Производственные помещения ОАО «Бегомльское» преобразились благодаря художественному таланту оператора машинного доения
Пры немалой занятасці знаходзіць час для творчасці аператар машыннага даення МТК “Бягомль” ААТ “Бягомльскае”, шматдзетная маці Наталля Мікалаева. Пацвярджэннем таму – мастацкае афармленне памяшканняў комплексу, а таксама абедзеннай залы сталовай гаспадаркі і тэрыторыі МТФ “Дабрунь”.
Талент мастака ў Наташы праявіўся ў зусім раннім узросце. Хто ведае, як склаўся б далейшы лёс дзяўчынкі, якая нарадзілася ў Мінску, каб яе сям’я тры дзясяткі гадоў таму не пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Бераснёўку. Тата ўладкаваўся механізатарам у мясцовае сельгаспрадпрыемства, мама – даяркай, хатнюю гаспадарку немалую завялі, што было тады нормай. Вучыцца жывапісу Наташу нікуды не аддалі. Школьныя ўрокі па маляванні – вось і ўсе яе мастацкія “ўніверсітэты”. Аднак талент, дадзены звыш і падмацаваны працай, заўсёды мае станоўчыя вынікі. Наталля Мікалаеўна заўважае: у тым, што не атрымала ў гэтым кірунку належнай адукацыі, ёсць як мінусы, так і плюсы. Так, у яе не было настаўнікаў, але і ніхто і ніколі не крытыкаваў яе работы, што дазваляла юнай мастачцы смела брацца за розныя тэхнікі і працаваць у іх, як ёй бачылася вартым.
– Ва ўсім цікава сябе спрабаваць, – дзеліцца Наталля, з якой сустрэліся на рабочым месцы. – Аловак, крэйда, туш, гуаш, акварэль, увогуле фарбы розных відаў і саставаў. Адсюль і разнапланавасць жанраў – ад плакатнага жывапісу да нацюрмортаў, пейзажаў, партрэтаў.
Наташа працуе ў даільнай зале па графіку два дні праз два. На комплексе тры гады. Каб быць больш мабільнай і эканоміць час, дабіраецца на работу з Бераснёўкі на электрасамакаце. Яна маці траіх дзяцей. Старэйшы сын ужо студэнт, вучыцца ў Глыбокім, яшчэ адзін сын – трэцякласнік, дачушка сёлетняй восенню пойдзе ў першы клас. Менавіта Марынцы найбольш перадаліся маміны здольнасці да малявання, і Наташа кажа, што пастараецца, каб дзяўчынка абавязкова вучылася ў педагогаў-прафесіяналаў. Сама ж яна поўная планаў і задум па далейшым упрыгожванні тэрыторыі комплексу і іншых аб’ектаў сельгаспрадпрыемства. Кіраўніцтва гаспадаркі, адзначае, ва ўсім падтрымлівае.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.