Специалист Докшицкого ТЦСОН рассказала об изменениях, касающихся начисления и распоряжения семейным капиталом

kapital

Прынята пастанова ўрада ад 23 мая 2024 года № 364, якой рэгулюецца парадак рэалізацыі норм Указа № 69 ад 23 лютага 2024 года па пытаннях сямейнага капіталу. Пра найбольш істотныя змены мы пагутарылі са спецыялістам па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Ларысай Палачанінай.

– Як вядома, новаўвядзенні накіроўваліся ў тым ліку на павышэнне сацыяльнай адказнасці бацькоў за забеспячэнне сваёй сям’і.

– Так. Зараз права на прызначэнне і датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу ўвязана з занятасцю працаздольнага бацькі ці айчыма ў поўнай сям’і ці аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і. Яна павінна складаць не менш за 6 месяцаў з года перад месяцам звароту. Пры датэрміновым распараджэнні – не менш за 12 месяцаў з апошніх двух гадоў перад месяцам звароту. Скарыстацца правам на прызначэнне і датэрміновае распараджэнне сямейным капіталам будзе немагчыма, калі дзеці на дзень звароту прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы або адабраны з сям’і. Пры гэтым з 28 мая выключана абмежаванне тэрміну для звароту па назначэнне сямейнага капіталу – на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння або ўсынаўлення трэцяга або наступнага дзіцяці. Звярнуцца па прызначэнне можна ў любы час на працягу 18 гадоў. Гэта выдатная магчымасць для сем’яў, што па якіх-небудзь прычынах не змаглі выпрацаваць патрэбную колькасць месяцаў і не маюць іншай занятасці, каб рэалізаваць сваё права на назначэнне і датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пасля працаўладкавання.

Сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або адабраны, таксама змогуць атрымаць і датэрмінова выкарыстаць капітал пасля нармалізацыі сітуацыі ў сям’і – устаранення неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі, вяртання іх у сям’ю.

– Што змянілася ў кантэксце датэрміновага распараджэння сродкамі?

– Выкарыстоўваць капітал на паляпшэнне жыллёвых умоў сем’і змогуць толькі пры адсутнасці ва ўласнасці жылых памяшканняў, агульная плошча якіх на аднаго чалавека складае 15 квадратных метраў і больш, а ў сталіцы – 10 і больш. Пры гэтым на рэканструкцыю жылля сродкі сямейнага капіталу могуць быць накіраваны, калі ў выніку павялічваецца агульная плошча жылога памяшкання. Толькі на кватэры і дамы, набытыя з выкарыстаннем сямейнага капіталу, накладаецца забарона на адчужэнне на працягу 5 гадоў. Раней забарона распаўсюджвалася толькі на жыллё, зарэгістраванае з 2022 года, а зараз на ўсё.

– А калі трэба аплаціць медыцынскія паслугі ці атрыманне адукацыі?

– Датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу на атрыманне медыцынскіх паслуг магчыма толькі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя. Аплата стаматалагічных паслуг (імплантацыя і пратэзаванне зубоў) будзе адбывацца часткамі. Першая частка павінна складаць не больш як 50 працэнтаў ад сумы дагавора, канчатковы разлік будзе праводзіцца пасля завяршэння работ па аказанні паслуг. Аднак мультыбондынг-сістэмы (брэкет-сістэмы) аплачваюцца адразу ў поўным аб’ёме. Сямейны капітал на атрыманне адукацыі таксама выкарыстоўваецца па частках – у памеры, які не перавышае кошт навучання за бягучы і папярэдні навучальныя гады.

– Якія яшчэ ёсць новаўвядзенні?

– Урэгуляваны і парадак вяртання неабгрунтавана выкарыстаных сродкаў у рэспубліканскі бюджэт. Для сем’яў, якія выхоўваюць чацвярых і больш дзяцей, якім па пэўных прычынах не прызначылі сямейны капітал пасля нараджэння трэцяга дзіцяці, устаноўлена права выбару, па даце нараджэння каго з дзяцей вызначаць памер сямейнага капіталу – трэцяга ці наступнага. Замацаваны і абавязак ААТ «ААБ Беларусбанк» вярнуць у рэспубліканскі бюджэт сродкі сямейнага капіталу (з працэнтамі) у выпадках выяўлення неправамернага яго прызначэння, і ўстаноўлены тэрміны такога вяртання. Таксама ўстаноўлены час для заключэння грамадзянамі дагавора на атрыманне медыцынскіх паслуг з выкарыстаннем сямейнага капіталу – на працягу дзеяння заключэння МКК аб патрэбнасці ў іх атрыманні. Устаноўлены адзіны тэрмін вяртання на дэпазітныя рахункі грамадзян нявыкарыстаных сродкаў сямейнага капіталу – 10 працоўных дзён, на паляпшэнне жыллёвых умоў – 3 месяцы. Замацаваны абавязак райвыканкамаў ажыццяўляць маніторынг выкарыстання грамадзянамі сямейнага капіталу па ўсіх напрамках.

Новаўвядзенні па сямейным капітале будуць прымяняцца па заявах грамадзян, зарэгістраваных з 28 мая 2024 года. Па заявах, якія паступілі да 28 мая, прымяняецца ранейшы парадак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *