В Докшицах инициативные и неравнодушные жители объединились для общего дела
Праязджаючы на мінулым тыдні міма гарадскіх могілак, якраз у той дзень, калі выпаў неспадзяваны сняжок, убачылі нязвыклую для гэтага месца мітусню. Некалькі жанчын збіралі ў мяхі смецце, мужчыны завіхаліся ля агароджы, а ля кантэйнернай пляцоўкі стаяла смеццеўборачная тэхніка. Парадаваліся за камунгас, але, як аказалася, працавалі там не толькі камунальнікі.
– Сённяшняй працай мы распачалі мерапрыемствы грамадскай ініцыятывы па навядзенні парадку на гарадскіх могілках, – зазначыла яе ініцыятарка, старшыня валанцёрскага клуба “Белы рамонак” аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Тамара Альшэўская. – Тое, што зробленае больш за дзясятак гадоў таму, калі на могілках было выдалена смецце, устаноўлены агароджа і вароты, апошнім часам страчваецца, бачна, пэўна, кожнаму. Адсутнасць бытавой культуры ў некаторых людзей, якая дазваляе ім кідаць смецце, пластык на гарадскіх вуліцах, у парках, лясных масівах, у поўнай меры праяўляецца і на могілках. Не зразумела ім, што гэта святое месца, дзе ляжаць нашы продкі і будзем ляжаць мы, як люстэрка, дэманструе ступень нашага чалавечага сумлення. Прыбіраюць ля месца пахавання “сваіх” нябожчыкаў, а смецце, у тым ліку і шкодныя для навакольнага асяроддзя пластыкавыя кветкі, выкідваюць у бліжэйшую ямку, пад кусток, а то і пад “чужую” магілу. Выносяць, канечне, і за агароджу, але не ў адведзенае для складзіравання месца. Нахабныя выкідваюць проста праз дарогу, а больш сарамлівыя, калі іх так можна назваць, адносяць крыху далей, у лес, і прыкрываюць ігліцай. Па прычыне падобных гультайскіх паводзін нарабілі праходаў у жалезабетоннай агароджы літаральна праз 10-20 метраў. Балазе, гэта лёгка: выняў пралёт – і гатова. Руку да гэтай непрыстойнасці, калі самавольна нішчыцца камунальная ўласнасць, прыклалі і некаторыя прыватныя фірмы, што праводзяць добраўпарадкаванне пахаванняў, бо саматужным спосабам сёння практычна ніхто гэту работу не робіць. Адсюль рэшткі бетону, старой кладкі, слупоў па ўсім перыметры могілак. Шмат бяды і ад тых , хто прывозіць пакеты з бытавым смеццем у кантэйнеры ля могілак, зусім для гэтага не прызначаных. Потым птушкі, бадзяжная жывёла разрываюць іх, і ўсё змесціва разносіцца па наваколлі. Два леты, як пайшла на пенсію, назірала гэту карціну. Прыбіралі з сяброўкай смецце, як маглі. Але ўбачылі, што гэта сізіфава праца. Трэба брацца больш грунтоўна.
– Якія маеце планы?
– Наша грамадская ініцыятыва нарадзілася яшчэ мінулай восенню. Яе блаславіў клірык Свята-Пакроўскага прыходу айцец Павел Іоська. Горача падтрымала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. З намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Карчэўскім намецілі, што будзем рабіць. Зімою збіралі грошы. Усім вялікі дзякуй за ахвяраванні, якія рабіліся ад шчырага сэрца. Не засталіся ўбаку і некаторыя католікі, казалі, што на святую справу ахвяру пакласці – ласку Божую заслужыць. Зараз ушчыльную працуем з камунальнікамі. З дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, дырэктарам РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрыем Калягам і начальнікам участка па добраўпарадкаванні гэтага прадпрыемства Аксанай Масальскай канкрэтна распрацавалі, калі і што будзем рабіць. Вельмі хораша было назіраць, як яны па-гаспадарску, з зацікаўленасцю прадумвалі кожны момант. Камунгас закрые ўсе дзіркі ў агароджы, якія не адпавядаюць першапачатковаму праекту. На праходах будуць пастаўлены металічныя вароты. Цэнтральны ўваход упрыгожыць брама. Гэтыя рэчы зараз вырабляе вядомы майстар Уладзімір Шуткін. З металам дапамог Уладзімір Гмырак. Адрамантаваную агароджу пафарбуем. Гэта нашы самыя першыя справы. Далей будзе бачна. Але абавязкова яшчэ ўстановім відэапасткі. Паспрабуем такім спосабам калі не выхаваць культуру і абудзіць сумленне ў людзей, якія лічаць, што чысціню і прыгажосць трэба наводзіць толькі на сваім панадворку, а за тое, што далей, адказваюць камунальнікі, то хаця б навучыць праз адказнасць паважаць закон. За парушэнне правіл складзіравання адходаў, паводле арт. 16.44. ч. 3 КоАП РБ, прадугледжаны штраф да 30 базавых велічынь, прыватным прадпрымальнікам – да 70, а юрыдычным асобам – ад 50 да 1000 базавых велічынь.
Прыбіраць смецце, высякаць кусты будзем працягваць яшчэ і ў час суботніка. Як гэта сёння зрабілі мае першыя памочніцы Зоя Модаль, Аліна Гмырак, Ларыса Кандратовіч, Людміла Калбасіч, Зоя Каротчык. Спраўляцца са смеццем нам дапамагалі рабочыя разам з майстрам Вячаславам Ючкавічам. Яшчэ спатрэбіцца дапамога, калі пачнём фарбаваць агароджу. Таму, карыстаючыся момантам, запрашаю ўсіх неабыякавых, шчырых людзей у вялікі хрысціянскі пост прыняць удзел у богаўгоднай справе.
Праблема, якую ўзнялі нашы паважаныя пенсіянеры, актуальная не толькі для могілак. Усім нам трэба задумацца над пытаннем: чыста там, дзе не смецяць, ці там, дзе прыбіраюць? Асабіста мне падаецца, што права на існаванне маюць абодва сцвярджэнні. У першую чаргу, не трэба смеціць, а калі ўжо гэта зрабіў ты сам ці хто іншы, не праходзь міма, падбяры паперку, пластыкавую бутэльку – і свет стане чысцейшым, наша планета пражыве даўжэй.