О реализации гражданских инициатив в Докшицком районе рассказала председатель районного Совета депутатов Валентина Рандаревич

37dc38399e88c60a7b4f0272d771a212

У аб’яўлены Прэзідэнтам Беларусі Год добраўпарадкавання ў нашым раёне пабудавана сістэмная работа па навядзенні парадку на зямлі. Распрацоўваюцца планы мерапрыемстваў, да ўдзелу ў якіх максімальна прыцягваюцца прадпрыемствы, арганізацыі, грамадскія аб’яднанні і проста нераўнадушныя грамадзяне. І як прыклад актыўнага ўдзелу насельніцтва ў гэтым пытанні – рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў.

Пра іх важнасць і актуальнасць падрабязна расказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.

– Докшыцкая зямля славіцца таленавітымі і працалюбівымі людзьмі, – адзначыла Валянціна Юр’еўна. – Няма той сферы, дзе б яны не маглі рэалізаваць свой бязмежны патэнцыял. Кожны год наш раён прымае ўдзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, які праводзіцца Віцебскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. У мінулым годзе праект “Па дарозе да здароўя” стаў пераможцам і атрымаў фінансаванне ў памеры 21 тысячы рублёў на далейшую рэалізацыю. Ініцыятарам праекта выступіў сектар спорту і турызму райвыканкама, а выканаўцам – РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Актыўны ўдзел у навядзенні парадку на тэрыторыі гарадской лесапаркавай зоны прымалі члены Моладзевай палаты пры райсавеце, БРСМ і ветэраны.

Прыкладаў грамадзянскіх ініцыятыў шмат і спектр іх накіраванасці шырокі. Найбольш актыўна жыхары раёна наводзяць парадак на могілках. Іх добраўпарадкавалі ў вёсках Дамашкавічы, Маргавіца, Краснае, Бераснёўка Бягомльскага сельсавета. Зараз праводзіцца збор ахвяраванняў, каб у далейшым навесці парадак на могілках у населеных пунктах Чысці- Вардамскія і Новае Запонне Бярозкаўскага сельсавета.

У вёсцы Літоўцы Крулеўшчынскага сельсавета вяскоўцы сабралі грошы і летась замянілі на могілках 143 метры агароджы. Сёлета абнавіць плануецца яшчэ 200 метраў. У вёсцы Дзедзіна Тумілавіцкага сельсавета па ініцыятыве мясцовага насельніцтва ўстаноўлена новая металічная брама, адрамантаваны падмурак капліцы, пасаджана 150 елачак у выглядзе жывой агароджы.

Год праходзіць пад знакам 80-годдзя Вялікай Перамогі, што накладвае асаблівы адбітак у плане добраўпарадкавання мемарыяльных комплексаў, воінскіх пахаванняў. Напрыклад, па ініцыятыве старэйшыны вёскі Беразіно Васілія Мацкевіча і за кошт сродкаў СГ “Мацкевіч” вядуцца работы па ўстаноўцы агароджы вакол абеліска на вуліцы Бягомльскай. З удзелам вяскоўцаў зроблены таксама касметычны рамонт абеліска ў населеным пункце Ліпск Бярэзінскага сельсавета. Новы помнік і рамка з памятнай дошкай з імёнамі загінулых з’явілася ў спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсцы Залатухі Параф’янаўскага сельсавета.

Добрай традыцыяй у нашым раёне стала правядзенне конкурсу на лепшую дваровую тэрыторыю. Актыўнасць у гэтым кірунку праяўляюць жыхары шматкватэрных дамоў райцэнтра. За апоші час у дварах дамоў № 8, 11 і 16 на вуліцы Школьнай у Докшыцах былі ўстаноўлены трэнажоры, гульнявое абсталяванне, розныя архітэктурныя формы, а таксама пасаджаны туі.

У мінулым годзе ў конкурсе удзельнічалі не толькі гараджане, а і жыхары аграгарадкоў Параф’янава і Барсукі. Нават калі людзі не прымаюць удзел у конкурсе, яны па сваёй ініцыятыве наводзяць парадак у дварах. Напрыклад, за ўласныя сродкі жыхары шматкватэрнага дома № 80 на вуліцы Савецкай у аграгарадку Порплішча ўстанавілі лаўкі і пясочніцу. Месцы для адпачынку абсталяваны таксама каля шматкватэрных дамоў на вуліцы Маладзёжнай у Таргунах.

Далучаюцца да навядзення парадку і жыхары іншых населеных пунктаў. Напрыклад, падчас суботнікаў, якія арганізоўвае старэйшына аграгарадка Валкалаты Антаніна Бабарыка, было высечана кустоўе і ачышчаны пусты калодзеж на вуліцы Сонечнай. У вёсцы Козікі Докшыцкага сельсавета жыхары абуладкавалі зону адпачынку на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Лясной, а ў вёсцы Вілейка Бярозкаўскага сельсавета пасадзілі бярозавую алею. Новыя альтанкі, у якіх стала зручна чакаць прыезду аўтакрамы і аўтобуса, з’явіліся ў Курдзеках Сітцаўскага сельсавета і Восаве Докшыцкага сельсавета.

Галоўная ідэя ініцыятыў – самі праекты, іх якасць. Важна, што ў людзей, якія ўдзельнічаюць у абласным конкурсе, ёсць магчымасць атрымаць бюджэтную падтрымку да 90 працэнтаў ад кошту кожнага з праектаў. Лічу, што такія ініцыятывы ствараюць механізм зваротнай сувязі паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі структурамі, дазваляючы ўладзе лепш разумець, у чым мае патрэбу грамадства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *