Камісар Сялюк

selyuk

Бягомльшчына, былы партызанскі край, беражэ памяць пра сваіх герояў, якія мужна змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У рамках інфармацыйна-патрыятычнага праекта “Шляхі вызвалення”, які рэалізуецца ў Віцебскай вобласці, успомнім сёння пра камісара 8-га партызанскага атрада брыгады “Жалязняк” Мікалая Сямёнавіча Селюка, ураджэнца вёскі Вольберавічы. А дапамогуць нам у гэтым яго нявестка Алена Сялюк, настаўнік Бягомльскай сярэдняй школы імя С.С. Манковіча, і адзінаццацікласніца ўстановы Анастасія Супрановіч, якія разам займаліся даследаваннем жыцця партызана.

Даведка “РВ”

Мікалай Сялюк нарадзіўся ў 1911 годзе, да шаснаццаці гадоў жыў з бацькамі. З 1927-га па 1940 год працаваў на розных пасадах у Бягомльскім райспажыўсаюзе. З верасня 1940-га па студзень 1941-га праходзіў навучанне ў Школе палітсаставу запасу ў Смаленску. Са студзеня 1943 года – партызан 2-га атрада брыгады “Жалязняк”. Са жніўня 1943-га – камісар 8-га атрада гэтай брыгады.

Удзельнічаў у аперацыях па разгроме гарнізонаў у Докшыцах, Даўгінаве, кіраваў узводам у засадзе ў вёсках Кліннікі і Гарэлае, дзе было знішчана 12 немцаў і аўтамашына. З яго удзелам з засады знішчана нямецкая легкавая аўтамашына на дарозе П’яны Лес – Бягомль.

Анастасія: Мы жывём у Бягомлі, вакол якога прыгожыя лясы і палі. Цішыня і спакой. З цяжкасцю верыцца, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны тут літаральна гарэла зямля. А нашы продкі ў чарговы раз даказвалі ўсяму свету, што рабамі іх не зрабіць.

Алена Анатольеўна: Гітлераўцы некалькі разоў спрабавалі знішчыць Бягомльскую партызанскую зону. Праводзілі карныя аперацыі, але народныя мсціўцы не здаваліся. Ішлі ў лясы, балоты, перажывалі блакады, бамбёжкі і працягвалі ваяваць.

Анастасія: Прыгадаем падзеі, якія адбываліся на пачатку лета 1944 года.

Пад націскам Чырвонай Арміі фашысцкія войскі групы “Цэнтр” адступалі праз Беларусь на захад. Гітлераўцы мелі намер на працягу кароткага тэрміну ліквідаваць у сваім тыле партызанскі фронт. Супраць змагароў Барысаўска-Бягомльскай зоны фашысты кінулі сем вайсковых дывізій з танкамі, артылерыяй, авіяцыяй, паліцэйскія часці. Такой сілай яны павінны былі акружыць і знішчыць 19 партызанскіх брыгад у Домжарыцкіх балотах, каля возера Палік. 5 чэрвеня ворагі захапілі Бягомльскі аэрадром.

Больш за 30 раненых і хворых на тыф партызан эвакуіраваць за лінію фронту нашы не паспелі, таму вырашана было схаваць іх на час блакады ў дзвюх зямлянках, выкапаных сярод балот.

Алена Анатольеўна: Мікалай Сямёнавіч успамінаў, што зямлянкі былі невялікія, а свежае паветра паступала толькі праз невялікую адтуліну зверху. Бой жа ішоў зусім блізка.

У выпадку падыходу немцаў да зямлянак 8-ы атрад павінен быў выклікаць агонь на сябе, каб засцерагчы ад небяспекі бяззбройных таварышаў. Астатнія атрады брыгады ў гэты час прарываліся з акружэння.

І вось калі карнікі наблізіліся да схованкі, “жалезнякоўцы” ўдарылі з фланга. Завязаўся бой.

Мікалай Сямёнавіч казаў, што далей хадзілі з карнікамі па крузе. А самым непрадказальным стала тое, што немцы побач з зямлянкамі сталі капаць акопы і закідалі паветравод зямлёй. Паветра ў зямлянкі прасочвалася толькі праз дупло дрэва…

Анастасія: А самы радасны момант, што ў рэшце рэшт усе ў зямлянках засталіся жывымі. Васямнаццаць сутак пратрымаліся! І ўвесь гэты час партызаны 8-га атрада змагаліся за іх, не шкадуючы ўласных жыццяў.

Алена Анатольеўна:

– Пасля вызвалення Беларусі Мікалай Сямёнавіч аднаўляў раён. Шмат гадоў працаваў загадчыкам Бягомльскай пякарні, а пасля выхаду на пенсію – кладаўшчыком. Свой працоўны шлях закончыў у 72 гады.

Не стала нашага дарагога чалавека ў 2002 годзе. Ён пахаваны на Бягомльскіх могілках.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *