Обеспеченность семенами сельхозпредприятий Докшицкого района превышает 130 %
Для работнікаў інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін вясна пачынаецца яшчэ ў лістападзе. А ў сакавіку работы па экспертызе насеннага матэрыялу практычна завершаны. Заглянулі ва ўстанову, каб пацікавіцца, як у сельгаспрадпрыемствах падрыхтаваліся да сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых культур.
– Што датычыцца структуры пасяўных плошчаў, то ў бягучым годзе пад збожжавыя і зернебабовыя культуры ў сельгасарганізацыях раёна адведзена 18 729 гектараў, – паведаміла начальнік інспекцыі Ірына Бядарык. – З гэтай плошчы азімымі засеяна 12 126 гектараў. Такім чынам аб’ём работ па сяўбе яравых складае 6603 гектары, у тым ліку ячменю – 2129, пшаніцы – 974, аўса – 183, гароху – 2017, грэчкі – 200, кукурузы на зерне – 1000 гектараў. Найбольш ячменю будуць сеяць ААТ “Таргуны” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – 530 і 449 гектараў адпаведна. А вось яравую пшаніцу ў “Таргунах” і “Гняздзілаве-Агра” вырошчваць не плануюць. Кукуруза на зерне будзе пасеяна ва ўсіх гаспадарках, акрамя КУП “Докшыцкі”, авёс падрыхтавалі да сяўбы ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ААТ “Барсучанка” і ДП “АграСітцы”. У дзвюх апошніх сельгасарганізацыях па 100 гектараў засеюць грэчкай.
Калі гаварыць пра рапс, то стаўку ў гаспадарках зрабілі на азімы – пад яго адведзена 3497 гектараў. Сяўбу яравога будуць весці толькі ААТ “Таргуны” і ДП “Гняздзілава-Агра” – мяркуецца 370 і 450 гектараў адпаведна. Пад кукурузу на сілас адведзена 4600 гектараў, прытым трэцяя частка гэтай агульнай плошчы – у “Таргунах”.
Як паведамілі ў інспекцыі, забяспечанасць насеннем яравых збожжавых і зернебабовых культур у сельгаспрадпрыемствах выдатная. Пры патрэбнасці 1122 тоны маецца ў наяўнасці 2388 тон, што складае 213 працэнтаў. Усё насенне было заяўлена на выпрабаванне, пасля якога выявілася, што пасяўным нормам адпавядае 1549 тон – 138 працэнтаў да патрэбнасці. Па ўсходжасці ўсё насенне адпавядае, а вось па чысціні забракавана 804 тоны, і найгорш справы з гэтым абстаяць у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.
Сёлета ў раён завезена 127 тон элітнага насення – пшаніцы, ячменю, аўса, гароху, а гэта таксама гарантуе ў пэўнай ступені павышэнне ўраджайнасці гэтых культур на адведзеных плошчах.
Алена НЕСЦЯРОНАК.