Производство парфюмерной продукции возобновилось в Докшицах
У Докшыцах тры месяцы таму аднавілася вытворчасць парфумернай прадукцыі. Гэта адбылося дзякуючы рэалізацыі ініцыятывы “Адзін раён – адзін праект”.
– Мы задаволены, што ў будынак, дзе і раней выпускалася парфумерыя, удыхнулі новае жыццё, – падзяліўся дырэктар ААТ “Космаінвест” Уладзімір Русаковіч. – На прадпрыемстве змяніўся ўласнік. Ім стаў прадстаўнік “ETIB PARFUM”, які на рынку ў Беларусі прысутнічае больш за сем гадоў. Такім чынам, у 2023 годзе пачалася рэалізацыя інвестыцыйнага праекта. На гэтыя мэты было асвоена больш за мільён рублёў.
На прадпрыемстве ўстаноўлена лінія па разліве мужчынскіх і жаночых духоў, а таксама селектыўных водараў. Усяго тут выпускаюць больш за 200 найменняў духоў. Напрыклад, толькі за лістапад мінулага года работнікамі выпушчана 250 тысяч флаконаў. Каля 60 працэнтаў прадукцыі экспартуецца ў Расію. Плануецца, што сёлета яна будзе пастаўляцца ў Казахстан і краіны Сярэдняй Азіі. Таму працэнт экспарту павінен дасягнуць 70-80 працэнтаў, а ў грашовым выражэнні ён складзе 7 мільёнаў рублёў за год.
– Наш прадукт складаецца з трох кампанентаў: этылавага спірту, які закупляецца ў Бабруйску, швейцарскай аддушкі і вады, – распавядае тэхнолаг Інна Грыгарук. – Усе кампаненты перамешваюцца ў пэўнай прапорцыі. Купаж адстойваецца 14 дзён, а потым гатовая прадукцыя разліваецца па флаконах, аб’ём якіх складае ад 15 да 150 мілілітраў. Дарэчы, лінейку водараў плануем пашыраць. Для гэтага нам неабходна прадаставіць у лабараторыю некалькі распрацаваных відаў прадукцыі, і толькі пасля атрымання дэкларацыі адпаведнасці парфумерыі мы будзем займацца яе выпускам.
– Сёння на прадпрыемстве працуюць 35 чалавек, – удакладняе Уладзімір Русаковіч. – І, магчыма, з пашырэннем лінейкі выпускаемай прадукцыі, а таксама аўтапарфумы, дыфузараў і араматычных свечак для дому іх колькасць павялічыцца.
Парфумерыю “ETIB PARFUM” можна набыць не толькі ў гандлёвых цэнтрах буйных гарадоў Беларусі. Напрыклад, яе магчыма купіць у суседнім райцэнтры – Глыбокім, а ў хуткім часе, запэўніваюць вытворцы, крама з’явіцца і ў Докшыцах.
Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота аўтара.