Традиционный день сельсовета прошел в Докшицком районе. На этот раз — Крулевщинского
У раёне прайшоў дзень Крулеўшчынскага сельсавета пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч. Удзел у ім прыняў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.
У гэты дзень традыцыйна прадстаўнікі раённай улады, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў, кіраўнікі службаў раёна правялі сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў сельсавета.
На тэрыторыі Крулеўшчынскага сельсавета размешчана 19 населеных пунктаў. Пражывае 2599 чалавек. Працуюць 29 прадпрыемстваў, з якіх найбольш буйныя – ВУ “Віцебскторф”, КУП “Докшыцкі”, дзесяць падраздзяленняў чыгункі.
Да кіраўніка раёна Сяргея Абіралы, які праводзіў прыём грамадзян у аграгарадку, звярнуліся некалькі жанчын. Яны прасілі аказаць дапамогу ў абуладкаванні дзіцячай гульнявой пляцоўкі ў адным з двароў шматкватэрнага дома на вуліцы Палявога. У гэтым пытанні даручана разабрацца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.
Прагучала яшчэ адна просьба.
– Раней на вуліцах 17 Верасня, М. Горкага, Я. Купалы спынялася аўтакрама, – гаварылі жанчыны. – Зараз жа перастала гэта рабіць. Справа ў тым, што на згаданых вуліцах жыве шмат пажылых людзей. Для іх было б вельмі зручна, каб прыпынак зноў аднавілі.
Заяўніцам паабяцалі, што ў бліжэйшы час Докшыцкі філіял аблспажыўтаварыства перагледзіць графік руху аўтакрамы.
У Літоўцах жыхароў выслухала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. Вяскоўцаў хвалюе дрэннае пакрыццё дарогі, а таксама некалькі аварыйных дрэў, што растуць на могілках. Акрамя гэтага, яны падзякавалі за належнае абслугоўванне і аказанне паслуг прадаўцу крамы і паштальёну.
Жыхары вёсак Слабада і Двор Порплішча паскардзіліся на недастатковы асартымент тавараў у аўтакраме.
– Ні квасу, ні запалак у продажы няма, – агучылі праблему слабадчане. – Хлеб часта прывозяць чэрствы.
Станоўча павінна вырашыцца пытанне для жыхароў вёскі Казлы. Устанавіць на аўтобусным прыпынку павільён, які яны прасілі, дарожнікі паабяцалі ў наступным годзе.
– Крулеўшчына – гэта трэці па сваёй маштабнасці населены пункт пасля Докшыц і Бягомля, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала. – І ён павінен выглядаць на належным узроўні. Тут ёсць школа, прадпрыемствы, шмат моладзі. Рэсурсаў для развіцця аграгарадка дастаткова.
Пасля выслуханых зваротаў на пасяджэнні былі падведзены вынікі. Справаздачу аб рабоце, якая праводзіцца на тэрыторыі сельсавета па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і навядзення парадку на зямлі, трымаў старшыня Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Іваньковіч.
– Сёлета была часткова заасфальтавана вуліца 17 Верасня на суму 179 тысяч рублёў, – паведаміў Аляксандр Міхайлавіч. – Таксама праведзена асфальтаванне дарогі Глыбокае –Крулеўшчына – Докшыцы працягласцю 3,96 кіламетра і Крулеўшчына – Казлы працягласцю 2,2 кіламетра.
Сельвыканкамам праводзіцца мэтанакіраваная работа па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 ”Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі”. Сёлета разабрана 10 пустых хат і 26 трухлявых гаспадарчых пабудоў. У суд Докшыцкага раёна накіраваны чатыры матэрыялы аб прызнанні домаўладанняў вымарачнай спадчынай.
Па-ранейшаму наводзіць парадак у населеных пунктах дапамагаюць замацаваныя арганізацыі. Напрыклад, работнікі Варапаеўскай дыстанцыі пуці высеклі і прыбралі кустоўе каля пустых хат на вуліцы Глыбоцкай і Гагарына. Абкошваннем участкаў на перакрыжаванні вуліц Пушкіна і Чарняхоўскага, а таксама на месцы разабранай хаты № 98 на вуліцы Савецкай займаліся работнікі склада нафтапрадуктаў № 8 РУП “Беларуснафта-Віцебск-аблнафтапрадукт”.
Крулеўшчынскі дзіцячы сад дапамагаў прыбіраць парк на вуліцы Палявога. Там былі аформлены кветнікі. Вытворчы ўчастак Віцебскай дыстанцыі ахоўных лесанасаджэнняў аказаў дапамогу ва ўстаноўцы агароджы на могілках у Літоўцах.
У Валодзьках і Ліпаўках працавалі работнікі ВУ “Віцебскторф”. У вёсках яны абкасілі пустыя ўчасткі, землі агульнага карыстання, могілкі, а таксама вуліцы Завадскую і Я. Купалы ў аграгарадку.
Актыўны ўдзел у арганізацыі работ па добраўпарадкаванні прымаюць старэйшыны. Так, старэйшына вёскі Літоўцы Ганна Юнцэвіч сабрала грашовыя ахвяраванні, каб абгарадзіць могілкі. У мінулым годзе ўстанавілі 130 метраў агароджы, яшчэ 130 метраў – сёлета.
Таксама новая агароджа з’явілая на могілках у Малажанях. Ініцыятарам збору грашовых сродкаў была Алена Трацэўская.
Напрыканцы дня сельсавета старшыня райсавета Валянціна Рандарэвіч паведаміла, што наступны плануецца правесці 3 верасня на тэрыторыі Бярэзінскага сельсавета.