Инспектор ИДН Докшицкого РОВД Людмила Лавцевич учит детей быть законопослушными
Папярэдзіць правапарушэнні і злачынствы ў дзіцячым асяроддзі, вярнуць на правільны шлях падлеткаў, якія пераступілі закон, – галоўная задача ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама капітана міліцыі Людмілы Лаўцэвіч (на здымку). Паразмаўлялі з інспектарам пра актуальныя кірункі работы з непаўналетнімі і іх бацькамі.
– Людміла Сяргееўна, напачатку раскажыце, калі ласка, як прыйшлі ў праваахоўныя органы.
– Сама з Докшыц, і ўсё маё дзяцінства і юнацтва былі звязаны з лёгкай атлетыкай. Менавіта спартыўны складальнік стаў адпраўной кропкай у прафесію ў сілавых органах. Пачынала свой працоўны шлях у 2014 годзе ў мясцовым аддзяленні Дэпартамента аховы. Марыла пра афіцэрскія пагоны, таму пасля атрымання вышэйшай адукацыі перавялася ў АДАІ Глыбоцкага РАУС. Год таму вярнулася ў родны горад. Работа на гэтай пасадзе не кабінетная: пастаянныя сустрэчы з дзецьмі, выступленні на бацькоўскіх сходах, рэйды па населеных пунктах раёна, удзел у розных прафілактычных мерапрыемствах. Хаця і дакументацыі хапае, але ўсё разам дае адчуванне дачынення да важнай справы – выхавання маладога пакалення.
– Якая падаплёка дзіцячых правапарушэнняў?
– У асноўным яны звязаны са слабым ці несістэматычным бацькоўскім кантролем. Некаторыя разлічваюць на самастойнасць сваіх дзяцей, спадзеючыся на іх абачлівасць. Але не трэба забываць, што гэта ўсё роўна дзеці, і ў любым выпадку яны павінны быць пад наглядам, незалежна ад таго, колькі ім гадоў і як яны паводзяць сябе дома.
– Самыя распаўсюджаныя парушэнні заканадаўства?
– Гэта знаходжанне дзяцей на вуліцы ва неўстаноўлены час без суправаджэння дарослых. У мінулым годзе ў раёне зафіксавана дзесяць такіх фактаў. Нагадаю: непаўналетнім да 16 гадоў забаронена знаходзіцца на вуліцы адным з 23.00 да 6.00. У выпадку выяўлення парушэнняў міліцыя перадае дзяцей бацькам пад распіску. Справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да бацькоў разглядае камісія па справах непаўналетніх. На першы раз вінаватыя звычайна атрымоўваюць папярэджанне, за паўторны выпадак на працягу года пагражае штраф.
Часта дзеці, выяўленыя на вуліцы пасля 23 гадзін, апраўдваюцца, што якраз у той момант ідуць дамоў. Але ў гэты час яны ўжо павінны быць дома!
Дзеля справядлівасці адзначу, што паўторных падобных правапарушэнняў не зарэгістравана. Значыць, прафілактычныя меры дзейнічаюць.
– Якія пытанні абмяркоўваеце апошнім часам на бацькоўскіх сходах?
– Сярод найбольш хвалюючых, актуальных для ўсяго соцыуму, – булінг ва ўстановах адукацыі і інтэрнэт-заробкі.
Падлеткі, якія выбіраюць сабе ахвяру для насмешак і здзекаў, спрабуюць такім чынам вылучыцца з натоўпу за кошт больш слабых, уздымаючы сваю значнасць, як ім здаецца, у вачах навакольных. Зноў жа такія паводзіны напрамую залежаць ад сям’і: калі падлетак пачынае кагосьці прыгнятаць, значыць, дома яму не хапае ўвагі, пазітыўных эмоцый. Важна, каб бацькі разам праводзілі час з дзецьмі, размаўлялі з імі, займаліся агульнымі цікавымі справамі.
Неабходна адгарадзіць дзяцей і ад сумніўных інтэрнэт-заробкаў, таму што гэта можа абярнуцца катастрофай. Пра іх наступствы шмат інфармацыі ў СМІ.
Яшчэ адна распаўсюджаная тэма – зносіны дзяцей у сацсетках і месенджарах. Нярэдка дзеці думаюць, што склад абразы ўтвараюць толькі сказаныя словы, а не напісаныя. Але насамрэч, калі суразмоўца расцэніць перапіску як абразу і гэта пацвердзіцца ў праваахоўных органах, прыйдзецца адказваць за парушэнне перад законам. Тым больш што любая перапіска, хай сабе даўно знішчаная, можа аднаўляцца. Таму заклікаю быць стрыманымі і прытрымлівацца пэўных норм зносін у віртуальнай прасторы.
Хвалюе і праблема траўміравання малалетніх, выпадкі якога пачасціліся ў раёне. Прычынай з’яўляецца недагляд дарослых, а ў выніку дзеці атрымліваюць вывіхі, удары, гематомы. Па кожным здарэнні праводзіцца праверка.
Сумесна з супрацоўнікамі ДАІ працягваецца работа па папярэджанні дзіцячага дарожнага траўматызму, і плён ёсць: колькасць непаўналетніх раёна на дарогах без флікераў мінімізавалася.
На павестцы дня таксама прафілактыка ўжывання наркотыкаў, бяспека жыцця і здароўя ў цэлым.
– Ці прыслухоўваюцца бацькі да парад інспектараў? Ці ўсё ж інстынктыўна абараняюць сваіх дзяцей, што б ні здарылася?
– Па-рознаму бывае. Адны займаюць пазіцыю выключна свайго дзіцяці, іншыя супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі інспекцыі, камісіі па справах непаўналетніх, сацыяльнымі педагогамі, каб хутчэй выправіць становішча. Але як бы там ні было, у раёне на дадзены момант няма паўторных правапарушэнняў, і гэта абазначае, што дзеці і бацькі робяць правільныя высновы.
З дзецьмі, якія парушылі закон, праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Штомесяц наведваем іх па месцы жыхарства, праводзім гутаркі з імі і іх бацькамі, прыцягваем да ўдзелу ў разнастайных прафілактычных мерапрыемствах, у тым ліку ў выхадныя дні. Дзеці павінны быць максімальна задзейнічаны. Разам з тым працуем і з непаўналетнімі, якія знаходзяцца ў сваіх сем’ях у сацыяльна небяспечным становішчы.
– З якімі словамі Вам хацелася б зараз звярнуцца да непаўналетніх і іх бацькоў?
– Дзяцей заклікаю часцей задумвацца пра будучыню. Цяперашнія неабдуманыя ўчынкі могуць пашкодзіць ажыццяўленню мар у далейшым. Напрыклад, перакрыюць шлях у некаторыя прафесіі. А бацькам пажадаю быць лаяльнымі, падтрымліваць сваіх дзяцей і не дапускаць дыстанцыі, якую потым будзе няпроста скараціць.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.