В Докшицком районе для проживания граждан обеспечиваются комфортные условия и создается благоприятная среда
У сакавіку 2019 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву № 7 “Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”. Гэты комплексны дакумент у першую чаргу накіраваны на забеспячэнне камфортных умоў пражывання грамадзян і стварэнне для іх спрыяльнага асяродку.
Пра тое, як выконваюцца задачы, прапісаныя ў Дырэктыве, на прыкладзе нашага раёна расказаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Карчэўскі.
– Сяргей Элефторавіч, адзін з шасці кірункаў, уключаных у Дырэктыву, – гэта павышэнне якасці камунальных паслуг. Якія ёсць зрухі?
– Спынімся на капітальным рамонце жылфонду. На балансе РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” знаходзіцца 359 дамоў плошчай 157 тысяч квадратных метраў. Пачынаючы з 2022 па 2024 гады пасля правядзення капрамонту было ўведзена ў эксплуатацыю сем шматпавярховікаў – у Докшыцах, Бягомлі, аграгарадках Крулеўшчына і Барсукі. Зрасходавана 2,8 мільёна рублёў з раённага бюджэту і 1,3 мільёна – з адлічэнняў грамадзян. Летась быў распачаты рамонт дома № 12 на вуліцы Школьнай у райцэнтры. Здача аб’екта плануецца ў лютым бягучага года.
Сёлета ў планах адрамантаваць тры двухпавярховікі на вуліцы Ленінскай у Докшыцах – №№ 4, 6 і 8.
Разам з тым праводзіўся і бягучы рамонт. Летась у дамах № 8/1 і № 4/3 на вуліцы Палявога ў Крулеўшчыне замянілі аконныя і дзвярныя блокі ў пад’ездах, а таксама трубаправоды халоднага і гарачага водазабеспячэння. Адрамантавалі фасад дамоў № 7 на Усходняй, № 1 у завулку Чарняхоўскага і № 4 на вуліцы Чарняхоўскага ў райцэнтры. Агульная плошча замененага даху склала 529 квадратных метраў.
– Кіраўніком дзяржавы была пастаўлена прыярытэтная задача – да 2025 года стопрацэнтна забяспечыць спажыўцоў якаснай пітной вадой. Як выконваюцца гэтыя патрабаванні?
– У раёне якаснай пітной вадой карыстаюцца 99,4 працэнта ад усяго насельніцтва. Дасягнуць такога выніку ўдалося дзякуючы будаўніцтву станцый абезжалезвання. Напрыклад, у 2022 годзе іх пабудавалі ў аграгарадку Порплішча, у мінулым годзе – у Дамашкавічх. Таксама была праведзена тэхнічная мадэрнізацыя артэзіянскіх свідравін у Крыпулях і Сітцах, дзякуючы чаму пры мінімальных затратах якасць вады ў населеных пунктах палепшылася.
У першым квартале 2025 года мадэрнізацыя з устаноўкай міні-станцый абезжалезвання запланавана ў вёсках Пугачова, Будачы і Замасточча Бягомльскага сельсавета. Акрамя гэтага, кожны год работнікі філіяла “Докшыцыводаканал” праводзяць работы па замене сетак водазабеспячэння і водаадвядзення ў аб’ёме не меншым за тры працэнты ад агульнай іх працягласці.
– На рамонт і ўтрыманне дваровых тэрыторый шматкватэрных дамоў, вулічна-дарожнай сеткі выдзяляюцца сродкі з раённага бюджэту. На якіх участках жыхары раёна ўбачылі змены?
– Так, сродкі выдзяляюцца. На бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі зрасходавана больш за 373 тысячы рублёў з райбюджэту і амаль 200 тысяч выкарыстана за кошт субвенцый, перададзеных з рэспубліканскага бюджэту ў кансалідаваны бюджэт Віцебскай вобласці. Такім чынам, жыхары Крулеўшчыны ацанілі рамонт на ўчастку вуліцы 17 Верасня, дакшычане – часткова на вуліцы Ленінскай. Новы ходнік быў абуладкаваны на Піянерскай у Докшыцах.
Летась сродкі з раённага бюджэту ў памеры 170 тысяч рублёў затрачаны на абкошванне травы прыдарожных палос, ачыстку вуліц ад смецця, снегу і лёду, апрацоўку праезнай часткі і ходнікаў супрацьгалалёднымі матэрыяламі ў зімовы перыяд.
На дваровых тэрыторыях таксама наводзілі парадак. Новы асфальт паклалі ў дварах дома № 3 на вуліцы Манковіча ў Бягомлі, № 72 на вуліцы Маякоўскага і № 45 на Палявога ў Докшыцах, №№ 3, 5 на вуліцы Савецкай і №№ 1-5, 7 на вуліцы Маладзёжнай у Параф’янаве.
– Жыльцам якіх шматкватэрных дамоў можна разлічваць на рамонт двароў у 2025 годзе?
– Добраўпарадкаванне і асфальтаванне будзе праведзена ў дварах дома № 9 на вуліцы Усходняй, №№ 74 і 76 на Маякоўскага ў Докшыцах, а таксама №№ 8/1, 8/2, 8/4, 8/5, 8/6, 8/9 і 8/10 у Крулеўшчыне. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана 350 тысяч рублёў.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара, Аляксандра ВАРАНКОВІЧА і з адкрытых крыніц.