В Докшицкую ЦРБ прибыл новый стоматолог

img_6291Сёлета штат цэнтральнай раённай бальніцы папоўніўся шасцю маладымі спецыялістамі.

Свае першыя крокі ў прафесію ў новай стаматалагічнай паліклініцы робіць урач-стаматолаг Настасся Макоўская. Кемлівы і адказны спецыяліст вядзе прыём у кабінеце платных стаматалагічных паслуг.
Шлях дзяўчыны ў прафесію нельга назваць выпадковым. Урачом-стаматолагам працаваў дзядуля Настассі, працуе матуля і нават хросная маці. Але, па прызнанні дзяўчыны, на выбар гэтай прафесіі яе ніхто не скіроўваў, наадварот, родныя заўжды настойвалі на свабодзе меркавання: бачылі, што дзяўчынка добра малявала, займалася ў мастацкай школе і магла без цяжкасцей пайсці па слядах бацькі і стаць архітэктарам. Толькі сэрца Насці цягнулася да медыцыны. Не спыніла нават тое, што яна, мінчанка, на шэсць гадоў адарвалася ад утульнага бацькоўскага дома, каб вучыцца за тры з паловай сотні кіламетраў ад сталіцы ў Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце.
Анастасія Макоўская прызнаецца, што пасля інтэрнатуры былі думкі працягнуць вучобу і асвоіць яшчэ адну спецыялізацыю, але зараз вельмі ўдзячна лёсу, які прывёў яе ў Докшыцы.
– Шчыра кажучы, мы з мамай, якая прыехала падтрымаць мяне падчас знаёмства з першым месцам працы, былі ў прыемным шоку, – распавядае малады ўрач. – Чакалі сустрэчы са звычайным для большасці раёнаў стаматалагічным аддзяленнем, а па факце ўбачылі новую прыгожую паліклініку, дзе светла, прасторна, не па-бальнічнаму ўтульна, а галоўнае, створаны належныя ўмовы прафесійнай дзейнасці, ёсць абсталяванне і ўвесь патрэбны якасны матэрыял. Ды і загадчыца аддзялення Людміла Мікалаеўна Падгайская аднеслася так цёпла і душэўна да мяне, што я ніколькі не вагалася і засталася ў Докшыцах.
Жыве малады доктар у інтэрнаце ЦРБ, кажа, што вельмі рада ўдаламу размяшчэнню райцэнтра, дзякуючы якому зараз трапляе да родных у Мінск і часцей і хутчэй.
Як паведамілі ў кадравай службе медустановы, з маладога папаўнення дзве медыцынскія сястры размеркаваны ў хірургічнае аддзяленне ЦРБ, адна – у Бягомльскую раённую бальніцу. У дзіцячай паліклініцы прыём вядзе ўрач-педыятр Алена Корсак, псіхолагам працуе Бажэна Вайцяховіч.
Яшчэ адзін будучы педыятр зараз праходзіць інтэрнатуру ў дзіцячай паліклініцы і ў далейшым застанецца працаваць у нашым раёне. Прайшла перанавучанне па новай спецыялізацыі і ўжо прымае пацыентаў урач-неўролаг Ірына Казімірава.
НА ЗДЫМКУ: прыём вядзе малады спецыяліст урач-стаматолаг Настасся Макоўская.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *