Помощник воспитателя Берёзковской БШ Татьяна Барздыко умеет ладить с детьми
Сёння памочнікі выхавальніка ў дзіцячым садзе не толькі прыбіраюць памяшканні, падаюць ежу, сочаць за гігіенай выхаванцаў, як у ранейшыя часы нянечкі. Службовыя абавязкі патрабуюць дапамагаць у падрыхтоўцы заняткаў, фарміраваць у дзяцей культуру паводзін, падтрымліваць цёплую атмасферу ў групах. Памочнік выхавальніка Бярозкаўскай базавай школы Валянціна Барздыка безумоўна падыходзіць пад адпаведныя крытэрыі: яна ўважлівая, добразычлівая, любіць дзяцей і парадак.
Па прафесіі швачка, адпрацавала пасля размеркавання ў мясцовым КБА больш за дзесяць гадоў, а калі справы ў арганізацыі пайшлі на спад, вымушана была перайсці ў школу тэхработнікам. А неўзабаве, у 2000 годзе, уладкавалася ў дзіцячы сад, які знаходзіўся ў асобным будынку. Праз два гады сад пераехаў пад дах школы, і з той пары Валянціна Віктараўна шчыруе на адным месцы.
– Адзін час выхаванцаў было больш за два дзясяткі, тут жа займаліся першакласнікі, – успамінае яна. – Больш руху, шуму, клопату.
Але, нягледзячы на тое, што зараз у рознаўзроставай групе ўсяго сем чалавек, жыццё не стала сумным. Гэтаксама бадзёра праходзяць заняткі і гульні, гэтак жа старанна рыхтуюцца мерапрыемствы.
У Валянціны Барздыка добрыя ўзаемаадносіны з выхавальнікамі Жаннай Ставер, Наталляй Шавель і Аленай Кавалёнак.
– Крэатыўныя людзі, – характарызуе работнікаў, якія працуюць з дашкольнікамі, дырэктар школы Таццяна Лятэцкая. – І рамонт у памяшканнях самі робяць, і маляўнічую нагляднасць ствараюць. Добрасумленныя, адказныя, цудоўна знаходзяць падыход да кожнага дзіцяці.
Што тычыцца нагляднасці, то яна і насамрэч прыцягвае ўвагу. На сценах – яркія выявы літаратурных герояў, чыгунка з цягніком і зверанятамі, божыя кароўкі, марскія рыбкі. Сярод абуладкаваных гульнявых зон вылучаюцца кухня, цырульня і майстэрня. Наборы інструментаў і прылад для дзвюх апошніх з’явіліся нядаўна – як падарункі ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
– Прыемна ісці на работу ў такое казачнае памяшканне, – заўважае Валянціна Барздыка. – А калі да ўсяго чуеш дзіцячы смех, бачыш, як цягнуцца да цябе выхаванцы, то напаўняешся станоўчай энергіяй на цэлы дзень.
У пакоях ідэальны парадак. Нідзе ні пылінкі. Прывабнасці агульнаму выгляду надае дыхтоўная драўляная падлога – кожны год яе апрацоўваюць спецыяльным лакам.
Посуд мые памочнік выхавальніка ў гэтым жа блоку, а ежу прыносіць з кухні, дзе поварам працуе яшчэ адзін былы работнік КБА Ірына Лях. А да кухарства Ірына Мікалаеўна таксама працавала памочнікам выхавальніка.
– Наогул, калі любіш дзяцей, то і будзеш працаваць з імі з любоўю, – зазначае Валянціна Віктараўна. – Таму я ні кроплі не сумнявалася ў сваім выбары перад тым, як прыйсці сюды.
У яе самой двое дарослых дзяцей і чацвёра ўнукаў, усе жывуць у Мінску. А родам Валянціна з вёскі Пералоі Парплішчанскага сельсавета.
– Мне вельмі спадабаліся Бярозкі, калі ўпершыню прыехала сюды, – падзялілася ўражаннямі наша гераіня. – Мы, маладыя, хадзілі на танцы ў мясцовы клуб і нават у суседнія вёскі, гулялі ў баскетбол, сябравалі паміж сабой. Тут я выйшла замуж і прырасла душой да гэтых мясцін. Рада, што яшчэ існуе школа. Бо жыве школа – жыве і вёска.
Не страчвае Валянціна Віктараўна і навыкі сваёй першай прафесіі. Не аднойчы шыла касцюмы для школьных мерапрыемстваў, у прыватнасці, для тэатра мод стварыла цэлую калекцыю. Рыхтавала навагоднія касцюмы сваім унукам і іншым дзецям па просьбах аднавяскоўцаў. І на самай справе, усе, хто добра ведае Валянціну Барздыка, па праве называюць яе творчым чалавекам.
Ніна КРУКОВІЧ.