Не вернуть ли ворон в парк по улице Пионерской в Докшицах?

dscn4625

Столькі ў нашай газеце за апошнія гады было надрукавана артыкулаў пра беспарадкі ў гарадскім парку па вуліцы Піянерскай – мусіць, пальцаў на руках не хопіць. А змяніць сітуацыю не атрымалася ніяк – казка пра белага бычка, дый толькі. Паркавая карціна ўжо звыклая вачам тых, хто жыве ў гэтым мікрараёне, хто прыходзіць, каб пагуляць там, – і жаданне гэта ўраз знікае. Як кідалася смецце дзе ні папала, так і кідаецца, як “жылі” ў альтанках бітае бутэлечнае шкло і семкавая лузга, так і “жывуць”. Як псаваліся, ламаліся тыя альтанкі, лаўкі ды арэлі, так і працягваюць ламацца. Не самі, вядома, – ёсць дзікуны, па большай частцы падлеткі, якім сілу сваю маладзецкую з-за адсутнасці належнага выхавання прымяніць у карысных мэтах не ўяўляецца магчымым.

dscn4621

dscn4622

Вось і нядаўна жыхары вуліцы Гайдара звярнуліся ў рэдакцыю: дапамажыце справе зрушыцца з месца, каб у парку дарожкі зручныя паклалі, канавы вакол яго акультурылі, лавачкі прыгожыя паставілі ды ад вандалаў усё гэта хараство абаранілі. “Нам кажуць, здымайце хуліганаў на тэлефоны, званіце ў міліцыю, калі станеце сведкамі бясчынства. А як адважыцца сунуцца ў парк познім вечарам ці ноччу, калі там збіраецца моладзь? Каму прыемна быць абсмеяным, зняважаным? І чаму з гэтым павінны змагацца мы, калі ёсць органы правапарадку? Так, парк час ад часу прыбіраецца, і мы самі прымаем у гэтым удзел. А засмечваецца ён штодня, дакладней, штоночы! Чыста ж, усе ведаюць, не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не паскудзяць”, – так усхвалявана распавядалі дакшычанкі, што жывуць побач, на сустрэчы з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, РЦГіЭ.

dscn4624

Усё правільна. Работнікі аддзела культуры, за якімі замацавана тэрыторыя парку, не могуць хадзіць туды прыбірацца кожную раніцу: яны не дворнікі, у іх сваёй работы хапае. Суботнікі і чыстыя чацвяргі таксама праблему не вырашаюць. Не могуць вырашыць яе і камунальнікі, да якіх звярнуліся з гэтым пытаннем: кажуць, бюджэтныя сродкі сёлета накіраваны на больш важныя аб’екты (а іх сапраўды нямала). Таму новых асфальтаваных дарожак, новых бетонных пліт для канаваў давядзецца пачакаць – бюджэт, вядома ж, не гумовы, а без фінансавання, само сабой зразумела, ніяк: як гаворыцца, калі ёсць, то да месца прыйдзецца, а няма, дык і так абыдзецца. А парк той у саміх камунгасаўцаў – вечны галаўны боль: яны бясконца рамантуюць і рамантуюць пашкоджаныя, паламаныя лаўкі, арэлі, альтанкі ды сметніцы. Гэта наконт добраўпарадкавання. А што датычыцца засмечанасці, дык тут разводзяць рукамі і прадстаўнікі іншых арганізацый. І нельга сказаць, што Іван ківае на Пятра, а Пётр ківае на Івана. Вырашэнне гэтага пытання, як падаецца, найперш у кампетэнцыі работнікаў праваахоўных органаў. Узяліся б за гэту справу больш шчыльна, часцей арганізоўвалі б у парку патруляванне – глядзіш, і парадак бы навялі, каб актыўна штрафавалі шкоднікаў ці іх бацькоў, калі яны яшчэ непаўналетнія, ды прапясочвалі, дзе трэба. Іншым аматарам нішчыць чужую працу навука, ды і бацькі некаторыя задумаліся б: а дзе гэта мой сын (дачка) паўночы прападае і ці не робіць у гэты час нешта дрэннае? А яшчэ лепш – усё ж знайсці сродкі і павесіць у парку відэакамеры з таблічкамі “Увага: вядзецца відэаназіранне”.

dscn4623 dscn4626

Як альтэрнатыва, ёсць яшчэ варыянт, самы, так бы мовіць, крэатыўны і малазатратны: прыбраць з парку ўсе лаўкі і альтанкі, а на дрэвах, якія так прыгожа абрэзалі, даць магчымасць зноў пасяліцца варонам і галкам. Тады ў парк, дзе няма месца прысесці, а зверху ідзе птушыны “абстрэл”, ніхто не сунецца – вось і смецця, бітага шкла, выламаных з канструкцый дошак не будзе, і дарожкі не спатрэбяцца. І казка пра белага бычка ўрэшце будзе мець заканчэнне.

Сітуацыю каментуе начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Докшыцкага РАУС Юрый Піменаў:

– Патруляванне парку праводзім рэгулярна, па пятніцах і суботах, калі працуе рэстаран “Сфера”, і перыядычна ў іншыя дні тыдня. У халодную пару года там, зразумела, рэдка каго сустрэнеш. З надыходам вясны моладзь сапраўды збіраецца ў гэтым месцы, але за распіваннем спіртных напояў нікога з падлеткаў не заставалі – гэта хутчэй адносіцца да наведвальнікаў “Сферы”. Знаходзіцца там пастаянна нашым супрацоўнікам, зразумела, не выпадае, таму і ўсе выпадкі шкодніцтва ці неадпаведных у грамадскіх месцах паводзін адсочваць няма магчымасці. Добра было б, каб жыхары гэтага мікрараёна ў такіх выпадках тэлефанавалі на нумар 102, – гэта дазволіла б зрэагаваць аператыўна. Аптымальны ж варыянт рашэння праблемы – устаноўка відэакамер назірання. Аднак адказнасці з сябе не скідаем і работу ў гэтым кірунку абавязкова актывізуем у бліжэйшы час.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *