В Докшицах сельхозпредприятия сеют горох и пшеницу
ПАСЯЎНАЯ КАМПАНІЯ Ў РАЁНЕ НАБІРАЕ АБАРОТЫ. ПА СТАНЕ НА РАНІЦУ ЎЧАРАШНЯГА ДНЯ Ў СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВАХ РАННІХ ЯРАВЫХ ЗБОЖЖАВЫХ І ЗЕРНЕБАБОВЫХ КУЛЬТУР ПАСЕЯНА НА ПЛОШЧЫ 1761 ГЕКТАР, ШТО СКЛАДАЕ 32,6 ПРАЦЭНТА ДА ПЛАНА. КОЖНУЮ СПРЫЯЛЬНУЮ ПА НАДВОР’І ГАДЗІНУ ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЬ У ДП “АГРАСІТЦЫ” – БОЛЬШ ЗА ЧВЭРЦЬ ЯРАВОГА КЛІНУ Ў ГАСПАДАРЦЫ ТАКСАМА ЎЖО “ЗДАДЗЕНА ПАД КЛЮЧ”.
Спыніліся, едучы ў напрамку Валкалат, на дарозе каля Малых Сітцаў. Там на ўскрайку невялікага, гектараў на пятнаццаць, поля ўбачылі звыклую, але такую прыгожую карціну: з загрузчыка, на якім працуе механізатар Фёдар Каросцік, сыпалася ў сеялку залацістае зерне пшаніцы. Сітцаўскі сейбіт Міхаіл Латковіч любоўна разраўняў яго рукамі, зачыніў бункер – усё гатова да чарговага “заезду”.
– Lemken, канешне, не Pottinger, трэба ў два разы больш праехаць, каб выканаць той жа аб’ём работы, але сеялка па якасці добрая, надзейная, – гаворыць Міхаіл Вячаслававіч. – Ды і хуткасці адной мала – патрэбна яшчэ і якасць. Якія б цяжкасці ні былі, усе гады спраўляліся, пасеем, як трэба, і сёлета, – дадае ўпэўнена.
Для гэтага, як бачым, ёсць падставы. А яшчэ “АграСітцы” на сённяшні дзень адзінае сельгаспрадпрыемства, дзе праведзена падкормка азотам сенакосаў і пашаў.
Ажыўленне панавала падчас нашага прыезду і на палетках ва ўрочышчы Багданава поле ААТ “Барсучанка”. Цэлы комплекс работ там праводзілі механізатары гаспадаркі. Пра тое, каб тэхніка працавала без паломак, клапаціўся Генадзь Баркоўскі, задача якога ачысціць на падборшчыку поле ад камення, якое можа перашкаджаць рабоце агрэгатаў. Падрыхтоўкай глебы да сяўбы на энерганасычаным МТЗ-3522 з дыскатарам займаўся Аляксандр Рамашоў. Каб гарох, на сяўбе якога заняты Мікалай Баброўскі, атрымаў усе неабходныя пажыўныя элементы для развіцця, пасевы яго неабходна падкарміць. Гэта справа даручана Алегу Судніку, які ўносіў у глебу мінеральныя ўгнаенні – хлорысты калій і карбамід. Ну а ў тандэме з Мікалаем Баброўскім на загрузчыку, аб’ём якога пяць тон, рупіўся Сяргей Глазко. Атрымалася пагутарыць з усёй камандай аграрыяў, бо якраз падаспеў аўтамабіль з гарачым харчаваннем. У гаспадарцы яно заўжды на высокім узроўні – кухары сталовай у Порплішчы працуюць з душой.
Што датычыцца тэмпаў работ, то паказчыкі “Барсучанкі” вышэйшыя за сярэднія па раёне – засеяна амаль 400 гектараў плошчаў, а гэта 43 працэнты ад запланаванага.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.