Докшицкий магазин «Раніца» пользуется популярностью у покупателей
30 ліпеня – дзень работнікаў гандлю
У сённяшніх рэаліях малы прадуктовы бізнес ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з буйнымі сеткавымі крамамі, якія растуць, як грыбы пасля дажджу, вымушаны вытрымліваць значныя выпрабаванні. Не проста выжываць у канкурэнтнай барацьбе, а паспяхова развіваць сваю справу атрымліваецца ва ўладальніка прадуктовай крамы “Раніца” ў Докшыцах Аляксея Каротчыка.
– “Раніца” – крама так званай крокавай даступнасці – вакол шматпавярховікі, таму толькі распачынаючы гандаль добра разумеў, што асартымент павінен быць не проста разнастайным, а цалкам задавольваць патрэбы пакупнікоў у харчовых таварах і таварах першай неабходнасці – прамысловых, – гаворыць Аляксей Іосіфавіч. – Гэта значыць, прыйшоў чалавек і купіў усё, што трэба, тут, у адным месцы, не трацячы час на дадатковае наведванне іншага гандлёвага аб’екта. Напачатку, пяць гадоў таму, было складана, як, прынамсі, бывае заўжды пры распачынанні новай справы. Давялося праштудзіраваць горы тэматычнай літаратуры, нарматыўныя акты, вывучыць назубок правілы выкладкі тавару. Немалы адрэзак работы – заключыць кантракты з пастаўшчыкамі, адрэгуляваць графікі завозу прадукцыі. Вельмі важны нюанс – колькасць заказваемага тавару, каб нічога не залежвалася і рэалізоўвалася на працягу некалькіх дзён, а ў выпадку з хлебабулачнымі вырабамі – аднаго. Скажам так, гонар мундзіра для мяне і прадаўцоў – адсутнасць на прылаўках падвялай, засохлай, неапетытнай на выгляд прадукцыі. Таму партыі ў нас невялікія і папаўненне тавару частае. Яшчэ два абавязковыя правілы ў нашай рабоце – у гандлёвай зале заўжды павінны быць чысціня, парадак, прыемны пах, а прадаўцы (мне і самому даводзіцца часта быць у іх ліку) пакідаюць свой дрэнны настрой, нявырашаныя праблемы за дзвярыма крамы і сустракаюць пакупнікоў нязменна ветліва і прыязна. Цаню свой маленькі калектыў за гэтыя рысы, за працавітасць і адказнасць.
Мяркуючы па шматлікіх станоўчых водгуках, усе правілы ў “Раніцы” выконваюцца паспяхова. Прадаўцы Святлана Альхімёнак і Марына Азерская, якія змяняюць адна адну праз дзень, імкнуцца абавязкі свае выконваць бездакорна, а сам Аляксей у дырэктарскім крэсле не ўссядае: ён тут і менеджар, і вадзіцель, і грузчык, і прадавец у адной асобе. Праўда, адзначае, бухгалтэрыю вядзе жонка Вікторыя, дык можна па праве сцвярджаць, што бізнес гэты сямейны. Зараз у ім усё адладжана, усё дакладна працуе, як механізмы ў добрым гадзінніку. На далёкую будучыню мой суразмоўца не загадвае, аднак упэўнены: укладаеш у справу сілы, сродкі і душу – вынік годны абавязаны быць.
Не спытала ў Аляксея Іосіфавіча, чым абгрунтаваны выбар такой прыгожай назвы крамы, але рызыкну зрабіць здагадку, што для яго, былога агранома, раніца – любімы час сутак, час агляду палёў і ніў, ацэнкі плёну працы. У дадзеным выпадку – сімвал пачатку новага, зусім іншага роду дзейнасці. Ну а сярод дзясяткаў рускамоўных назваў гандлёвых устаноў на Докшыччыне “Раніца” выгадна выдзяляецца нашым родным, беларускім каларытам.