30 лет протоиерей Леонид Стреха служит в церкви агрогородка Ситцы
Шлях да святарства ў кожнага свой, агульнае адно – асаблівы ўнутраны стан, калі чалавек адчувае пакліканне да службы Богу. Протаіерэй Леанід Страха служыць 30 гадоў. Блаславіў яго на святарскі шлях епіскап Дзмітрый, які завітаў адным часам у царкву вёскі Рубель, што на Століншчыне. Запытаўся ў настаяцеля мясцовага храма пра хлопцаў з веруючых сем’яў, той і паказаў на братоў-блізнят Леаніда і Аляксандра. У іх вялікай сям’і святароў яшчэ не было, але сярод радні ўжо меліся. Сёння служаць Богу не толькі блізняты, але і іх малодшы брат Мікалай, а адна з трох сясцёр замужам за святаром.
Айцец Леанід закончыў Віцебскую семінарыю, крыху служыў у абласным цэнтры, а 4 снежня 1991 года ўжо правіў сваю першую службу ў храме вялікапакутніка Георгія Перамоганосца ў Сітцах, якраз на свята Увядзення ў храм Маці Божай. Пастырскае служэнне сённяшняга благачыннага Докшыцкай акругі прайшло на вачах у вернікаў, з якімі зрадніўся, і зараз яны як адна сям’я. Прыхаджане любяць і паважаюць свайго святара за дабрыню, за ўменне быць вытрыманым у любой сітуацыі. Ён усяляе спакой і ўпэўненасць у тым, што ўсё атрымаецца, калі будзеш з Богам.
Царква вялікапакутніка Георгія Перамоганосца ў Сітцах – адзін з самых велічных храмаў благачыння, нягледзячы на больш чым стогадовы ўзрост. І сёння ў многім дзякуючы намаганням яе гаспадарлівага настаяцеля яна красуецца ва ўсёй сваёй прыгажосці. Працы на гэта ўкладзена шмат. Да 90-гадовага юбілею ўпершыню ў сённяшняй гісторыі храма былі адноўлены фрэскі намаганнямі вядомага мастака Віктара Маркаўца. А праз 10 гадоў храм перажыў капітальны рамонт, калі некранутымі заставаліся толькі падмурак ды сцены. Шмат было набыта царкоўных рэчаў, у тым ліку і новае панікадзіла. Айцец Леанід прызнаецца, што і сёння яшчэ не можа да канца ўсвядоміць, адкуль тады браліся і сілы, і сродкі. Толькі з Божай дапамогай можна было асіліць падобнае.
Шлях святарства мае свае падводныя камяні, як і жыццё любога чалавека, але наколькі лягчэй іх пераадольваць, калі побач ёсць той, хто заўсёды гатовы падзяліць з табой цяжкую ношу. У айца Леаніда гэта матушка Ніна – надзейны, верны памочнік. Замуж яна выходзіла за звычайнага хлопца, хаця і аднаго з самых прыгожых і статных у іх вялікай вёсцы. І раптам ён сказаў, што пойдзе вучыцца ў семінарыю, а ёй трэба будзе стаць матушкай. Нечакана і страшна, хаця Ніна і была з веруючай сям’і, а самыя прыемныя ўспаміны дзяцінства – гэта паходы з бабуляй у мясцовую царкву. Але ж у новым статусе было столькі невядомага! Толькі, як і трэба любячай жонцы, словам не запярэчыла, а стала першай памочніцай і дарадчыцай у прыходскіх справах. Прыкіпела да іх душой, і зараз матушка Ніна мае вялікі аўтарытэт у вернікаў. Яна прывяла ў парадак багаты царкоўны архіў, беражліва захоўвае традыцыі царкоўнага хору, а зараз з’яўляецца і яго кіраўніком. Асаблівыя адносіны ў яе з дзецьмі і моладдзю. Практычна ўсе школьнікі займаюцца ў нядзельнай школе, а сама матушка часты госць ва ўстанове адукацыі, дзе па яе прапанове і з яе ўдзелам праводзяцца многія мерапрыемствы. Нездарма дзейнасць Ніны Страхі па выхаванні падрастаючага пакалення на прынцыпах духоўных каштоўнасцей адзначана узнагародай. У айца Леаніда цеснае сяброўства з хлопцамі. Яго першыя прыслужнікі ў храме ўжо дарослыя, але па прыездзе ў вёску абавязкова забягаюць да свайго духоўнага настаўніка пагутарыць, параіцца, атрымаць блаславенне. Раўніва назіраюць, як спраўляюцца з абавязкамі ў час службы сённяшнія юныя памочнікі айца Леаніда.
У нядзелю, па заканчэнні літургіі, калі ў храме адбылася невялікая ўрачыстасць з нагоды 30-годдзя пастырскага служэння настаяцеля, самыя цёплыя словы айцец Леанід атрымаў ад школьнікаў. Яго таксама віталі прыхаджане, старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Наталля Каляда, дарылі кветкі, падарункі і, самае галоўнае, сваю любоў і вялікую ўдзячнасць за далучэнне да веры, да Бога, да таго, што дапамагае ўтрымацца чалавеку ў жыццёвай плыні перад тым, як адысці ў Вечнасць.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА