Маршрут проекта «Вёсачка мая» привел в деревню Перелои Докшицкого района
ПЕРАЛОІ – вёска ў Докшыцкім сельсавеце. Узнікла на тэрыторыі маёнтка Порплішча, што ў розныя часы належаў панам Чартарыйскім, Зяновічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. Паводле дакументаў 1795 года, у Пералоях налічвалася 23 двары і 98 душ насельніцтва. У выданні “Słownik Geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich” 1887 года Пералоі значацца як вёска па-над ракой Барсучанка (зараз Астраўлянка – Рэд.), з 10 дамамі і 59 жыхарамі. У 1905 г. населены пункт уваходзіць у склад Параф’янаўскай воласці Вілейскага павета, і жыве там ажно 150 чалавек. З 1921 года Пералоі трапляюць у склад Польшчы. Максімальная колькасць двароў і жыхароў – 32 і 184 адпаведна. З 1939 года – у БССР. У 1949 годзе арганізаваны калгас імя Суворава. Пасля вайны вёска, як многія іншыя, стала памяншацца, і па стане на 1 студзеня 2004 года ў ёй значылася 14 двароў і 26 жыхароў. Зараз, праз чвэрць стагоддзя, круглы год свецяцца вокны толькі трох дамоў, у якіх пражывае пяць чалавек.
Калі хата не з краю
Прыехаўшы ў вёску, найперш накіраваліся да цаглянай каплічкі, пабудаванай 20 гадоў таму жыхарамі замест старой, драўлянай, яшчэ з ХІХ ст. Каля будынка завіхалася, наводзіла парадак жанчына – старэйшына Пералояў і суседніх Пасек Галіна Пруднікава.
– Жывём з мужам і тут, і ў Барсуках, – паведаміла Галіна Юльянаўна, зараз пенсіянерка, а ў мінулым інспектар па кадрах у калгасе “Камсамолец”, а затым лабарант у Барсукоўскай сярэдняй школе.
Як аказалася, гэта энергічная, мілавідная і прыязная жанчына, якая зусім не выглядае на свой узрост, мае вельмі вялікую сям’ю: нарадзілі і выхавалі з мужам Васілём Аляксеевічам, былым механізатарам мясцовага сельгаспрадпрыемства, трох дачок, абагаціліся дванаццаццю ўнукамі і пяццю праўнукамі, а Галіне Юльянаўне яшчэ і сямідзесяці няма.
– Я ж і сама са шматдзетнай сям’і – пяцёра нас у бацькоў. Хату бацькоўскую ў Пасеках не кідаем, даглядаем, збіраемся на святы ў ёй. Так што магу ганарыцца, што валодаю некалькімі загараднымі маёнткамі, – смяецца суразмоўца і дадае ўжо сур’ёзна: – Калі хтосьці кажа, што няма здароўя даглядаць бацькоўскую сядзібу, паверу, а вось што няма часу – не.
Перад радаўніцай руплівая старэйшына прыбралася ў каплічцы, каля яе, прапалола клумбы, на якіх ужо чырванеюць цюльпаны, навяла парадак на магілах родных і не толькі. Вельмі радуецца, што з дапамогай аднавяскоўцаў з Барсукоў Валерыя Грыцкевіча і Яўгенія Грыцкевіча атрымалася паставіць годныя помнікі на магілах тых людзей, клопат аб пахаванні якіх яна ўзяла на сябе: радня амаль стогадовай бабулі з Пасек не палічыла гэта сваім доўгам, а ў мужчыны з Барсукоў родных і не было.
– Так, я з катэгорыі тых, каму, як лічаць некаторыя, больш за ўсіх трэба, – уздыхае Галіна Юльянаўна. – А на справе ўсё інакш. Мы з мужам людзі веруючыя, ён зараз у нашай царкве стараста. Лічу, што калі прыйшоў на гэту зямлю чалавекам, жыві па-людску: дапамажы, калі трэба, парадуйся чужой радасці, не будзь абыякавы да чыйгосьці гора, зрабі што-небудзь карыснае не толькі для сябе, сваёй сям’і, але і для навакольных.
Суразмоўца падзялілася, што плануе ў бліжэйшы час кінуць кліч на збор грашовых сродкаў для ўстаноўкі новай агароджы на могілках. “Слупкі тут дыхтоўныя, пабяліць іх толькі трэба, а гэта я і сама зрабіць змагу, – кажа, – а вось драўляныя праслы ўжо падгнілі і абшарпаліся – іх фарбаваць няма сэнсу, на сетку трэба мяняць, бюджэтны і практычны варыянт”. Неяк адразу паверылася, што ўсё атрымаецца: і дабрыня жыве ў яе сэрцы, і мэтанакіраванасці не займаць.
Яе месца сілы
Шукаючы дом яшчэ адной жыхаркі вёскі, Яўгеніі Косцік, звярнулі ўвагу на стракаты ад ранніх нарцысаў і цюльпанаў двор. Па прынцыпе Віні-Пуха – калі ёсць нара, значыць, у ёй павінен быць трус – зайшлі ў той дворык. І вось удача – заспелі гаспадыню, якая збіралася ад’язджаць у Полацк, дзе жыве пастаянна. Ірына Ганчаронак, як аказалася, дачка карэннага жыхара Пералояў Альфрэда Каросціка, чалавека, які цікавіўся краязнаўствам, пісаў вершы, у свой час ініцыяваў будаўніцтва капліцы.
– У маіх брата і сястры летнікі блізка, а я вось ад родных мясцін адарвацца не магу, – падзялілася Ірына Альфрэдаўна. – Дабірацца нязручна: пехам іду праз старыя Барсукі да прыпынку, еду ў Крулеўшчыну, адтуль – у Глыбокае, а затым ужо да Полацка. Я пенсіянерка, крыху падпрацоўваю, але тым не менш на выхадныя, у любыя вольныя дні, у водпуск – толькі сюды. Гэта маё месца сілы, мой кветкавы рай, куточак, дзе прыходзяць у лад думкі, паляпшаецца настрой, дзе знаходжу прымяненне нязжытай горадам цягі да працы на зямлі. Вось нарцысы расцвілі, любуюся. Адлучацца надоўга нельга: на чарзе цюльпаны. Новыя сарты ёсць. Як жа прапусціць цвіценне?
Сапраўды, Ірына мае тут невялікі агарод, шкляную цяплічку, зробленую яшчэ татавымі рукамі. Кветак жа развяла процьму, самых розных. Кажа, прыязджае нават зімой, каб паглядзець, як адчуваюць сябе зялёныя гадаванцы, нацепліць у хаце. Гэта што: нават пчоламі занялася, з захапленнем расказвае, як усё больш асвойвае пчалярскую справу.
Падумалася: сапраўды, калі родныя мясціны займелі вечную прапіску ў сэрцы, ніякая адлегласць і занятасць не перашкодзяць вяртацца туды зноў і зноў.
Жыццё на пенсіі ёсць!
Гаспадыню яшчэ аднаго ўтульнага дамка ў Пералоях Тамару Паляніну мы заспелі за разгадваннем красворда. “Люблю гэты занятак, ды і клеткам мозга нельга ў нашы гады даваць спачын у адрозненне ад усіх іншых органаў”, – усміхаецца Тамара Віктараўна.
Дом, на сценах якога шмат фотаздымкаў, бацькоўскі. Наша новая знаёмая мае шчасце жыць там, дзе нарадзілася і расла, а гэта значыць, ёй невядомы боль ад сузірання пустога і халоднага будынка, які жыве ў памяці ў яркіх фарбах, пахах і гуках дзяцінства.
Падалося, што Тамара Віктараўна ў мінулым настаўніца – па манеры рухацца, весці размову, інтэлігентнай стрыманасці і яшчэ па чымсьці, што няўлоўна яднае тых, хто звязаў сваё жыццё з педагогікай, з дзецьмі.
– Да дзяцей маю дачыненне, але крыху іншае, – паведамляе. – Трыццаць пяць гадоў адпрацавала поварам у Барсукоўскім дзіцячым садзе, а паколькі кухар я нетыповы, без румяных круглых шчок і на некалькі памераў меншая, чым таго патрабуе вобраз, дык маю прафесію ніхто ніколі не адгадвае. Увогуле адукацыя ў мяне іншая – скончыла Брэсцкі тэхнікум радыётэхнічнай сувязі, але так склалася, што па спецыяльнасці давялося папрацаваць толькі некалькі гадоў. Ці шкадую? Не, гатаваць для малечы для мяне было ў радасць, таму і аддала гэтай рабоце не гады, а дзесяцігоддзі.
Тамара Віктараўна таксама шматдзетная маці – трое дзяцей і чацвёра ўнукаў саграваюць іх з мужам Расціславам Анатольевічам сэрцы. Гаспадар, які на момант нашага прыезду адсутнічаў – адправіўся па справах у Барсукі, таксама лягчэйшага хлеба і даўжэйшага рубля не шукаў, працаваў нязменна ў жывёлагадоўлі.
Размеранасць жыцця на заслужаным адпачынку, прызнаецца суразмоўца, ім абодвум падабаецца. Ёсць час на актыўныя зносіны з роднымі, на прагляд фільмаў і тэлеперадач, наведванне лесу, гатаванне любімых страў. Ёсць магчымасць любавацца прыродай, займацца хатнімі справамі без асаблівай напругі, у павольным тэмпе, больш размаўляць адзін з адным у рэшце рэшт. Маланаселенасць вёсачкі, канешне, не радуе, але і не наводзіць самоту: побач свецяцца агнямі Барсукі, аўталаўка прыязджае, пошта, улетку дачнікі падцягваюцца, дзеці на сувязі. Ды і хіба можа быць дрэнна ў родных сценах?
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.