Статуэтку Иисуса Христа нашел житель Волколат

izobrazhenie_viber_-27_12-34-59-893

Паўметровую драўляную статуэтку Ісуса Хрыста знайшоў у бервяне зруба напярэдадні дня св. Мікалая жыхар аграгарадка Валкалаты, механізатар ДП “АграСітцы”  Павел Кімстач. Яна  выдатна захавалася і не мае ніякіх пашкоджанняў, хаця драўніна вакол яе схованкі была  паедзена шашалем. Яшчэ адна адметнасць: бензапіла, з якой працаваў Павел, заглухла якраз тады, калі яе палатно павінна было разрэзаць фігурку ў дрэве на дзве часткі.

Гады два таму ў суседняй вёсцы Віржы праводзілася добраўпарадкаванне некалькіх закінутых сядзіб. Ахвотным сельвыканкам прапанаваў разабраць трухлявыя пабудовы і выкарыстаць у сваіх мэтах. Тады Павел і перавёз бярвенне старога хлява на свой падворак: з часам меў намер парэзаць яго на дровы. За гэту справу і ўзяўся нядаўна з бензапілой, і ў адзін момант яна раптоўна заглухла. Праверыў наяўнасць бензіну – дастаткова, свечы – усё нармальна. Завёў пілу зноў, павярнуў бервяно, каб было зручней, – і раптам з сярэдзіны дрэва выкацілася на снег ярка расфарбаваная драўляная статуэтка – выява Ісуса Хрыста – на драўлянай жа падстаўцы.

Выемка ў дрэве для размяшчэння статуэткі, зразумела, была зроблена спецыяльна. Старажылы сцвярджаюць, што раней у вёсцы было шмат пажараў, і таму, узводзячы дамы і гаспадарчыя пабудовы, людзі закладвалі ў падмуркі, сцены або дахі своеасаблівыя абярэгі ад агню. Мабыць, такі абярэг і знайшоў мясцовы жыхар. А вось чаму статуэтка не выпала з бервяна пры разборцы, перавозцы, пагрузцы-разгрузцы і чаму спыніла сваю работу піла, – гэта ўжо, згадзіцеся, асобная тэма. Цяпер маленькая святыня заняла пачэснае месца ў новым доме і, вераць гаспадары, гэтак жа будзе аберагаць ад злога і іх жытло.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *