На вопросы о начислении пенсии ответила специалист управления по труду Докшицкого райисполкома

047083_750770_big-1

Пры набліжэнні часу выхаду на пенсію ў чытачоў “РВ” узнікае шэраг пытанняў. Адказы на самыя папулярныя з іх дае начальнік аддзела прызначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Камінская.

– Хто мае права на працоўную пенсію па ўзросце?

– Гэта мужчыны пры агульным стажы працы не менш за 25 гадоў пры дасягненні ўзросту 63 гады і жанчыны пры агульным стажы працы не менш за 20 гадоў пры дасягненні 58 гадоў. Абавязковай умовай для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце і працоўную пенсію за выслугу гадоў з’яўляецца наяўнасць стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва – так званы страхавы стаж.

– Колькі патрабуецца страхавога стажу, каб была прызначаная пенсія па ўзросце на агульных падставах і што ў яго залічваецца?

– Для назначэння працоўнай пенсіі патрэбна 20 гадоў страхавога стажу.

У страхавы стаж залічваюцца перыяды работы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, на працягу якіх выплачваліся страхавыя ўзносы ў фонд сацабароны. Вылічэнне страхавога стажу за перыяды пасля 1 ліпеня 1998 года ажыццяўляецца з улікам узроўню заробку, з якога плаціліся страхавыя ўзносы. Так, калі страхавыя ўзносы выплачаны за каляндарны год (або менш, калі ў годзе былі прыём на работу або звальненне, рэгістрацыя або выключэнне з ліку плацельшчыкаў страхавых узносаў) з заработку ніжэй за мінімальную заработную плату, страхавы стаж карэкціруецца ў бок памяншэння з прымяненнем паправачнага каэфіцыента. У страхавы стаж не ўключаюцца перыяды ваеннай службы (за выключэннем тэрміновай ваеннай службы пасля 1 студзеня 2020 года), вучобы на дзённым аддзяленні, догляду дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, дзяцей-інвалідаў, інвалідаў 1 групы, асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, атрымання дапамогі па беспрацоўі.

– Калі ў чалавека няма 20 гадоў страхавога стажу, што тады?

– Ёсць катэгорыі грамадзян, якім зніжаны патрабаванні да страхавога стажу. Напрыклад, пяць гадоў для маці, якія нарадзілі і выхавалі чатырох і больш дзяцей да 8 гадоў, інвалідаў з дзяцінства, бацькоў дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства). Дзесяць гадоў страхавога стажу неабходна для грамадзян з агульным стажам не менш за 40 гадоў – у мужчыны і 35 гадоў – у жанчын, а таксама для грамадзян, якія праходзілі ваенную службу не менш за 10 гадоў і не маюць права на ваенную пенсію пры агульным стажы для мужчын – 25 гадоў, жанчын – 20 гадоў. Астатнім грамадзянам назначаюцца працоўныя пенсіі па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы або сацыяльныя пенсіі.

– У такім выпадку, на што могуць разлічваць грамадзяне?

– Працоўная пенсія па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы назначаецца асобам, якія дасягнулі ўзросту 65 гадоў – мужчыны, 60 гадоў – жанчыны, якія маюць страхавы стаж не менш як 10 гадоў. Памер названай пенсіі вылічаецца ў памеры 73 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму пенсіянера (на 1 сакавіка 2025 года памер пенсіі склаў 238,51 рубля). Пры гэтым за кожны поўны год стажу працы звыш 10 гадоў пенсія дадаткова павялічваецца на тры працэнты названай велічыні.

Сацыяльная пенсія прызначаецца асобам, якія дасягнулі ўзросту 65 гадоў – мужчыны, 60 гадоў – жанчыны і маюць страхавы стаж менш за 10 гадоў. Памер названай пенсіі вылічаецца ў памеры 50 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (на 1 сакавіка 2025 года памер пенсіі склаў 223,82 рубля).

– Што залічваецца ў агульны стаж?

– У агульны стаж, акрамя перыядаў работы (іншай дзейнасці) з выплатай абавязковых страхавых узносаў, уключаюцца перыяды службы ва Узброеных Сілах СССР, Рэспублікі Беларусь, догляду дзяцей ва ўзросце да 3-х гадоў (але не больш за 12 гадоў у агульнай складанасці), догляду інвалідаў 1 групы або асоб, якім неабходны пастаянны догляд, атрымання адукацыі (дзённая форма навучання), дапамогі па беспрацоўі, але не больш за паўгода ў агульнай складанасці і іншае. Працягласць агульнага стажу ўплывае на памер пенсіі. Максімальна ўлічваемая працягласць агульнага стажу складае 45 гадоў для мужчын і 40 гадоў для жанчын.
Падрыхтавала Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *