Планами на Год благоустройства поделился директор РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» Дмитрий Коляго

IMG_9301 с

Сёння работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначаць сваё прафесійнае свята. Ад устойлівай работы гэтых сфер, прафесіяналізму і адказнасці працаўнікоў залежаць надзейнае забеспячэнне жыццядзейнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, развіццё інфраструктуры раёна, парадак і чысціня на вуліцах, камфортныя ўмовы пражывання.

Напярэдадні свята мы сустрэліся з дырэктарам РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрыем Калягам (на здымку), які расказаў, з якімі здабыткамі прадпрыемства завяршыла мінулы год, а таксама падзяліўся планамі на бліжэйшы час.

– Дзмітрый Сцяпанавіч, якім выдаўся леташні год для вашага калектыву?
– У цэлым паспяховым. Пра гэта гавораць і лічбы. Напрыклад, за 2024 год выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 12 220 тысяч рублёў. Тэмп росту – 111,3 працэнта да ўзроўню 2023 года. Прадпрыемствам атрыманы чысты прыбытак у суме 364 тысячы рублёў. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 1497 тысяч рублёў. За кошт уласных сродкаў удалося абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу. Набылі снегаўборачны адвал, раскідвальнік пяску, дарожную касілку, трактар, шчапавоз з прычэпам і больш за сотню кантэйнераў для бытавых адходаў. У бліжэйшы час плануем яшчэ купіць пагрузчык “Амкадор”, МАЗ, смеццявоз з бакавой загрузкай і падмятальна-ўборачную машыну “Брадвей-Бел”.

– Вядома, што камунальная служба шматпрофільная. На яе абслугоўванні знаходзіцца таксама вулічна-дарожная сетка. Якія ўчасткі рамантаваліся летась?
– У 2024 годзе на ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі было выдзелена 171 тысяча рублёў, на яе рамонт – 581 тысяча. У прыватнасці, былі адрамантаваны ўчасткі дарог на вуліцах 17 Верасня ў аграгарадку Крулеўшчына, а таксама Ленінскай і Піянерскай у Докшыцах. У бліжэйшы час, дзесьці ў красавіку, плануем устанавіць бардзюр з пашырэннем праезнай часткі на вуліцы М. Горкага ў райцэнтры і абуладкаваць там зялёную зону, пасадзіць туі. Неабходны для гэтага матэрыял на аб’ект ужо завезены. Акрамя гэтага, па шматлікіх просьбах дакшычан, будзем займацца будаўніцтвам пешаходнага перахода праз вуліцу Дзяржынскага ў раёне рэстарана “Бярэзіна”.

– Сёлетні Год добраўпарадкавання патрабуе ад кожнага з нас яшчэ больш пільнай увагі да пытанняў навядзення парадку, чысціні і камфорту ў горадзе і населеных пунктах. На якіх аб’ектах будуць сканцэнтраваны сілы камунальнікаў?
– Добраўпарадкаваннем у раёне мы займаемся з года ў год, скажам так, заўсёды знаходзімся на перадавой. Будзем працягваць гэта рабіць. Сёлета неабходна адрамантаваць гульнявыя горкі ў дварах шматкватэрных дамоў №№ 30 і 26 на вуліцы Ленінскай у райцэнтры і замяніць арэлі ў дварах дамоў № 12 на Лепельскай у Бягомлі і № 36 на Ленінскай у раёне новай забудовы ў Докшыцах. Новыя пясочніцы ўстановім у дварах дамоў № 44 і 50 на Палявой, № 2Б на Чарняхоўскага, № 52 на Гайдара ў Докшыцах і № 8/8 на Палявога ў Крулеўшчыне. Прыгожыя каваныя альтанкі з’явяцца на Савецкай, 4 у райцэнтры і Манковіча, 5 у Бягомлі.

Будзем займацца і азеляненнем. У горадзе плануецца пасадзіць шэсць тысяч кветак, у некаторых месцах абнавіць газон. Падрыхтуем таксама зону адпачынку на возеры ў Будачах. Там установім кабінкі для пераапранання, біятуалеты, абуладкуем аўтастаянку, падсыплем яе гравіем і зробім мосцікі ў зоне купання.

Чакаюць рамонту і дваровыя тэрыторыі шматпавярховікаў у Докшыцах і аграгарадку Крулеўшчына. Работы запланавана правесці ў жніўні – верасні.

– Дзякуй, Дзмітрый Сцяпанавіч, за размову.

  • Напярэдадні прафесійнага свята ў Палацы Рэспублікі адбылася цырымонія ўзнагароджання работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ва ўрачыстай цырымоніі заслужаную ўзнагароду – нагрудны знак “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” – атрымаў дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрый Каляга.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *