася пасля вайны, пакуль не дабраліся да яе мясцовыя хуліганы. Павыцягвалі труны, параскідалі тое, што ў іх было. У прыстойных людзей гэта выклікала абурэнне. На жаль, нешта падобнае яшчэ сустракаецца і ў нашы дні, калі вандалы дабіраюцца да месца апошняга спачыну продкаў.
Любыя могілкі заўсёды выклікаюць інтарэс у людзей цікаўных. Тут жыццё як бы спынілася, застыла ў часе. А розная надмагільная сімволіка, калі яе ведаць, эпітафіі могуць расказаць шмат цікавага.
Самы распаўсюджаны сімвал на любым некропалі – гэта, канечне, крыж. Ён абавязковы ў абедзвюх канфесіях: чатырохканцовы ў католікоў і шасціканцовы – у праваслаўных. Хаця на гістарычных могілках, якім па 200-300, а то і больш гадоў, бачна, што бедныя людзі не мелі магчымасць паставіць нават яго, таму абмяжоўваліся простым каменем без ніякіх знакаў. Анёлы, выявы Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі і многія іншыя хрысціянскія сімвалы, незвычайныя помнікі – гэта ўсё, канечне, больш адметнасць могілак вялікіх гарадоў, ці тых, дзе вялікім і магутным быў шляхецкі асяродак. Але і ў Докшыцах, калі пабываць на гарадскіх, каталіцкіх, татарскіх могілках, прайсціся па іх гістарычных частках, то можна адшукаць нямала цікавага.
На гарадскіх самымі велічнымі, без сумнення, з’яўляюцца надмагіллі над месцамі пахавання святара Мікалая Пляшчынскага і членаў яго сям’і. Сучасныя помнікі ці наўрад вытрымаюць выпрабаванне столькіх дзясяткаў гадоў, як гэтыя, і застануцца ў добрым стане. Цікава, што пры Польшчы ў міжваенны перыяд эпітафіі на помніках на польскай мове рабілі як католікі, так і праваслаўныя. Ёсць, хаця іх вельмі мала, надпісы і па-беларуску. Захаваліся яшчэ і помнікі атэістычных часоў, калі замест крыжа іх вянчалі пяціканцовыя зоркі.
Эпітафіі яшчэ ў 1950-1960 гадах былі некалькі іншымі, чым зараз. Напрыклад, маглі напісаць, што стала прычынай смерці, асабліва, калі яна была заўчаснай. Напрыклад, на помніку Уладзіміру Лубачку, устаноўленаму ў 1975 годзе, указваецца, што нябожчык быў зверскі забіты бандытам, а на надмагіллі Ганне Касцюк і яе чатырохгадоваму сыночку Толю напісана, што яны трагічна загінулі, толькі не паведамляецца якім чынам. Часта нагадвалася кім быў памерлы пры жыцці або які меў сацыяльны статус: напрыклад, пісалі, што інжынер, удава. Здаралася, што падрабязна ўказвалі, хто ўстанавіў помнік. Напрыклад, Уладзіміру Гаўрыловічу, акрамя родных, гэта зрабіла яшчэ і “ дзяржаўная лясная ахова Бярэзінскага дзяржзапаведніка”. На велічным помніку Барысу Пляшчынскаму зазначана: “Добровольцу-воину…геройски павшему в бою под Гродно в 1916 году».
Заўсёды хочацца прыпыніцца ля пахавання Тамары Маркевіч. У 1968 годзе яна ўтапілася ў басейне, калі была студэнткай журфака Белдзяржуніверсітэта. Пра ўсё гэта таксама напісана на помніку.
Сёння з багатай сімволікі мінулага засталося няшмат. З хрысціянскага – крыж і анёлы, з грамадскага могуць быць выявы, якія сімвалізуюць занятак памерлага пры жыцці.
Свет мемарыяльнай сімволікі, што літаральна дыхае гісторыяй, можа сказаць вельмі многае, трэба толькі ўмець уважліва глядзець.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ
Фота аўтара і Вячаслава ЧАРВІНСКАГА