Как печатный станок бригады «Железняк» помогал ковать Победу
Друкарскі станок ваенных часоў знаходзіцца ў Бягомльскім музеі народнай славы на відным месцы як адна з самых каштоўных рэліквій. Міма не пройдзеш. Сваёй формай нагадвае міні-танк. А ён і быў баявой адзінкай партызанскай брыгады “Жалязняк” – страчыў тысячамі экзэмпляраў газет і рваў інфармацыйную прастору сотнямі тысяч улётак. Часта друкаванае слова станавілася не толькі адзінай крыніцай інфармацыі, але і рупарам веры ў Перамогу.
СМІ Савецкага Саюза мабілізаваліся з самага пачатку вайны. Масава разгарнулася ваенная прэса, і менавіта для яе ў першую чаргу былі прызначаны спецыялісты, абсталяванне і папера. Газетная папера стала стратэгічным таварам, яе размеркаванне зацвярджалася асабіста Сталіным.
Кожны фронт, войска і корпус, аж да дывізій і асобных брыгад, меў сваю газету. Усяго за час Вялікай Айчыннай вайны ў войсках і на флоце выходзіла 1357 газет. Нярэдка яны гінулі разам з вайскоўцамі. Калі ў 1942 годзе агульны тыраж ваеннай прэсы дасягаў трох мільёнаў экзэмпляраў, то да канца вайны павялічыўся ўдвая.
У першыя ваенныя месяцы з меркаванняў сакрэтнасці рэдактары “блыталі” нумары, пад якімі выходзілі палявыя газеты, каб не даць саперніку дадатковых звестак. Больш за тое, ля лагатыпа размяшчаўся грозны надпіс: “Пасля прачытання спаліць”. Па гэтай прычыне многія газеты першых месяцаў вайны не захаваліся. Аднак такая перастрахоўка хутка ўвайшла ў супярэчнасць з патрабаваннямі жыцця, бо газеты для байцоў і камандзіраў былі акном у свет, а іх катастрафічна не хапала. У студзені 1942 года выйшаў загад, які кардынальна змяніў жыццё газет: з гэтага часу замест “Пасля чытання спаліць” на першай стронцы нумароў з’явілася іншае прадпісанне: “Прачытай і перадай таварышу”.
Па меры разгортвання партызанскага руху расла колькасць газет і за лініяй фронту, да пачатку 1943 года іх выдавалася каля дзвюх соцень. Цэнтральны штаб партызанскага руху пераправіў туды больш за сотню паходных друкарняў. Усяго за тры гады акупацыі на захопленых ворагам землях Савецкага Саюза выдавалася 385 партызанскіх і падпольных газет.
Як друкарня апынулася ў бягомльскіх лясах? Перавезці і схаваць яе ў першыя дні вайны параіў рэдактару раённай газеты “Савецкі патрыёт” Андрэю Касцяневічу тагачасны сакратар Бягомльскага райкама партыі Сцяпан Манковіч, ураджэнец вёскі Беразіно, будучы Герой Савецкага Саюза.
Час для друкаванага слова прабіў у 1943 годзе. Манковіч адшукаў Касцяневіча, які ў той час знаходзіўся ў смалявіцкім падполлі, і адклікаў яго ў партызанскую брыгаду “Жалязняк”. Выданне газеты было адноўлена 23 лютага. Працавалі над ёй былыя супрацоўнікі рэдакцыі і друкарні. Касцяневіча пазней змяніў на пасадзе рэдактара старшы палітрук Міхаіл Загароўскі.
Не хапала паперы, фарбы, іншых матэрыялаў і абсталявання, і ўсё ж газета жыла. Кіраўнік друкарні Іван Баранаў рабіў для гэтага ўсё магчымае і нават, здавалася, немагчымае. Нягледзячы на ўдары буйных сіл карнікаў па Бягомльшчыне, на вымушаныя вандроўкі па балотах разам з партызанамі, рэдакцыйна-друкарскі калектыў справу сваю не спыняў: выдаваў інфармацыю і натхняў насельніцтва.
Газета мела шырокае распаўсюджванне і за межамі раёна. Тут публікаваліся зводкі з фронту, партызанскія навіны, матэрыялы пра дзейнасць савецкіх людзей у тыле, услаўляліся подзвігі народных мсціўцаў.
Вось першая газетная старонка за 10 верасня 1943 года, якая захавалася ў Бягомльскім музеі. Прыцягвае назва нататкі “Яшчэ не ўвесь хлеб схаваны”, мэта якой – папярэдзіць гаспадароў, якія не паспелі абмалаціць і схаваць ад крыважэрнага ворага хлеб. “Гэта бестурботнасць можа прывесці іх да галоднай зімы, – піша карэспандэнт. – Некалькі дзён таму авіяцыя немцаў і банды ўсялякага зброду, служачага ў іх, спалілі вёскі Пядань, Нябышана, Юхнаўка, Шалагіры, Тамілавічы, Беразіно, Шамаўка, Пушча (тут і далей правапіс захаваны – Рэд.). Вёскі спалілі разам з хлебам, які знаходзіўся там… Гаспадары гэтых вёсак… цяпер галадаюць”.
Апошні выпуск газеты як органа Бягомльскага падпольнага РК КП(б)Б і Н-скай партызанскай брыгады адбыўся 17 мая 1944-га. Азначаны ён як літаратурны, і на першай старонцы размешчаны вершы, прысвечаныя партызанам брыгады “Жалязняк”. Адзін з вершаў прыўрочаны да ўзнагароджання ордэнамі 139 “жалезнякоўцаў”:
У музеі захоўваюцца таксама ўлёткі і зводкі ад Савецкага інфармбюро пад назвай “Звесткі з Радзімы”, выдадзеныя газетай “Савецкі патрыёт”. За проста напісанымі радкамі – маштабныя ваенныя дзеянні, людскія трагедыі і вялікая вера ў Перамогу.
…Шли они смело знакомой дорогою,
Слушая песни лесов,
Был среди них комсомолец-бегомелец,
Наш секретарь Дернушков.
Первым пришел он в леса домжерицкие
С Красной столицы Москвы.
Первым в бригаде и орден правительства
Носит теперь на груди…
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.