Полноценный горячий обед вместо ссобойки предлагают работникам в ОАО «Бегомльское»

ЕН 344

На тэрыторыі мехдвара ААТ “Бягомльскае” гасцінна расчыніла дзверы сталовая для работнікаў сельгаспрадпрыемства.

Адкрыццё адбылося месяц таму без асаблівай урачыстасці, уласцівай падзеям такога роду.

– Галоўнае не стужку прыгожа перарэзаць і прамову сказаць, – лічыць кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Навіцкі. – Куды важнейшы сам факт. Ідэю гэту выношваў з самага пачатку сваёй работы ў Бягомлі. Бачу: будынак ёсць, моцны, дыхтоўны і прасторны, але закінуты і запушчаны, бо сталовая ў ім перастала дзейнічаць яшчэ ў дзевяностыя. Месца выдатнае. Так, у нас арганізавана, як і належыць, гарачае харчаванне з вясны да восені. Але ж яно для тых, хто працуе на палях. А астатнія людзі чым горшыя? На мехдвары пастаянна кіпіць жыццё не толькі зімой, калі ідзе рамонт і абслугоўванне тэхнікі, а круглы год. Побач малочнатаварны комплекс “Бягомль”, дзе таксама немалы штат работнікаў. Ферма “Дабрунь” не так далёка. Спецыялісты, іншыя работнікі могуць наведацца. Паўнавартасны гарачы абед па прымальнай цане – гэта ж здорава, яго ніякая ссабойка не заменіць. У рэшце рэшт, сталовая знаходзіцца побач з трасай, сюды можа заехаць любы ахвотны. Спецыяльнай рэкламы не робім – што называецца, сарафаннае радыё функцыянуе выдатна.

Кухар Аксана Бабака.

Кухар Аксана Бабака.

У новай сталовай працуюць два кухары – Аксана Бабака і Галіна Шопат. Гэта сапраўдныя прафесіяналы, і водгукі аб іх рабоце толькі пахвальныя. Ацаніць якасць і смак прыгатаваных страў зараз можна з 11 да 14 гадзін штодзённа. Самы дарагі абед абыдзецца не больш як у шэсць рублёў. Да таго ж у чацвер і пятніцу жанчыны пякуць піражкі.

– Можаце сабе ўявіць: дзесяць кілаграмаў мукі ідзе ў нас на іх прыгатаванне – і ўсе “разлятаюцца” за гадзіну, гарачымі, – распавядае Аксана Бабака, якую заспелі на рабочым месцы. – Гатуем сасіскі ў цесце, піражкі з мясам і капустай. Прадаём па 55 капеек. Попыт такі, што і аб’ёмы выпечкі, несумненна, трэба павялічваць, і асартымент пашыраць. Усё гэта наперадзе. Важна тое, што гатаваць ёсць з чаго: мяса сваё, на пастаўку гародніны заключылі дагавор з Бягомльскай школай-інтэрнатам.

Смачна і танна – гэта адна станоўчая адметнасць. Другая – у сталовай прыемна знаходзіцца. Рамонт зроблены на славу. Непасрэдна на кухні – сучаснае абсталяванне. У зале – прыгажосць і камфорт. Яе, падумалася, можна нават арандаваць для правядзення якіхсьці сямейных урачыстасцей ці карпаратываў. Ёсць нават пакой, дзе за абедам можна ў спакойнай абстаноўцы вырашаць вытворчыя пытанні. Туалеты, умывальнікі – усё як мае быць. Старанна прадумвалі інтэр’ер, над некаторымі яго дэталямі працавалі ўласнымі сіламі – усё атрымалася.

ЕН 345

Трэцяя адметнасць – вонкавае афармленне. Акуратны ганак, забетанаваны пад’езд. У хуткім часе прыступяць да пасеву газона і пасадкі кветак. У дадатак побач брыгада па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў сельгаспрадпрыемства ўзводзіць альтанку. Прараб Аляксандр Павялок, на рахунку якога вялікі ўнёсак у рэканструкцыю МТФ “Дабрунь”, і інжынер-будаўнік Ігар Гардзееў адзначылі, што добраўпарадкуецца кожная пядзя зямлі, прылеглай да будынка сталовай. Ведаючы мэтанакіраванасць у справах, клопат аб навядзенні парадку і стварэнні камфортных умоў для працы і адпачынку людзей Аляксандра Навіцкага і яго паплечнікаў, у тым, што так і будзе, можна не сумнявацца.

Так цяпер сталоўка выглядае звонку.

Так цяпер сталоўка выглядае звонку.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *