Сёстры Хатыни. Азарцы: детей живыми бросали в огонь

img_3458

Азарцы – яшчэ адна спаленая разам з жыхарамі вёска ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Знаходзілася за шэсць кіламетраў на паўднёвы захад ад Докшыц, злева ад дарогі на чыгуначную станцыю Параф’янава. У пачатку 1941 года ў вёсцы пражывалі 52 чалавекі, стаяла 17 дамоў. Пасля вайны так і не адбудавалася.

Цяпер на месцы знішчэння жыхароў знаходзіцца помнік. Скульптурная кампазіцыя – жанчына ў жалобе абдымае хлопчыка – як сімвал велізарнага гора, як памяць пра генацыд беларускага народа. Устаноўлена ў 1979 годзе, а ў 2020-м пры падтрымцы Беларускага фонду міру праведзена яе рэканструкцыя.

Трагедыя вёскі Азарцы здарылася 12 жніўня 1943 года. Нямецка-фашысцкія акупанты адным разам загубілі 27 жыхароў, чацвярых з якіх кінулі ў агонь жывымі.

Пазней у ваколіцах распавядалі, што трагедыі папярэднічала закладка партызанамі міны, якая прызначалася для калоны нямецкай тэхнікі. Дадзены факт раззлаваў карнікаў, і яны акружылі найбліжэйшую вёску, жыхары якой маглі мець дачыненне да падрыўной дзейнасці. Гэта і былі Азарцы. Мясцовая дзяўчынка, школьная выдатніца, якая нядрэнна ведала нямецкую мову, падышла да фашыстаў і спрабавала пагаварыць. Аднак тыя тут жа забілі яе і яшчэ паздзекаваліся з мёртвай. Пасля выгналі азарчан з хат, загналі ў хлеў і спалілі.

img_20220504_231204Расказвае Ганна Ігнатаўна Адамовіч (Шкелка), ураджэнка в. Азарцы, зараз жыхарка агр. Параф’янава, 1935 года нараджэння:

– У тую жнівеньскую раніцу мы з брацікам Толем яшчэ спалі. Таты не было дома – ён паехаў з абозам вазіць сена.

Калі немцы ехалі праз мост, стала вядома, што там міна, якую заклалі партызаны. Немцы яе ўзарвалі, а жыхарам вёскі Азарцы вырашылі адпомсціць, бо лічылі, што і яны дапамагалі мініраваць дарогу. Тату і яшчэ аднаго мужчыну схапілі, загадалі нагрузіць у воз камення і ехаць па дарозе, каб праверыць, ці ёсць яшчэ міны.

Тым часам уварваліся ў вёску і пачалі яе паліць. Людзей выганялі з хат і расстрэльвалі, здзекаваліся з жанчын, не шкадавалі дзяцей.

Вёска была раскідана па хутарах, таму, даведаўшыся пра нашэсце карнікаў, многія жыхары паспелі выратавацца. Уцякалі ў лес, хаваліся ў балоце.

…Мама гатавала сняданак. Яна ўбачыла, што ў вёсцы з боку Параф’янава гараць хаты, чуўся брэх сабак, крыкі. Наша хата знаходзілася на ўскрайку, побач з лесам. Мама разбудзіла нас, сказала, каб хуценька збіраліся. Мы пачалі выкідваць праз акно нейкія асабістыя рэчы. Потым выбеглі, узялі, колькі змаглі, з таго накіданага і пабеглі ў бок лесу. На ўскрайку стаяў стажок снапоў нядаўна зжатага жыта. Мы схаваліся ў ім і назіралі. Хаты загараліся адна за адной, чуліся стрэлы і крыкі людзей. І вось карнікі падышлі да нашай хаты, падпалілі. Завіскаталі свінні ў хлеве, заскуголіў сабака – іх не паспелі выпусціць, і яны гарэлі жыўцом. Мы з Толем плакалі, было вельмі страшна.

Нечакана нас знайшоў дзядька Пётр з іншай вёскі. Ён сказаў, што трэба ўцякаць у лес, бо тут нас могуць знайсці. І мы пабеглі. Увесь час над намі лёталі нямецкія самалёты і абстрэльвалі ўцекачоў. Па лесе беглі не перадыхаючы, потым трохі адпачылі і далей доўга ішлі балотам. Калі спыніліся, то заўважылі, што ўсе ногі былі ў драпінах, сачылася кроў, але мы не адчувалі болю.

Дзядзька Пётр адвёў мяне з братам у вёску Валасоўшчына, там жыла цётка Лёня, родная сястра мамы. Мама ж засталася ў балоце з аднавяскоўцамі, потым туды прыйшоў і тата.
Тата цудам уцалеў. Калі ён вярнуўся дадому, там было папялішча. На гары ў нас захоўваліся шынкі (сцегнавыя ці лапатачныя часткі тушы свінні. – Рэд.), яны згарэлі, і засталіся косці. А тата падумаў, што гэта згарэлі мы, дзеці, і горка плакаў.

Уцалелыя пачалі вяртацца на месцы былых дамоў. Жыць не было дзе. Я пераходзіла ад радні да радні. Жыла і ў Курдзеках, і ў Порплішчы. Аднавяскоўцы сталі засяляцца ў нямецкі барак, які стаяў у Дзедаўцы (мясцовая назва лесу, які знаходзіўся непадалёку ад Азарцаў. – Рэд.). Наша сям’я таксама жыла ў бараку. Людзі, якія перажылі жах, пазнаўшы страты сваіх родных, блізкіх, аднавяскоўцаў, былі надта дружнымі. Дзяліліся апошнім, клапаціліся адно пра аднаго.

Шмат часу прайшло з той пары, але перад вачыма зноў і зноў тая жудасць…

З успамінаў былой жыхаркі в. Азарцы Галіны Мікалаеўны Немкаловіч:

“У той дзень са станцыі Параф’янава рухалася машын сорак – мой брат тады ішоў на работу і палічыў. Немцы даведаліся, што пад мостам, які знаходзіўся на дарозе на Барсукі, партызаны заклалі міну. За гэта і сталі паліць нашу вёску.

Страшная карціна. У Пятра Вялікага было пяцёра дзяцей, фашысты іх кідалі ў агонь. Сам Пётр схаваўся ў аўсе, але яго заўважылі і забілі. Здзекаваліся з жанчын.

Я ўцякла са сваёй мамай і сястрой у Туркі. Жылі па вёсках да 1944 года, пакуль не выгналі фашыстаў.

У Дзедаўцы пасля немцаў засталіся чатыры баракі. У іх мы і пасяліліся. Усе аднавяскоўцы добра ладзілі між сабой. У каго было малако, у каго яйкі – усё гэта аддавалі малым дзецям. У печы па чарзе пяклі бліны. Па вечарах было весела. Спявалі, танцавалі. Калі па рашэнні мясцовых улад разабралі тры баракі, мы ўсе згуртаваліся ў адным. З часам сем’і, дзе былі мужчыны, пачалі будаваць уласныя хаты. Наша сям’я набыла сваё жыллё ў 1948 годзе. Хата стаяла насупраць цяперашняга помніка, каля самай дарогі”.

*Рэдакцыя выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі калектыву Параф’янаўскай СШ. У мінулым годзе школа рэалізавала праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Дзеці вайны Параф’янаўскага сельскага Савета”, матэрыялы з якога выкарыстаны і ў дадзеным артыкуле.

Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА

і з архіва Параф’янаўскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *