Пятеро молодых специалистов пополнили ряды работников культуры Докшицкого района
Пяцёра маладых спецыялістаў не так даўно папоўнілі рады работнікаў культуры раёна.
Трое з іх мясцовыя. Надзея Чучман і Валерыя Манапава разам скончылі Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж. Абедзве прыйшлі ў Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці: Надзея – культарганізатарам у Аўтаклуб, Валерыя – загадчыкам Барсукоўскага СДК. Дакшычанка Яна Сіўцэвіч вучылася акцёрскаму мастацтву ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў і цяпер працуе рэжысёрам Докшыцкага ГЦК.
Пуцёўку на першае працоўнае месца ў Докшыцах атрымала выпускніца Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Марыя Фёдарава. Малады спецыяліст прыехала ў наш раён з Мінскай вобласці і з верасня будзе вучыць юных дакшыччан ігры на цымбалах.
З Магілёўшчыны трапіла ў Докшыцы Карына Сафранкова, якая, скончыўшы Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, атрымала размеркаванне ў Докшыцкую цэнтральную раённую бібліятэку.
– Заўсёды марыла выступаць на сцэне, таму паступіла ў Докшыцкую ДШМ, – гаворыць Надзея Чучман. – Сем гадоў вучылася іграць на фартэпіяна ў Людмілы Дзмітрыеўны Карповіч. Пасля заканчэння музычнай школы, не раздумваючы, пайшла ў музычны каледж. Вельмі рада вярнуцца на малую радзіму. Жыву з бацькамі ў Лапутах. На работу бягу з радасцю. Калектыў добразычлівы, усе клапоцяцца, дапамагаюць. Першае выступленне з аўтаклубам адбылося на свяце вёскі Асавы. А на фестывалі “Дзве ракі” нават у конкурсе паспела паўдзельнічаць і прыз узяць!
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.