З пяцікутнай зоркай на целе…
У гісторыю беларускага падполля часоў Вялікай Айчыннай вайны залатымі літарамі ўпісаны
подзвіг глінскіх жанчын. Імем кіраўніка падпольнай групы Аляксандры Ніканавай названа адна з вуліц вёскі Гліннае.
Да вайны Аляксандра працавала настаўніцай, мела дзвюх малых дачок і жыла ў свекрыві. З ліпеня 1941 года дапамагала чырвонаармейцам, якія выходзілі з акружэння, перадавала прадукты, медыкаменты, адзенне.
У канцы 1942-га ўзначаліла падпольную арганізацыю, у склад якой увайшлі яе блізкія сяброўкі і родная сястра мужа – сямнаццацігадовая Ганна Навіцкая.
Падпольшчыцы збіралі інфармацыю пра ворага і перадавалі партызанам, дапамагалі ім, распаўсюджвалі ўлёткі сярод насельніцтва. Больш за тое, змаглі пераканаць групу радзіёнаўцаў перайсці на бок народных мсціўцаў.
Пасля арышту дзяўчат прывезлі ў вёску Атрубак і на працягу двух тыдняў жорстка катавалі. Ніканавай адрэзалі грудзі, вырвалі пазногці, выразалі зорку на целе, але ні яна, ні яе паплечніцы сваіх не выдалі. Іх знявечаныя целы знайшлі партызаны і пахавалі з салютам.
Свякроў і дочкі Аляксандры засталіся жывымі, хаця малых рыхтаваліся расстраляць.