25 мая — Всемирный день щитовидной железы. О профилактике заболеваний железы рассказал врач-терапевт Докшицкой ЦРБ

4332_segodnya-vsemirnyy-den-schit

Штогод 25 мая адзначаецца Сусветны дзень шчытападобнай залозы.

Ад работы шчытападобнай залозы шмат у чым залежаць разумовыя здольнасці чалавека, сон і апетыт, функцыянаванне ўнутраных органаў, палавое развіццё, здольнасць вынасіць і нарадзіць здаровае дзіця. Аб прафілактыцы захворванняў залозы расказвае ўрач-тэрапеўт Докшыцкай ЦРБ Іван Бруяка:

– Сапраўды, шчытападобная залоза ўплывае на ўсе бакі жыцця чалавека, нават на яго настрой і знешні выгляд. А згодна са статыстыкай, на розныя парушэнні ў рабоце шчытападобнай залозы пакутуе да трэці ўсяго насельніцтва планеты. Вузлавыя ўтварэнні выяўляюцца ў 30 працэнтаў дарослых людзей, павелічэнне залозы ў выніку дэфіцыту ёду – у 10–30 працэнтаў.

Між тым большасць захворванняў можна вылечыць. Што да захворванняў, выкліканых дэфіцытам ёду, то іх цалкам можна прадухіліць – напрыклад, з дапамогай праграм усеагульнага ёдавання харчовай солі, якая дзейнічае ў шматлікіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.

Самая лепшая прафілактыка захворванняў шчытападобнай залозы – гэта здаровы лад жыцця, які ўключае ў сябе паўнавартаснае харчаванне, адмаўленне ад шкодных звычак, адсутнасць стрэсавых сітуацый, добры сон, заняткі фізкультурай.

Адзначу яшчэ такі момант. Многія лічаць, што для прафілактыкі захворванняў шчытападобнай залозы неабходна ўжываць шмат ёдазмяшчальных прадуктаў, але гэта не заўжды так. Не забывайце, што некаторыя захворванні залозы ўзнікаюць менавіта з-за лішку ёду, і тады яго якраз трэба абмежаваць.

Калі ж казаць пра недахоп ёду, то для залозы карысныя любыя морапрадукты: марская капуста, рыба, крэветкі і г. д. З раслінных прадуктаў можна назваць чарнасліў, фінікі, хурму, баклажаны, шпінат, памідоры.

Але ў любым выпадку пры недамаганні патрэбна звярнуцца да ўрача, бо самалячэнне можа пагоршыць становішча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *