Чем прославились уроженцы белорусской земли?

img_0910

«У нашым палку прыбыло», — рапартуе доктар гістарычных навук, прафесар, палкоўнік у адстаўцы Мікалай Печань. Больш за трыццаць гадоў ён збірае інфармацыю пра людзей, якія прысвяцілі жыццё ваеннай справе. Рукапіс, з якім ён завітаў у рэдакцыю, сапраўды ўражвае, яго аб’ём — 900 старонак. Сабраная інфармацыя ўвойдзе ў «Біяграфічны зборнік. Беларусь — Расіі і свету». У кнізе будуць пададзены звесткі пра 2200 знакамітых ураджэнцаў беларускіх земляў, а таксама асоб, якія маюць беларускія карані.

Мікалай Анатольевіч быў адным з першых, хто ўзняў тэму выхавання гісторыяй. Падзеі, факты, лёсы людзей, якія абаранялі, ратавалі, ахвяравалі сабой, здзяйснялі подзвігі, могуць паслужыць прыкладамі для падрастаючага пакалення.

За плячыма майго суразмоўцы — трыццаць гадоў службы ў арміі, шмат часу ён аддаў і вывучэнню ваеннай гісторыі. Працаваў у Цэнтральным музеі Узброеных сіл Расіі, Інстытуце ваеннай гісторыі, Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце. Сваімі ведамі ён шчыра дзяліўся з маладымі людзьмі. Чытаў лекцыі, праводзіў для студэнтаў, салдат і школьнікаў семінары, канферэнцыі, экскурсіі па мясцінах баявой славы. Нягледзячы на тое, што большую частку жыцця Мікалай Печань пражыў у Расіі, вельмі многа стараецца зрабіць для сваёй Радзімы. Уласна, новая кніга — чарговы падарунак Бацькаўшчыне, яна задумана як практычны дапаможнік для ўсіх, хто займаецца патрыятычным выхаваннем, будзе карыснай настаўнікам, музейшчыкам, экскурсаводам, краязнаўцам. У ёй сабраны звесткі пра ўраджэнцаў з розных раёнаў, гарадоў і вёсак нашай краіны.

Дзякуючы Мікалаю Анатольевічу, цікавыя праекты праводзяцца ў вёсцы Будзілаўка Докшыцкага раёна, дзе знаходзіцца хата яго бацькоў. Гісторык збірае звесткі пра землякоў, выступае за захаванне памяці пра ахвяр і герояў, якія тут нарадзіліся. Па яго ініцыятыве ў Будзілаўцы ў 2020 годзе з’явіўся мемарыял, звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. На плітах — прозвішчы салдат, якія не вярнуліся з фронту, партызан, мірных жыхароў, забітых акупантамі падчас карнай аперацыі «Коттбус» у маі 1943 года, а таксама знойдзеныя звесткі пра ўдзельнікаў Першай сусветнай вайны. Побач з помнікам падрастае бярозавы гай на 108 дрэўцаў — столькі імён пазначана на стэлах. Дарэчы, грошы на ўстаноўку помніка збіралі самі жыхары Будзілаўкі, а да пасадкі дрэў далучыліся мясцовыя школьнікі. Сёння гэта не проста месца, каля якога праходзяць патрыятычныя акцыі і куды настаўнікі прыводзяць дзетак на патрыятычныя ўрокі. Будзілаўцы атрымалі куток, у які яны прыходзяць з малымі дзецьмі, шукаюць прозвішчы на помніках, згадваюць родных, вучаць нашчадкаў шанаваць свой род і сваю зямлю. Яшчэ па ініцыятыве гісторыка ў вёсцы з’явіўся камень з мемарыяльным надпісам, у памяць пра ахвяр рэпрэсій.

Мікалай Анатольевіч спадзяецца, што яго работа, прысвечаная ўраджэнцам-беларусам (дарэчы, ім напісана ўжо больш за тры дзясяткі кніг), дасць штуршок да развіцця патрыятычных праектаў. У даведніку будзе змешчана толькі кароткая інфармацыя пра знакамітых беларусаў, хаця кожная са згаданых персон вартая, каб пра яе быў напісаны асобны вялікі артыкул. Магчыма, асобам, чые імёны згадвае аўтар біяграфічнага даведніка, ужо на месцах будзе ўдзелена асаблівая ўвага — пра іх пачнуць расказваць у школах, музеях, рабіць даследчыцкія працы, каб больш даведацца пра жыццё і творчасць. І наперадзе яшчэ багата адкрыццяў.

— Беларусы шмат зрабілі для засваення космасу. Звычайна ў нас згадваюць толькі прозвішчы Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага. А вось пра сціплага хлопца Антона Шкаплерава, які здзейсніў чатыры палёты, знаходзіўся ў космасе каля 709 сутак і тройчы выходзіў у адкрыты космас, у нас ніхто і не гаворыць. А ён сапраўдны беларус: яго бацькі родам з вёскі Кіпячы Быхаўскага раёна. Я асабіста з ім гутарыў, і ён мне пацвердзіў гэтыя даныя. Бацька касманаўта Алега Арцем’ева нарадзіўся ў Друі Браслаўскага раёна. Нават амерыканскі касманаўт Бартоў Джон-Дэвід Фрэнсіс мае беларускія карані. Рыхтаваліся да палёту ў космас Барыс Белавусаў з Хоцімска, Анатоль Дзядкоў з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна, Аляксандр Шчукін, бацька якога нарадзіўся ў Кармянскім раёне, і Юрый Сянкевіч, чые продкі па лініі маці паходзяць з Мядзельшчыны.

— Напэўна, для школ, якія знаходзяцца на малой радзіме гэтых людзей, падобныя факты могуць паслужыць нагодай для гонару, а можа, і натхняць вясковых хлопчыкаў на здзяйсненне «незямных» планаў.

— А яшчэ мы чакаем, адкуль будзе тая дзяўчына, якая паляціць у космас. Хаця першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова таксама мае беларускія карані. Яе бацька родам з вёскі Выйлава Бялыніцкага раёна, маці — з вёскі Ерамееўшчына Дубровенскага раёна. Беларусы таксама былі кіраўнікамі касмадромаў, працавалі ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. Я знайшоў звесткі пра 17 астраномаў, 15 канструктараў касмічнай тэхнікі. Васіль Старавойтаў, Віктар Камісараў, Яўген Кулін — інжынеры-канструктары месяцахода. Вікенцій Самаль з Маладзечна і Канстанцін Давідоўскі са Случчыны былі штурманамі-навігатарамі экіпажаў месяцахода. Беларусы ўдзельнічалі ў выпрабаваннях розных касмічных прыстасаванняў і распрацоўцы харчавання для касманаўтаў. Гэта сапраўды гонар для краіны! Можна згадаць і Сяргея Каралёва, аднаго са стваральнікаў савецкай ракетна-касмічнай тэхнікі, галоўнага канструктара першых ракет-носьбітаў пілатаваных касмічных караблёў. Так, ён нарадзіўся ў Жытоміры Валынскай губерні, але яго бацька з Магілёва!

— Інфармацыю для біяграфічнага слоўніка пра знакамітых беларусаў вы збіралі каля 30 гадоў. Але з чаго ўсё пачыналася?

— Калі я быў слухачом Ваенна-палітычнай акадэміі, сабраў звесткі пра яе выпускнікоў, якія сталі Героямі Савецкага Саюза. Пазней працаваў над кнігай «Возрождение из забвения», якая расказвае пра гісторыю афіцэрскага корпуса, яго выдатных прадстаўнікоў. Пасля была кніга «История Отечества в боевом строю»… Працаваў над невялікімі нарысамі, праз якія імкнуўся нагадаць імёны герояў. Так, знайшоў звесткі пра мічмана Аляксандра Казарскага, помнік якому пастаўлены ў Севастопалі. Ён родам з Дуброўна, Аршанскага павета. У 1829 годзе камандаваў брыгам «Меркурый» і атрымаў перамогу ў няроўным баі з туркамі… Вось тады я і вырашыў збіраць інфармацыю пра землякоў-беларусаў, якія прысвяцілі сваё жыццё вайсковай службе. Паступова назапашвалася картатэка, я знаходзіў цікавыя факты, праглядаў энцыклапедыі, працаваў у архівах Беларусі і Расіі, сустракаўся з аўтарамі падобных выданняў. Інфармацыю пра знакамітых беларусаў збіраюць і іншыя даследчыкі, але кожны працуе ў пэўным, вузкім кірунку. Я абраў сферу ўмацавання абарончай здольнасці, часавы ахоп — 300 гадоў. У першым раздзеле сабрана інфармацыя пра 600 ураджэнцаў беларускіх земляў, якія сталі вядомымі з 1721 года да 1917 (гэта даты ўтварэння і распаду Расійскай імперыі), у другім — з 1917 да 2022 года. Падобных выданняў ні ў Беларусі, ні за яе межамі яшчэ не было. Калі столькі інфармацыі сабрана ў адным месцы, сапраўды, кніга робіць моцнае ўражанне. Так, сярод выхадцаў з беларускіх земляў дзясятак кіраўнікоў дзяржаў і прэм’ер-міністраў, 14 сенатараў, больш за 70 губернатараў, чатыры міністры замежных спраў, восем міністраў унутраных спраў і юстыцыі, камандуючых начальнікаў штабоў і флатоў — пяць, два генералісімусы, 12 фельдмаршалаў… Тут дадзена інфармацыя пра ваенных інжынераў, гісторыкаў, дырэктараў кадэцкіх карпусоў, начальнікаў ваенных вучылішчаў, школ і акадэмій. Імёны многіх знаёмыя, але я ўпэўнены, што тут многа звестак, якія ўразяць чытача. Напрыклад, раней было вядома пра восем генералаў 1812 года — беларусаў, занесеных у Ваенную галерэю Зімняга палаца, якая сёння ўваходзіць у экспазіцыю Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу. Я знайшоў звесткі пра 14. А колькі можна распавесці пра «беларускіх гіпакратаў»… А хто ведае, як беларусы звязаны з гісторыяй паветрана-дэсантных войск? Так, першыя паказальныя скачкі з парашутам у 1930 годзе выканалі ўраджэнцы беларускіх земляў Леанід Мінаў і Якаў Машкоўскі. Першыя парашуты для дэсантнікаў канструявалі зноў нашы землякі. Заснавальнікам сучасных паветрана-дэсантных войск называюць Васіля Маргелава, чые бацькі — выхадцы з Беларусі. Генерал-палкоўнік паветрана-дэсантных войск Расіі Георгій Шпак нарадзіўся ў Асіповічах. Блакітныя берэты ў дэсантнікаў з’явіліся дзякуючы Івану Лісаву, які нарадзіўся ў Віцебску. Песня «Расплескалась синева», якая ў савецкі час стала гімнам паветрана-дэсантных войск, была напісана ў Наваполацку ў ваенным гарнізоне «Баравуха-1».

— Ці можна сказаць, што падобныя праекты па ўшанаванні імёнаў славутых землякоў, у тым ліку, абуджаюць у людзях цікавасць да пошуку сваіх каранёў?

— Я стараюся не проста падаць тыя даныя, што ёсць у энцыклапедыях, а і сустракаюся з самімі героямі ці іх сваякамі. У біяграфічных артыкулах, створаных такім чынам, пазначаю, што інфармацыя ўдакладнена асабіста. Сама праца над кнігай ужо мае вялікае значэнне. Закранута вялікая колькасць сем’яў. Часам праўнукі не ведаюць, дзе пахаваны прадзед. Як былы палітработнік і выхавацель, я стараюся гэта выправіць. Даю заданні знайсці і ўдакладніць звесткі, мне дасылаюць фота з сямейных архіваў, раяць, што можна было б дапісаць. Часам я атрымліваю інфармацыю, якую не знойдзеш ні ў якіх іншых крыніцах. Прашу, калі магчыма, дасылаць і копіі дакументаў, каб я сам як гісторык мог усё праверыць. Акрамя таго, я вырашыў даваць інфармацыю не толькі пра аднаго канкрэтнага чалавека, а прасачыць лёс дынастый. Пішу пра бацькоў, дзяцей, братоў, сясцёр, тым больш што многія з іх таксама робяць свой унёсак у абарону і развіццё краіны, у якой жывуць.

Кніга «Беларусь — Расіі і свету» — гэта ў нейкай ступені і сямейная рэліквія, якая распавядае пра баявыя традыцыі, можа стаць сапраўдным падарункам ветэранам Узброеных сіл, іх дзецям і ўнукам. Яна — і даніна павагі нашым продкам за іх заслугі. Мы ж не хочам, каб наступныя пакаленні былі «Іванамі, якія не помняць роднасці». А тут пададзены звесткі пра людзей, якімі можна захапляцца і ганарыцца.

— Ці ёсць у вас ужо планы на будучыню?

— Так, і нават новы праект ужо гатовы на 50 працэнтаў. Гэта кніга з рабочай назвай «Залаты россып Беларусі», дзе будуць пададзены звесткі пра знакамітых асоб, якія праславіліся ў розных кірунках дзейнасці пачынаючы з ХІ стагоддзя. Прычым інфармацыя будзе пададзена ўжо не па алфавіце, як у «Біяграфічным даведніку. Беларусь — Расіі і свету», а з улікам іх гадоў нараджэння. А яшчэ ў мяне ёсць адно хобі: я наведваю розныя краіны, ужо пабываў у сямідзесяці пяці, а трэба б у ста. Калі няма мэт, жыць нецікава. Па-іншаму немагчыма. Калі заходжу ў храм, адчуванне, што людзі, пра якіх я пішу і чые імёны ўшаноўваюцца, за мяне моляцца. Дзякуючы гэтаму я жыву…

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, «Звязда»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *